Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 978-5-9691-0428-х
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7». Краткое содержание книги:
Семы том Поўнага збора твораў В. Быкава змяшчае апавяданні, пачынаючы ад самы першых і заканчваючы тэкстамі 70-х гадоў.
Аднак сёння ўглядацца адзін ў аднаго ім давялося нядоўга. Праз якую хвіліну ў калідоры прагучаў сярдзіты нямецкі вокліч, за ім — лаянка. Людскі натоўп здрыгануўся і таропка пачаў выстройвацца ў цесны няроўны рад. Лейтэнанта адпіхнулі да акна, пацяснілі, балюча прыціснулі руку, і ён апынуўся ў першай шарэнзе. У вузкім праходзе між людзьмі і сцяной з зацятай таемнасцю на ўкормленых тварах ішлі двое афіцэраў з салдатамі аховы. Яны выбіралі дужэйшых.
…Праз чвэрць гадзіны чацвярых з гэтай нялічанай грамады пакутнікаў вывелі са школы.
Па знаёмай, пратаптанай другімі сцяжыне яны — лейтэнант, баец у сподняй кашулі з пустым, выбітым вокам, пажылы вусаты капітан-сапёр і жылісты чарнагаловы ўзбек — увайшлі за бар’ер і спыніліся. Лейтэнант прагна ўдыхнуў вячэрняй свежасці, агледзеўся — трэба было неяк рыхтавацца да стычкі, і нічога цяпер так не жадаў ён, як мець здаровыя рукі. Побач, прыхінуўшыся адзін да аднаго цёплымі целамі, стаялі тыя, з кім яму суджана было хутка загінуць, і гэтая непазбежнасць канца без слоў і поглядаў таемнаю сілай з’ядноўвала іх.
А на дварэ — над немцамі, людскімі пакутамі і блізкаю смерцю — ціха лунаў надвячорак цудоўнай восеньскай пары — бабінага лета… Недзе за шыферным дахам школы садзілася яшчэ і ўвечары цёплае прыветнае сонца, двор атуліла доўгая палоса ценю, а ўгары цагляныя каміны, верхавіны клёнаў і ліп з жоўтым парадзелым лісцем ззялі журботай пагоднага захаду. Нейкі час было ціха. Немцы, стоячы купкамі, прымоўклі і з цікаўнай цярплівасцю прыглядаліся да ахвяр, мераючы іх вачыма і вызначаючы іх фізічныя здольнасці. Яны скіравалі на гэтых чацвярых усю ўвагу, а тыя з перадсмяротнай прагнасцю пазіралі, як над галовамі ворагаў ззяў, свяціўся бляскамі восені стары разложысты клён. Ужо набліжаўся канец яго прыгажосці, і з галля адвечным сваім парадкам з ціхім, развітальным шэптам-жальбаю сыпаліся долу кляновыя лісткі. Усё менела і менела іх на галінах, а яны ўсё падалі і падалі, бы залатыя вялізныя кроплі, важкія і нетаропкія ў цішы вечара, на прыветны дол ля камля, на сцяжыну, у мураву. Тыя, што з верхавіны доўга прабіраліся праз галлё і, бы матылі, адляталі далёка — пад сцены будынка, на парты, к гнуткім блішчастым ножкам прынесенага аднекуль стала.
3а сталом, адхінуўшыся на спінку крэсла, бы цвік, роўна тырчаў даўгашыі сухі оберштурмфюрар — не стары, кастлявы чалавек з падцятымі тонкімі вуснамі і схаванымі пад бровы вачыма. Бліскаючы сіняй іскрынкай пярсцёнка, выстукваў ён на стале нейкі матыў, старанна выпінаючы свае напрасаваныя грудзі з круглым нацысцкім значком і тоўстым «жалезным» крыжам. 3а яго спіной стаялі астатнія афіцэры і збоку ад усіх — той малады. Ён па — ранейшаму насцярожана і пільна глядзеў на ахвяры і найбольш — на лейтэнанта.
Яны былі зусім непадобны адзін на аднаго з першага погляду, — гэтыя два варожыя афіцэры — той вымыты, свежы, у наглянцаваных хромавых ботах, зухаватай высокай фуражцы з галуном і кантамі, і гэты — знявечаны, босы, расхрыстаны і змучаны. Але адчувалася нешта схожае і ў росце і нават у іх абліччы — тыя ж бялявыя схуднелыя твары, разважныя ўдумныя позіркі, мяккая пакатасць чыстых юнацкіх ілбоў. Малады немец не адводзіў позірку ад лейтэнанта-смяротніка, і невядома, што змушала яго так упарта ўглядацца. Можа, то была выхаваная з маленства пагарда к слабейшаму, можа, жаданне неабстрэленага тылавіка пазнаць дух праціўніка, можа, схаванае таемнае спачуванне?..
Лейтэнант між тым не вельмі думаў аб прычынах тае цікаўнасці: ён бачыў перад сабой ворага, чакаў пагібелі і думаў, што трэба будзе памерці па-людску. Але ў яго не было ніякае зброі, не шмат засталося сілы. I ён уклаў у свой погляд усю сваю нескароную волю і глядзеў так хвіліну-другую, не жадаючы ўступіць гэтаму немцу.
Ворагі тым часам чакалі сабак, чацвёра палонных, самкнуўшыся плячмі, чакалі пагібелі, сотні людзей за пабітымі вокнамі душылі ў сэрцах бяссільную роспач і ледзь стрымлівалі сябе.
I вось з-за рога будынка, туга напяўшы раменныя павадкі і прыцяўшы к ілбам вострыя вушы, выскачылі два шэрыя ваўкадавы — вялізныя, шыракагрудыя, з клоччам зляжалай поўсці на брухах. Яны ўжо ведалі свае абавязкі, гэтыя дрэсіраваныя людаеды, перад тым іх добра памарылі голадам, і яны рваліся цяпер, дыхавічна саплі, пырскаючы з ляп слінаю, драпежна аскальваючы жоўтыя іклы. 3а імі бег іх павадыр, нейкі эсэсаўскі ўнтэр — чалавек з агідным насатым тварам, пакрэсленым сінімі рубцамі старых шрамаў, у рудой скураной куртцы і абшытых скураю брыджах. Упіраючыся ў дол абцасамі, ён ледзьве стрымліваў на павадах раз’юшаных сабак.