Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
- Автор: Гениюш Лариса Антоновна
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Год: Лімарыус
- ISBN: 978-985-6968-06-1
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза». Краткое содержание книги:
Адчынілі браму. Нас сустрэла начальства. Здалёк прыглядаліся нам брацця па долі, бо кожны этап прыносіў новасці. Мы сумна пераглянуліся з ксяндзом. Нашыя рэчы ўжо выкідалі на дарогу ў балота. Мая ружовая й галубая пражская бялізна не закрыла на гэты раз майго скарбу, які я перавезла праз усе этапы цудам,— чэшскую Біблію. Яе схапіў начальнік лагеру яўрэй Шапіра й пачаў верашчаць, што сюды прывезлі працаваць, не маліцца. Ён злосна гартаў маю дарагую кнігу й ненавісна трымаў яе ў руках. Але раптам убачыў на зямлі крыж ксяндза Лазара, яго кніжку маліцвенную і яшчэ нейкія рэчы, належныя званню ксяндза, яго служэнню. Тут малады, аблезлы й выжыты ўжо са ўсяго чалавечага Шапіра амаль пырскаў сліною, бясіўся. Ксёндз спакойна сказаў яму, што, забраўшы маліцвенныя рэчы нашыя, не забярэ Вялікага Вечнага Бога з нашага сэрца і Ён будзе з намі. Я бачыла пасля закручаныя парашкі ў лісточкі мае чэшскай Бібліі і іншых маліцвенных кніг. Што ж, у бандытаў і злодзеяў ніколі нічога не было й не будзе, нават паперы на аспірын...
Мяне завялі ў баню з другімі жанчынамі. Усе мы былі да касцей схуднелыя, замест грудзей віселі ў жанчын убогія мяшочкі з жоўтай скуры. Праз усе этапы цягалі нас у тыя іх бані, дзе мікраскапічным выданым кусочкам мыла, якое не мылілася, велічынёю з гарбатную ложачку, мы ў прысутнасці нейкіх заўсёды мужчынаў шаравалі халоднай часта вадой свае косці й скуру, ні на што не звяртаючы ўвагі. Мы атупелі да іх наваколля ці проста не лічылі іх болей людзьмі. Нас развялі па бараках. А баракаў было там поўна, вузкіх і даўгіх, у чэраве якіх мясціліся на двайных нарах адзін на адным сотні людзей. Ноччу варочаліся на другі бок усе разам, бо цесна было, не павярнуцца. Ніякіх простыняў! Давалі сеннікі са стружкамі й малымі калодкамі й такія ж са стружак падушкі. Як мерцвякам. Есці нас вадзілі ў сталовую строем, дзе ў жалезных місках давалі нам страву вельмі мала лепшую, а то й горшую, як у цюрме. Ложак не было. Нехта падышоў да мяне й запрапанаваў прадаць ложку за пайку хлеба. Я аддала сваю пайку, а сама села на дварэ й піла, піла паветра.
З беларусоў я нікога не сустрэла, да мяне падышоў адразу пасля этапу чэх. Пасля падыходзілі й другія чэхі, якія выпытваліся пра Прагу. Мая печань, даведзеная да апошняга менскім лекарам Пінем, зноў пачала дакучаць. Мяне паклалі ў лагерную больніцу. На дварэ была завіруха, холад за вокнамі, а я пакуль што ляжала, даставала гарэшак масла, часам кусянятка белага хлеба, як належыць хворым. Нейкі малады латыш усё мыў там падлогі, ён лічыў сябе шчаслівым, бо ў шахтах куды горай. Даведаўшыся, хто я, ён адкрыта гаварыў аб тым, што яны нам некалі забяруць Віцебскую вобласць, а я яму даказвала, што амаль 100 тысяч беларусаў-латгальцаў і іх тэрыторыю ўжо найвышэйшы час вярнуць нашаму народу. Як жа хочацца кожнай казяўцы адарваць хоць кусок ад бохана нашай зямлі, як несправядліва такое. Здавалася мне, што адна толькі стаю супраць здзекаў над намі й таму мушу быць і разумнай, і хітрай. Трэба мне многа бачыць, моўчкі перажыць усё, што выпадзе на долю, і кожны свой дзень, кожны свой крок ахвяраваць Беларусі... Смешна, адна хворая жанчына і ўся дзікасць бесчалавечнасці супраць мяне. Лячыў мяне зняволены доктар-паляк. Прозвішча яго не памятаю, пачыналася з «А». Быў гэта, на маю думку, яўрэй малады й вельмі паважаны. Аднойчы ён затрымаўся ў нашай палаце, паклікаў мяне да вакна й паказаў на небасхіле цёмна-сінія контуры Урала... Моўчкі я на яго загледзелася, доктар казаў: «Трэба нам выжыць, ворага трэба перахітрыць, бо так толькі можам выратавацца й выратаваць ад няволі людскасць. Павязуць мяне згэтуль, і там будзе мужчынскі лагер, 1-шы ОЛП[188], з якім належыць мне наладзіць лучнасць, каб працаваць».
