Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
Семы том Поўнага збора твораў В. Быкава змяшчае апавяданні, пачынаючы ад самы першых і заканчваючы тэкстамі 70-х гадоў.
1 ... 98 99 100 101 102 103 104 105 106 ... 162
Перейти на страницу:

Сяржант падавіў уздых і, з асцярогай пазіраючы на вуліцу, пачаў прабірацца па-за сценамі ў бакавы пралом. Чарняк пастаяў яшчэ ў нейкай задуменнай нерашучасці, выцер рукавом ложу карабіна, вылаяўся і ўрэшце, няспрытна валюхаючыся, рушыў следам. Воддаль, яшчэ болей прыгнуўшыся, шмыгнуў Туркоўскі, і апошні спакойна перайшоў адкрытае месца Сінцоў.

Ля пралому яны спыніліся, сяржант выглянуў, хвіліну счакаў і, нібы ў сцюдзёную ваду, імкліва рынуўся цераз вуліцу да сцяны процілеглага дома. Сінцоў і Чарняк скіравалі следам, а Туркоўскі нешта прамарудзіў, і калі высунуўся бегчы, ад ратушы загрукалі стрэлы. Высякаючы на каменнях бруку сінія іскры, наўкола разляцеліся кулі, а Туркоўскі вёртка сігануў назад і знік у праломе.

Пад сцяной з агромністай, скіраванай уніз стрэлкай рэкламы байцы аддыхаліся, тут яны былі ў нейкай бяспецы, закрытыя ад ратушы вуглом шэрага, падзёўбанага асколкамі дома. Сяржант узіраўся ў руіны, дзе застаўся іхні чацвёрты таварыш, і, не ўбачыўшы яго, крыкнуў:

— Гэй, давай бягом!

Туркоўскі нясмела высунуўся з-за пашчэрбленага ўскрайка сцяны, але кулямёт з ратушы зноў сыпануў па тынкоўцы бязладнаю чаргой, і баец борзда схаваўся.

— Ладна, — сказаў Сінцоў. — Пайшлі. Траіх управімся.

Яны пачакалі яшчэ, а пасля адзін за другім паўз шархоткую сцяну дома пачалі прабірацца да ратушы. Чарняк чамусьці хутка адстаў, і за сяржантам бег адзін Сінцоў. Ад рага яны пераадолелі ўскраек сквера і схаваліся пад густымі кронамі акацый. Кулямётчык з вежы ці не заўважыў іх, ці, можа, зусім не мог бачыць.

Нарэшце ў ранішняй сцішанасці перад імі вырасла змрочная высачэзная ратуша.

Сінцоў з сяржантам, сігаючы праз два прыступкі, хуценька ўзбеглі па шырокай лесвіцы да насцеж расчыненых вялізных дзвярэй. Неўзабаве, старанна хаваючыся пад сцяной, іх дагнаў насуплены, задыханы Чарняк, і яны стаіліся, услухоўваючыся ў падазроную таямнічасць будыніны. Але скрозь было ціха, кулямётчык маўчаў. Праз першыя расчыненыя дзверы віднеліся другія, такія ж вялізныя. Яны былі зачынены, а побач у змрочным куце пад стрэльчатай аркай пачыналіся нейкія прыступкі ўгору. Стараючыся не парушаць цішыні, усе трое засцярожліва падаліся да таго ўвахода.

Тут аказалася вузенькая вінтавая лесвіца, стромкая і скручаная ў штопар, — яна ўпарта ўвінчвалася ў цесную вежу ратушы. Праз тры крокі наперадзе яе спіраль зусім ужо заварочвала ўбок, і далей нічога не было відаць, хоць вузенькія маленькія акенцы з аднаго боку добра асвятлялі яе пашчэрбленыя прыступкі.

Байцы асцярожна крочылі пры сцяне, дзе круцізна была меншая. Першы ішоў сяржант, за ім — Сінцоў, і ззаду сапучы і зрэдку пакырхваючы, няўклюдна карабкаўся Чарняк. Яны ўжо парадкам узняліся ўверх, і ў чарговым акенцы паказаліся дахі горада, верхавіны акацый, далей — прасцяг вузкай даліны з дарогай і над усім — Альпы, падсветленыя сонцам, якое неўзабаве павінна было вырвацца ў неба. Па яркай набрыняласці снегавых вяршынь яно мелася сёння быць асаблівым — яркім і захмялела вясёлым, гэтае веснавое сонца першага дня міру.

Людзі абышлі па спіралі яшчэ некалькі кругоў, і Сінцоў, неяк неўпрыцям змануты цішынёй, аж забыўся, куды і навошта вяла іх апошняя вайсковая патрэба. Ён усё больш зачаравана ўглядаўся ў кожнае акенца на ўсход і чакаў, што вось — вось з-за пазубленай сцяны гор пырсне тое самае незвычайнае і дзівоснае сонца. Але яно, відаць, рухалася марудна, быццам баючыся растраціць поўную меру сённяшняй радасці, няспешна і плаўна ўзнімалася за гарамі; і гэтак жа няспешна, спыняючыся і ўслухоўваючыся, падымаліся ўгору байцы.

Раптам блізкая чарга ўгары гулкім грымоццем аддалася ў будынку, у вузкай, як калодзеж, лесвіцы, імкліва рассыпалася над горадам, і байцы ад нечаканасці сталі. Сяржант узняў да грудзей аўтамат, побач укленчыў на прыступках Сінцоў, за ім з раскрытым ротам і наморшчаным старэчым ілбом утаропіўся ўгору Чарняк. I калі яшчэ кулямётнае рэха зусім не заціхла ў гулкім нутры ратушы, зверху загрукацелі таропкія чалавечыя крокі.

Сяржант зірнуў на Сінцова і скамянеў ад увагі, хруснуўшы засцерагальнікам аўтамата. Але крокі прагрукацелі і сціхлі — пэўна, чалавек спыніўся, можа, пачуў што ці проста перамяніў пазіцыю.

Тады сяржант, счакаўшы якіх паўхвіліны, марудна і няёмка, быццам на балючай шыі, павярнуў голаў, зірнуў па чарзе на абодвух падначаленых і коратка кіўнуў Чарняку. Той прывычна падпарадкаваўся, але, ступіўшы крокаў два, чагосьці спыніўся, паглядзеў на сяржанта, і ў гэтым яго позірку востра адбілася нейкая незвычайная жаласлівая знямога.

Угары зноў нехта заварушыўся, ці то аддаляючыся, ці мо спускаючыся, і зноў доўгая кулямётная чарга громам раскацілася ў будынку. Байцы напружыліся, сяржант, на нешта рашаючыся, прыжмурыў вочы. Чарняк абедзвюма рукамі ўзяўся за карабін. I Сінцоў раптам прыпомніў, што Чарняк у гэтую вайпу шэсць разоў паранены, што ў яго дома старая маці і чацвёра дзяцей, а сяржант Вераб’ёў пайшоў на вайну з апошняга курса ўніверсітэта, меў два ордэны Славы і быў разумны, адукаваны чалавек. I баец, нервова перасмыкнуўшы вуснамі і адразу забыўшыся і пра сённяшнюю раніцу, і пра канец вайны, і пра свае клопаты-мары, шырока сігануў угору і апынуўся наперадзе.

1 ... 98 99 100 101 102 103 104 105 106 ... 162
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)