Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 978-5-9691-0428-х
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7». Краткое содержание книги:
Семы том Поўнага збора твораў В. Быкава змяшчае апавяданні, пачынаючы ад самы першых і заканчваючы тэкстамі 70-х гадоў.
— Упарылася — такая духата! Як толькі пачынаецца лета, дык з ім і мае пакуты. Хвораму сэрцу асабліва супроцьпаказана гарачыня, — скардзілася яна, абмахваючыся хустачкай. — Хоць бы ўжо хутчэй тую пуцёўку… Толькі ля мора і паратунак. Ігаро-о-ок! — раптам з маладымі звонкімі ноткамі пяшчотна паклікала яна.
Недзе ў глыбіні кватэры бразнулі дзверы, нешта рыпнула, і на парозе паказаўся той, каго назвала гаспадыня Ігарком. Гэта быў высокі юнак, крыху старэйшы за Люсю, з худым бледным тварам і грывай пакручастых валасоў на невялікай галаве. Ён спыніўся на парозе, засунуў голыя па локаць рукі ў кішэні вузкіх і караткавых блакітных штаноў і, пагойдваючыся ўзад-уперад, ляніва пацікавіўся;
— Гэта яна?
— Вось, Ігарок, гэта Люся, пазнаёмцеся, — лагодна сказала Маргарыта Яўгеньеўна і па чарзе паглядзела на абодвух, быццам параўноўваючы. Ігарок, аднак, не крануўся з месца, і не дастаў з кішэняў рук, толькі неяк бессаромна, з нахабным выразам у прыгожых, як у маці, вачах, агледзеў Люсю. Ад яго погляду дзяўчыне стала ніякавата, і нешта падобнае на злосць і прыкрасць прымусілі яе панурыцца і прыкусіць губу.
— Ну што ж, хай будзе так!.. — зноў гэтак ляніва і сама-задаволена зазначыў Ігар. Выцягнуўшы з кішэні руку і гулліва падкінуўшы на далоні нейкую манету, ён лянівай паходкай знік у калідоры.
— Ігар — студэнт інстытута. Цяпер толькі прыехаў з Харкава на канікулы, — растлумачыла Маргарыта Яўгеньеўна, чагосьці заклапочана ўздыхнула і ўзнялася з крэсла. — Ну, што ты стаіш там, праходзь. Спаць будзеш тут, на раскладушцы. Свае рэчы можаш пакласці ў тумбачку.
Дарэчы, скінь свой мяшчанскі сарафан, — гаспадыня тыцнула пальцам у Люсін квяцісты пашыты ёю (самой) штапельны сарафанчык. — Для хатняй работы я табе дам нешта прыгажэйшае. Ідзі сюды.
Яна падалася ў бакавыя дзверы, Люся нясмела пайшла за ёй. Дзяўчыне было чагосьці трывожна ў гэтай кватэры. Яе пачынаў прыгнятаць самаўпэўнены тон гаспадыні і прысутнасць паблізу яе сына з нахабна-пагардлівым позіркам. Здавалася, што яна тут нейкая дужа маленькая, слабая і неразумная.
— Вось трымай, — сказала тым часам Маргарыта Яўгеньеўна і кінула ёй на рукі агніста-чырвоны кітайскі халацік. Хоць ён быў стары і сям — там дзіравы, але ад яго нельга было адвесці вачэй. Па яго чырвоным фоне распластвалі крылы імклівыя ластаўкі і, бы жывыя, цвілі нейкія дзівосныя кветкі. Люся баязліва разгарнула дарагую адзежыну, а гаспадыня, бачачы яе збянтэжанасць, падахвоціла;
— Адзявай, адзявай, ён якраз табе будзе. Крышку зашыеш толькі ў баках… А вось яшчэ бяры. Гэта калі ў горад прыйдзецца збегаць, у магазін ці на рынак, — і яна падала Люсі таксама паношанае светла-блакітнае плацце. — У нас не будзеш сірацінай, калі станеш старацца…
Ад гэтых слоў гаспадыні нешта хваравітае варухнулася ў душы Люсі, але ўся яе ўвага была скіравана на падарункі. Ей карцела разгарнуць, разгледзець, прымерыць уборы, якіх яна з роду не насіла, але гаспадыня вяла яе далей.
—Ідзі сюды. Паркет у гасцінай будзеш націраць па суботах. Калідор і кабінет Аляксандра Аляксандравіча, дзе цяпер Ігарок, трэба праветрываць зранку і ўвечары. Аляк — сандра Аляксандравіча зараз дома няма. Ён паехаў пісаць эцюды да карціны… З шафаў пыл будзеш выціраць анучкай. Статуэтак, крый божа, не чапай, выціраць іх буду я. Канапы і крэслы чысціць пыласосам. Дарэчы, ты ўмееш карыстацца ім? А халадзільнікам? А пральнай машынай?
Люся не ўмела карыстацца гэтымі прыладамі навейшай цывілізацыі. У Дзіны Васільеўны нічога падобнага не было. Ды хіба можа нейкі там пыласос або пральная машына так добра зрабіць сваю справу, як гэта можна выканаць сваімі рукамі? Люся так і сказала гаспадыні, калі тая адчыняла дзверы яшчэ ў адзін пакой.
— Гэта погляды тваёй Дзіны… Спадзяючыся на твае рукі, яна не купляла нічога, што палягчае працу, — строга заявіла гаспадыня і пераступіла парог.
Люся нахмурылася.
— Дзіна Васільеўна добрая… — ціха, але ўпарта зазначыла яна.
— Добрая? Гм… Можа і добрая, але скнара. Сабе паліто з чарнабуркай справіла, а домработніца мые бялізну ў карыце… Вось яе дабрата.
Люся хацела сказаць гэтай дзябёлай жанчыне, што Дзіне Васільеўне даводзіцца адной выхоўваць дваіх малых дзяцей, што ёй цяжка, бо часта не хапае грошай, што яна эканоміць і выгадвае на ўсялякіх гаспадарчых драбязях. Ужо хто-хто, а Люся добра ведае, якая гэта клапатлівая і чалавечная жанчына. Але Маргарыта Яўгеньеўна вяла далей, кружыла па кватэры, цеснай ад мноства мэблі, і сыпала ўказанні наконт уборкі, догляду, чысткі ўсіх гэтых дываноў, шафаў, дзвярных ручак, люстраў, гардзін і парт’ер, паркету. Люся дзівілася, што гэтулькі клопату патрабуюць нямаведама каму патрэбныя рэчы. Гэта ж каб выгадаваць Валерыка і Наташку і то трэба менш старання.