Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
- Автор: Гениюш Лариса Антоновна
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Год: Лімарыус
- ISBN: 978-985-6968-06-1
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза». Краткое содержание книги:
Нарэшце нас прывезлі ў раскінуты нейкі дзеравяны горад і выкінулі на вуліцу, з якой павялі строем па пяць чалавек у такую ж дзеравяную вязніцу. Здала я й тут свае рэчы ў капцёрку, але пра мужа тут не чулі, знача, затрымалі яго недзе на перасылцы, але калі трапіў на гэты шлях, знача, дагоніць мяне альбо перагоніць...
Камера, у якую нас прывялі, была невялікай, а ў ёй бітком набіта людзей. На нарах, пад нарамі, усюды на падлозе — пальцам не ткнуць. На этап трэба добра апранацца, у найлепшае, а то блатныя ўсё выкрадаюць. На гэты раз і я адзела свой шэры ангельскі касцюм, пальто й каптурык. Стаяла я ў куце ды думала: дзе можа быць мой муж? Тут падышла да мяне маладая полька й паклікала да нараў, на якіх размясцілася большае таварыства. Выдзялялася жанчына крыху ўжо сівая, з прыгожым арліным профілем, у лагерных лахах і жудасных «чунях» на нагах, але, нягледзьячы на гэта, самая шляхотная з выгляду з усёй гэтай пакутнай чалядкі. Яна запыталася ў мяне, хто я, якой нацыянальнасці? Я адказала: «Ці ж не ўсё роўна?» Мяне ўпарта дапытваліся далей, тады кажу: «Маю народнасць вы, палякі, не прызнаеце, не любіце — я беларуска!» — «А як вас зваць, хто вы?» — «Ну, гэта вам нічога не скажа...» — «А можа?» — сказала пані Гражына Ліпінская, тая самая шляхотная жанчына, з твару якой свяцілася сіла й боль. Я назвала сваё імя, і пані Гражына аж ускрыкнула: «Дык вы ж нашая паэтка!» І пачалася ўжо гутарка аб усім. Пані Гражыну вязлі з Поўначы ў Караганду, нас на Поўнач. Яна мела дасканалую памяць і расказала мне, хто ўжо ў мінулым вяку ехаў сюдэмі, гнаны маскалямі пасля паўстанняў. Гэта ж быў Кіраў, старая страшная Вятка, праз якую пехатою гналі некалі няшчасных нашых продкаў такія ж, толькі цяпер яшчэ болей адзічэлыя, нялюдскія маскалі... Я даведалася ад пані Гражыны, што з намі тут знаходзіцца й генерал Вайцяхоўскі, якога таксама вязуць у Караганду...
Вечарам пані Гражыну й палову яшчэ перапоўненай камеры выклікалі на этап. Мы абняліся. Перад тым у пальто зашыла пані Гражына мне свой адрас. Яна была разумным, практычным вязнем. Яе адрас я перахавала да асвабаджэння. Ён выпаў у мяне ўдома з парванага ўжо пальта. Я засталася на нарах са знаёмай пані Гражыны, маладой жанчынай, здаецца, з Беластоку, якая расказала мне, чаго не паспела сказаць пані Гражына, аб тым, што 300 полек пасадзілі за А[рмію] К[раёву][187] і што ў час акупацыі пані Гражына была ў Менску галоўным прадстаўніком Лонданскага ўраду Польшчы... Знача, і ў вайну не толькі сваю тэрыторыю, але й нашую яны ўжо намерваліся забіраць пасля немцаў... О, Край мой, столькі ворагаў разрываюць Цябе на часці, забыўшыся аб тым, што й Ты маеш нарэшце права быць вольным! Пані Гражына, праўда, гаварыла мне верш аб тым, што Беларусь — гэта сястра Польшчы, але я з практыкі ўжо ведала «сваяцкія» адносіны Польшчы да нашага народу. Гэта было жудасна... Ну а цяпер і яны, і мы былі поўнасцю ў «кіпцюрох ГПУ», як пісаў некалі Аляхновіч. Супольны вораг — гэта ўжо прычына, каб не сварыцца...
Цераз тыдзень нешта нас павезлі далей. Усё пусцей і пусцей было на гарызонце, пагінулі гарадкі, вёскі, і толькі тырчэлі восьтрыя вярхі ялінаў, абсцёбаныя вятрамі, пургой. Тырчэлі, штораз часцей, у гэтай пустэчы вышкі. Вышкі й вышкі, і толькі вышкі падымаліся ўжо па абодвух баках дарогі, а лясы рабіліся ўсё ніжэйшыя, а вярхі ўжо зусім без галля. Усё меней, меней бярозаў, адны худыя сасонкі і яліны. Так нас прывезлі на Інту ў Комі АССР. Ксёндз ехаў разам. Мы маўчалі, бо тое няведамае, што чакала нас, спаралізавала нат словы...
Нарэшце брыдзем мы па снегу й лужах. Ужо май, недзе палова яго. Канвой з сабакамі гоне нас, як быдла. Валочым свае мяшкі. Стаімо перад брамаю, чытаюць нашыя прозвішчы, мы мусім адказваць сваю стаццю, срок і абавязкова канец сроку. Гэта ўжо такі азіяцкі здзек, каб кожны памятаў, як доўга будзе так валачыцца па тундры з кіркою й ломам, гнаны канваірамі і іх адпасвенымі аўчаркамі. Мне канец сроку прыпадаў на 73-ці год. Але ўсё ў руках Найвышэйшага, і даўно, даўно тыя, якія нагарадзілі мяне гэтым падаркам, самыя гніюць ужо ў непасвянцонай зямлі...
187
Armia Krajowa — польская падпольная ваенная арганізацыя, якая дзейнічала падчас Другой сусветнай вайны на акупаванай тэрыторыі і падпарадкоўвалася польскаму эміграцыйнаму ўраду ў Лондане (1939–1945).