Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
- Автор: Гениюш Лариса Антоновна
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Год: Лімарыус
- ISBN: 978-985-6968-06-1
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза». Краткое содержание книги:
Нас прывязлі ў Горкі ў т.зв. «дачу Салаўёва» — здаецца, так называўся галоўны кагэбіст там. Мы доўга чакалі, пакуль нас там прымуць, размесцяць, бо зняволеных назбіралася многа, асабліва блатных. Нейкая пара ўжо прымасцілася ля нас і распачала на вачох ва ўсіх самыя апошнія інтымнасці. Лёша папрасіў нас не абарочвацца ў той бок. Борыс дастаў са свайго ўбогага чамаданчыка дзве шпулечкі нітак і прасіў, каб я іх узяла, што спатрэбяцца. Дзяліліся мы ўсім, чым маглі. Нарэшце папрашчаліся, нас павялі асобна. Мы жадалі сабе толькі, каб яшчэ нам сустрэцца.
Ах, гэты Горкі, кляты Горкі... Там і шманалі нас не па-людску. Гэта быў амаль гінекалагічны агляд няшчасных ахвяраў праз брудных і грубых надзорак. У камерах былі розныя людзі. Адна сярэдніх гадоў залатавалосая немка з Кіева Эльза вельмі міла мяне сустрэла. У падзяку я ёй сказала, што знаю Міціных з Кіева. Міціны былі адзіныя людзі, якіх я ведала з Кіева, і яны аказаліся самымі блізкімі сябрамі «Гольдэне Эльзы», як яна сябе называла. З Міцінымі я пазнаёмілася ў Празе. Яны ўцякалі ад сваіх суродзічаў, якія паспелі ім уесціся ў косці. Сама Ксеня Міціна, здаецца, была сваячкай нямецкага кампазітара Шумана[186]. Яе дачка Галіна была вельмі добрая піяністка. Мне давялося быць сведкам на яе шлюбе ў Празе й разам з мужам і сынам — гасцямі на іх скромным ваенным вяселлі. Эльзе я мела што расказваць, і яна была шчаслівая пачуць пра сваіх сяброў. У камеры была яшчэ ўкраінская студэнтка Люся Васількоўская. Ціхая гэтая дзяўчына з Усходняй Украіны, як я даведалася, была стукачкай у лагеры. Не ведаю, ці яна была ёю ўжо тады ў Горкім, што ж, зусім магчыма. Нас выводзілі на прагулку па нейкім падобным да замкавага дзядзінцы. Люся трымалася заўсёды мяне. Яна мне не прыпала да сэрца. У паветры чулася вясна, і неба было вельмі светлае. Мне пасля болей года вязніцы асабліва хацелася быць вонку.
Нарэшце нас выклікалі зноў на этап, мяне й Люсю. Этап збіраўся вялікі. Я вачыма шукала сваіх этапных сяброў. Нікога не відно было. Як я пасля даведалася, абодвух Лёшаў і Борыса павезлі ў шахты на Варкуту. Нарэшце сярод натоўпу блатных я ўбачыла ксяндза Лазара. Ён быў на сябе не падобны: капялюш яго быў у дзірах, пальто абарванае, а на нагах ужо не чаравікі, а нейкія жудасныя хадакі з гумы. З плечаў звісала пустая торба. Ксёндз, убачыўшы мяне, бег, нягледзьячы на крык надзораў, яго вочы блішчэлі радасцю, што ён хоць некага з нас убачыў. Голас ксяндза дрыжэў стрыманым плачам. Ён выйшаў з пекла і ўбачыў зноў людзей. Бедны, не мог паўтарыць той жудасці, якую перажыў у камеры блатных, якія і абабралі яго, і раздзелі, і здзекаваліся над ім. «Я ксёндз, — казаў ён, — я ведаю грахі людзей, іх падзенне на дно, але аб такім, што я тут убачыў, я нікому не магу нат сказаць, настолькі ўсё жудасна. Я аб падобным не чытаў і не чуў. Цешыць толькі тое, што такая моладзь у найстрашнейшага ворага людскасці, якога яна й знішчыць». Жаль было глядзець на беднага ксяндза, якому так дасталася. Казаў, што хацеў клікаць надзірацеля да кармушкі, схапіць яго за чуб і малаціць галавою аб дзверы, каб яму да 10 гадоў сроку дабавілі яшчэ й 15 гадоў, як усім парадачным людзям. Бо ў падобным таварыстве савецкай моладзьі з дзесяцігадовымі срокамі ён не выжыве. Ён шчыра зайздросціў нам дваццаціпяцігадовага сроку...
Нас павезлі далей. Рэчы нашыя былі ў канваіраў недзе, і вось яны агледзелі мае чамаданы, якія запрапанавалі мне аддаць, бо забяруць усё роўна. Мне далі рэчы, каб пералажыць у мяшок, які пашыла мне дарагая прадбачлівая Матанька Марта. Вечарам, нешта расказваючы, выкрала блатная яшчэ сукеначку з таго мяшка, але мне ўжо было ўсё роўна. Начальнік канвою сказаў мне, што ўжо вёз сюдэмі майго мужа, што ён трымаў на каленях нейкую немку... Гэта вечны трук усіх кагэбістаў, якія жуюць і перажоўваюць гэтую тэму ў розных варыянтах, брудзяць усякае пачуццё брудным дотыкам сваіх крывавых рук. Пасля той начальнік стаў ля нашай клеткі й пачаў пяяць панылыя расейскія песні. Выў гэтак не пераставаючы да поўначы, відно, і самому было нялёгка. Адно бачыць тысячы зняволеных людзей, а тут цягнуць іх яшчэ на страшную поўнач... Некаторых зняволеных высаджвалі па дарозе, іншых набіралі. Цяпер ужо суцэльны цягнік быў з «вагонзакаў». Гэта «галіна прамысловасці» гандлю людзьмі была найлепей арганізаваная ў Савецкім Саюзе й пастаўленая на першае месца. Там недзе амерыканцы арганізоўвалі дапамогу людзям пасля вайны ці сваю магутную прамысловасць... Што ж, каго Бог хоча пакараць — розум адыме...
186
Шуман Роберт (1810–1856) — нямецкі кампазітар.