Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
Семы том Поўнага збора твораў В. Быкава змяшчае апавяданні, пачынаючы ад самы першых і заканчваючы тэкстамі 70-х гадоў.
1 ... 90 91 92 93 94 95 96 97 98 ... 162
Перейти на страницу:

Але, відаць, так уладкаваны свет, што ўсё, што мае пачатак, мае і канец. Аднойчы позна ўвечары, калі паснулі дзеці, Дзіна Васільеўна паклікала Люсю з кухні. Люся дамывала посуд і так, у фартушку і з мокрымі рукамі, увайшла ў пакой. Настаўніца сядзела за круглым сталом над раскладзенымі паперамі, але не пісала, а, зябка хутаючыся ў пуховы шалік, задуменна пазірала перад сабой.

Люся спынілася ў парозе, думаючы, што гаспадыня што-небудзь скажа ёй наконт звычайных заўтрашніх спраў і яна пойдзе дамываць посуд. Аднак дзяўчына нечакана ўлавіла нейкую заклапочаную разгубленасць у змораных, нясвежых пад вечар вачах гаспадыні, і яе сэрца боязна варухнулася ў грудзях.

— Ідзі сюды, Люся, — неяк асабліва мякка паклікала Дзіна Васільеўна. — Я табе хачу сказаць…

Яна нерашуча зірнула на няньку, агледзела свае худыя тонкія пальцы і змоўкла. Люся, аднак, стаяла ўсё ля дзвярэй — яна занадта добра ведала гаспадыню, каб не здагадацца, што яе, Люсю, напаткала нейкае другое пасля смерці маці няшчасце.

— Знаеш, справа такая, — ужо болей рашуча працягвала гаспадыня. — Я надумала аддаць дзяцей у садзік… На лета гэта будзе якраз няблага… Тым больш — немалыя, падраслі ўжо… Я, канешне, шкадую вельмі, ну, але ты сама разумееш…

Люся зразумела ўсё, і нешта недарэчна крыўднае заварушылася ў яе пачуццях, стол і чырвоны абажур пакрывіліся ў вачах, яна патупілася ў падлогу і маўчала.

— Ты прабач мне, Люся, — адчуўшы яе збянтэжанасць, сказала гаспадыня, якая ўжо крыху ачуняла ад сваёй ніякаватасці. — Ты прабач, я вельмі ўдзячна тебе за Валерыка і Наташку, ну але ўжо вось падраслі… Я цябе, вядома, не пакіну так… Месца табе ўжо падшукала, заўтра сходзіш, паглядзіш, там табе добра будзе…

…Увесь той вечар у Люсі было вельмі цяжка на душы. Гаспадыня ўжо суцішылася ў спальні, ціха спалі дзеці, а яна ўсё не гасіла святла на кухні і не сцяліла сабе пасцелі. Ей было да млоснасці шкада пакідаць гэтую адзінокую працавітую жанчыну, шкада расставацца з Валерыкам, асабліва з Наташкай, якая пасталела на яе руках і прывыкла да нянькі болей, чымся да маці. Але ў той жа час на сподзе душы варушылася незразумелая і непадуладная ёй крыўда, што вось стала непатрэбнай, лішняй, што яна — чужая.

Назаўтра была нядзеля. Гаспадыня спала даўжэй, чым у рабочыя дні, а Люся ўстала раненька. З неадольным трывожным сумам падняла яна з ложка Наташку, апранула яе і, пакуль на керагазе грэўся чайнік, роспачна туліла малую да сябе, цалавала яе сонныя вачаняты, і сэрца дзяўчыны балюча млела ў грудзях. А Наташка, зранку рвучыся да забаў і цацак, матляла ў яе на руках сваімі босымі, цёплымі са сну ножкамі і, зусім не разумеючы гаротнага болю нянькі, балбатала сваё, дзіцячае, смяялася.

За шырокім акном кухні, якое выходзіла ў сад, паволі зачынаўся пагодны вясновы дзень — самы сумны дзень за апошнія гады Люсінага жыцця. Напеставаўшы Наташку, яна пасадзіла дзяўчынку да цацак, а сама ўзялася гатаваць сняданак. З думак усё не выходзіла самотнае прадчуванне ростані. Праз нятоўстую сцяну чуваць было, як тупацелі па лесвіцы крокі прахожых, і ў Люсі ўвесь час замірала сэрца, як толькі з калідора даносіўся які стук.

Той шматзначны стук, якога яна зранку чакала і баялася, прымусіў яе палахліва ўздрыгнуць. Знячэўку яна выпусціла з рук шчотку, якой падмятала ў калідоры падлогу, нерашуча замерла перад дзвярыма. Яна ўжо ведала, што гэта за ёю, і гатова была ўцячы ад гэтага цвёрдага, упэўненага грукату — яна западозрыла ў ім нешта варожае і нязладнае. Але ўцякаць не было куды, а з пакоя ў адчыненых дзвярах паказалася ў сваім квяцістым халаціку Дзіна Васільеўна — і Люся павярнула ключ.

Дыхнуўшы ў кватэру нябачным воблакам нейкіх вельмі салодкіх духоў, парог пераступіла поўная, немаладая ўжо кабета, з маладжавым дагледжаным тварам. Падцяўшы пульхныя нафарбаваныя вусны, яна кінула на Люсю кароткі, усё разумеючы погляд, з прывычнай ветлівасцю заўсміхалася, калі ўбачыла Дзіну Васільеўну.

— Вось, Люся, пазнаёмся, гэта Маргарыта Яўгеньеўна. Яна хоча ўзяць цябе.

— Так, так, — мякка пацвердзіла Маргарыта Яўгеньеўна, уважліва разглядаючы Люсю падфарбаванымі вачыма. — У нас сям’я невялікая, малых няма, работы будзе нямнога. Галоўнае — уборка, ну там які сняданак, какава ды пакупкі. У мяне хворае сэрца, я не магу бегаць па магазінах, муж заняты, а Ігарок не вялікі памочнік маці; ведама, юнак, у яго свае інтарэсы.

1 ... 90 91 92 93 94 95 96 97 98 ... 162
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)