Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 978-5-9691-0428-х
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7». Краткое содержание книги:
Семы том Поўнага збора твораў В. Быкава змяшчае апавяданні, пачынаючы ад самы першых і заканчваючы тэкстамі 70-х гадоў.
Яна пазірала на Люсю, чакаючы згоды, а можа і адкрытай радасці ад яе паведамлення пра добрыя ўмовы. Але дзяўчына круціла гузік на сваім сарафане і маўчала.
— Ну дык як, дзетка? — пасля паўзы запытала Маргарыта Яўгеньеўна. — Ты згодна?
Люся ўсё маўчала, хоць ведала, што трэба нешта сказаць. Але новая гаспадыня нечым адштурхоўвала. Можа таму, што сваёй напышлівасцю і яўна задаволеным выглядам зусім не падобна была на сціплую, ціхую і такую прывычную Дзіну Васільеўну…
— Ну, яна згодна, толькі не кажа. Яна, ведаеце, гордая дзяўчына, — лагодна зазначыла Дзіна Васільеўна, і ад гэтага яе тону Люсі стала безнадзейна горка і сумна.
— Тады збірайся, дзетка, а то мяне чакае таксі. Я думаю, што ты не пашкадуеш…
Яна ўзнялася з крэсла, укормленая, у дарагіх панчохах, з бранзалетамі на ружовых запясцях. Люся, як толькі мела сілы, сціснулася, быццам каленам прытаптала ўсеабдымную роспач, і пайшла на кухню збіраць свой нямудры набытак. Яна павыцягвала ўсё з гаспадынінага чамаданчыка, якім карысталася, і, падумаўшы, завязала клункам у вялікую маміну шарсцяную хустку. Наташка ў новых сандаліках, прыбраная і святочная, тупала побач, усё шчабечучы неразумнае, а Валерка, нешта зразумеўшы, насупіўся і, стоячы ля дзвярэй, моўчкі назіраў за зборамі нянькі.
— А чаму ты пойдзес да гэтай цёткі? — запытаў ён.
— Так трэба, Валерка, — дрыгануўшым голасам адказала Люся.
— А ты не ідзі да яе. Я цябе не пушчу…
Люся прыкусіла губу і маўчала.
— Я пайду скажу мамцы, каб яна прагнала яе.
— І я пайду з табой, і я… — раптам зразумеўшы, што нянька кудысьці збіраецца, загаманіла і Наташка.
— Не, Наташачка, я цябе не вазьму, бо ўжо не буду болей з табою гуляць; ты пойдзеш у садзік, — сказала Люся.
Ей стала дужа шкада гэтай выпеставанай ёю дзяўчынкі, з якою толькі яна адна і ўмела ладзіць; падумалася, што ў садзіку дзяўчынку будуць крыўдзіць, і Люся не будзе ўжо мець да яе ніякага дачынення. Ад гэтай матчынай жаласлівасці ці яшчэ ад чаго яе вочы наліліся слязьмі, следам голасна заплакала і Наташка. На плач дачкі прыбегла Дзіна Васільеўна, яна схапіла Наташу на рукі, але тая ўсё плакала і рвалася да нянькі.
Развітанне было пакутлівым і горкім.
Быццам у нейкім цягучым тумане, Люся пацалавала дзяцей, упершыню ў жыцці падала руку ўзрушанай Дзіне Васільеўне і сказала; «Не крыўдуйце, калі што…». І выйшаўшы за новай гаспадыняй, села ў «Пабеду»… Сабраўшы ўсе свае сілы, Люся намагалася стрымаць слёзы і таму не магла ні гаварыць, ні глядзець на Дзіну Васільеўну і дзяцей. Яна прыладзілася на заднім сядзенні і маўчала.
З таго ўскраіннага квартала, дзе жыла Дзіна Васільеўна, машына выкаціла на цэнтральную гарадскую магістраль і шпарка шыбавала ў напрамку да цэнтра. Люся ніколі не ездзіла ў легкавой машыне і цяпер трошкі павесялела ад той асалоды, якую дае хуткая язда. Бы ў зыбцы, яна мерна пагойдвалася, на паваротах яе млосна хінула ўбок і прыемна круцілася ў галаве. Наперадзе, ля шафёра, з прывычным выразам уласнай важнасці сядзела яе новая гаспадыня.
На люднай шырокай вуліцы яны звярнулі ў пад’езд вялікага дома. У ладным, упарадкаваным двары з клумбамі і кустамі бэзу пад сценамі машына спынілася, і Маргарыта Яўгеньеўна нязграбна вылезла ў вузкаватыя для яе дзверы. Люся таксама пачала мацаць нейкія ручкі збоку, але дзверцы не слухаліся, і дзяўчыну мусіў выпусціць шафёр. Пасля яна дагнала гаспадыню, якая, ужо астудзіўшы прыветную лас. кавасць у вачах, узнімалася па прыступках ганка.
— Вось наша кватэра, прыкмячай. Тут веранда, дзе мы п’ем чай. Дарэчы, трэба падвязаць галіны вінаграду — гэта ты ўвечары зробіш. Тут калідорчык, пярэдняя. Дываны і дарожкі будзеш выбіваць кожны ранак. Выбіваць будзеш вунь там, — паказала яна некуды ў кут двара. — Тут у нас ванная, тут гасціная.
Кватэра была вялікая і багатая. На блішчастай паркетнай падлозе ляжалі дарожкі і прыгожыя стракатыя дываны (прыбіраць будзе лёгка, міжвольна зазначыла Люся), у гасцінай стаяла дарагая канапа і два мяккія крэслы, са сцен хіліліся нейкія цёмныя карціны ў тоўстых пазалочаных рамах. У пакоі на кожным кроку стаялі нейкія столікі і шафкі, на якіх, бы ў музеі, блішчэлі фарфоравыя і медныя фігуркі людзей і звяроў… Дзяўчына аж здзівілася, колькі тут было іх, і падумала; «Вось бы сюды Наташку — столькі цацак!». Яна спынілася ў парозе, разглядаючы багатае ўбранства кватэры, а Маргарыта Яўгеньеўна кінула на канапу плашч, спіхнула нагой з нагі басаножкі і стомлена расселася ў крэсле.