Мяне выпісалі. У бараку было дзіка й халадно. Памалу я пачынала звыкацца са сваёю доляй. Пазнаёмілася з літоўкамі і ўслухалася ў іх маліцвенныя спевы, то ў дэталі жудаснага следства над імі. Зноў цесна збліжылася з украінкамі, асабліва самымі беднымі простымі жанчынамі, якія цвёрда трымаліся абычаяў, праўды й свае веры, нікога не баяліся й нічога ад ворагаў добрага не чакалі.
Аднойчы ў барак прывялі высокую, тонкую яўрэйку з этапу. На плячох у яе быў непамерна вялікі да яе фігуры мяшок, з якім яна змагалася, каб зняць. Я падышла й памагла ёй. Гэта была Камунэла Маркман з Грузіі, таксама са срокам 25 гадоў ІТЛ. Мы разгаварыліся, але яна хутка перапрасіла мяне, што мусяе знайсці тут адну пісьменніцу, жонку доктара з Чэхаў. Знача, яна шукала мяне. Я да сяння не пэўная, ці ўжо тады не была яна, як і Люда Васількоўская, заангажаваная й прыстаўленая да мае асобы праз КГБ... Яна ўзялася мне расказваць, як толькі што ехала з маім мужам і абяцала яму мяне знайсці. Мужа павезлі на Варкуту, гэта за 300 км далей на поўнач... Стала нейк безнадзейна, нясцерпна цяжка. Не зрабілася лягчэй, калі выклікалі нас усіх на праверку на двор. Дагэтуль па два разы на дзень строілі, лічылі й правяралі нас па бараках. На дварэ была слякаць, холад, балота па косткі. Навокал вялікага чатырохкутніка гэтага асаблівага паселішча былі старанна і ўмела на роўных, высокіх стаўбах нацягнутыя драты. Два рады стаўбоў і на іх наежаная, роўная, густая пярэплаць калючага дроту. Між радамі стаўбоў гладка, як на асфальце, ні травінкі, ні камячка, каб лягчэй было попкам-канваірам, якія дзень і ноч «красаваліся» на вышках, заўважыць эвентуальны пабег... Пабегаў там, як правіла, не бывала. Тундра, балоты, жудасная адлегласць ад людзей, драты й палкі адданых Сталіну тупых канваіраў учэпіста спынялі наш кожны крок... Вось пачалі нас выводзіць на тую праверку. Ішлі мужчыны й жанчыны, юнакі й дзяўчаткі, амаль школьніцы, бабусі старэнькія й дзядкі на схіле гадоў. Цягнуліся калоны сініх, худых людзей. Ніколі я не думала, што тыя баракі змаглі ўціснуць у сябе такую колькасць няшчасных. Падаў снег з дажджом, і некалькітысячны шнур людскі, пастроены па пяцёрках, праз чатыры гадзіны, пакуль усіх далічыліся, таптаў і таптаў рэдкае месіва з балота й снегу, амаль так, як яшчэ нядаўна ў Асвенціме й Майданаку[189]. Навука Гітлера не пайшла ў лес... Што будзе, куды гэта дойдзе людскасць такімі шляхамі, пад такім кіраўніцтвам партыяў і адзінак? Я не магла забыцца аб адной беларускай жанчыне на этапе. Ёй было 93 гады, але яна была кулачка, якой дзеці-кулакі не ўзялі з сабою на высылку. І вось бабусеньку ў даўгім кажуху, але яшчэ даволі крэпенькую, каб залезці ў вагон, гналі цяпер недзе за дзецьмі. Баюся, што сканала яна на адной з перасылак, як і іншыя... Некалі ў Празе я, вечны народнік, часам абуралася залішняй цывілізацыяй, якая забівае ў людзях здаровыя інстынкты зямлі. «Юберкультывірт»[190],— казалі на гэта немцы. Вось цяпер я магла не тужыць па падобным. Перада мною быў найстрашнейшы, тэхнікай і сталінскімі ідэямі падмацаваны прымітывізм, які не сніўся нават ардзе Чынгісхана... Калі вецер данёс да мяне з-за рогу барака маліцвенны спеў двух дзядкоў, я расплакалася.
188
ОЛП — асобны (особый) лагер палітычных.
189
Майданек — канцэнтрацыйны лагер, створаны фашыстамі падчас Другой сусветнай вайны ў прадмесці Любліна (Польшча).
190
Überkultiviert (ням.) — звышкультурны.