Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
- Автор: Гениюш Лариса Антоновна
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Год: Лімарыус
- ISBN: 978-985-6968-06-1
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза». Краткое содержание книги:
Паверхі й сходы вязніцы ў Брэсце... На адным з іх камера асуджаных жанчын, пераважна полькі, але ёсць і нашыя з групы Дэмаха й Раманчука. Гэта сувязныя, далі ім па 90, па 100 гадоў пакарання. Бярэцца найвышэйшая кара з усіх разам узятых іншых, дык ім па 25 гадоў, як і нам. Мяне клікалі есці, памагалі, хто чым мог. Я расказвала фільмы й розныя апавяданні, мяне любілі. Побач былі мужчыны, яны перастукваліся з намі й аднойчы паведамілі нас, што майго мужа паклалі ў больніцу. Я так і прыпала да сцяны, і мяне на гэтым злапаў канваір. Начальства назначыла мне 5 сутак карцара. Жудасная адзіночка ў сутарэнні цюрмы. Пуста, толькі стоўб каменны, укапаны ў зямлю, і холад. 20 дэкаў хлеба ў суткі й адзін раз на 5 сутак талерка жудаснай зупы. Побач крычаць ненармальныя людзі. Крычаць неймавернымі галасамі, іх б’юць. Магу зразумець, што яны выліваюць сабе парашу на голаву, грызуць сцены, робіцца страшна, не магу зразумець, пашто яшчэ мучаць яны ненармальных, ужо й так пакрыўджаных Богам? Знача, розуму ў іх ніяк няма — звяры! А час ужо бліжыцца да вясны. На шырокі бліскучы падаконнік асеў пыл. Недзе зазванілі ў царкве на вячэрню, і праз закратаванае вакно прабілася вельмі яснае неба. Сонца яшчэ не заходзіць. Сэрца маё перапоўніла прага малітвы, і я пальцам па чорным запыленым падаконніку пачала маляваць голаў ХРЫСТА ў цярновым вянку. Галава выйшла цудоўна, і кропелькі крыві быццам збеглі па святым ЯГО твары. Абраз выйшаў вельмі харошы, быццам нехта натхнёна вадзіў маёю рукою, і мне пацяклі слёзы. У гэты мамэнт з грукам адчыніліся дзверы й раз’юшаны савецкі афіцэр схапіў мяне за шыю й пачаў раўсці, паказваючы на Хрыста: «Кто это, кто это?» — «ХРЫСТОС»,— кажу. Тут ён выразіўся на Хрыста такім жудасным, непаўтарымым словам, якое толькі можа прыдумаць абсалютнае бяссілле ўбогага твору ў змаганні з ніколі недасяжнай яму веліччу духу. Паўтарыць гэтага не магу. «Еще пять суток карцера дать ей за эти рисунки!» — енчыў няшчасны, сціраючы рукавом з шырокага бліскучага падаконніка голаў ХРЫСТА. А за вакном званілі соладка званы, і бліжыўся дзень ХРЫСТОВАГА ЎВАСКРАСЕННЯ. Той страшны чэкіст не раз пасля заглядаў да нас у камеру, падыходзіў, калі адвозілі мяне на этап, і з лютай нянавісцю сычэў на мяне: «Касмапалітка...» Яны прывыклі да ламання людзей на першы загад, а я пастанавіла да смерці бараніць свой духовы хрыбет, бо з паломаным хрыбтом няма чалавека.
Мяне вярнулі ў камеру, і я паглядзела на чалавека, якога вялі разам і які, бедны, адседзеў за мяне, бо гэта ён нам стукаў. Гэта быў сярэдняга росту мажны чалавек лет, можа, дваццаці сямі. Мы з ім пасля сустрэліся на этапе. Называўся ён Лёша, прозвішча не памятаю, але чалавекам ён аказаўся харошым, таксама асуджаным на 25 лет. У камеры я доўга не пабыла, за тыдзень выклікалі мяне на этап. Звялі нас, тых, каго адпраўлялі, у вялікую залю. Майго мужа не было. Сэрца замерла мне, бо думала, што ён усё ляжыць хворы. Не было ў каго папытацца, бо ніхто мне не адказаў бы.
На этап ішло да сотні чалавек, між якіх толькі тры жанчыны. Мяне зацікавілі ксяндзы. Гэта былі ксёндз Лазар і ксёндз Юзэфскі. Ксёндз Юзэфскі быў худы, высокі, крыху неспакойны; наадварот, ксёндз Лазар з Брэста быў гаваркі, добрай думкі, быстры і, здавалася, вельмі харошы чалавек. Мы адчулі да сябе ўзаемны давер. Калі нам давалі хлеб і пару ложачкаў цукру на этап, дык чалавек, які мне гэты цукер мераў нейкім малюсенькім чарпачком, памалюсеньку даставаў з мяшочка той чарпачок і гаварыў мне: «Ваш муж адпраўлены ў напрамку на поўнач ужо тыдзень таму. Усяго вам добрага». Знача, муж быў здаровы больш-менш, калі яго адправілі. Стала сумна, муж быў худы, адныя косці — сапраўдная ахвяра бальшавіцкага здзеку. Я ведала, што і ён няўступны й чэсны чалавек, і баялася, як ён дасць рады выжыць, бо характар у яго быў капрызны, а даверлівасць дзіцяці да людзей. Вычытваючы мае паперы, кляты той афіцэр яшчэ не забыўся мяне вылаяць. Нарэшце нас павялі. Пакідалі мы тую польскую новабудоўлю, якую яны выстраілі спецыяльна, паводле ўсіх «мадэрных правілаў», каб мучыць там усіх незадаволеных іх нялюдскімі адносінамі да нас, паднявольных народаў. Што ж, сядзелі там і яны, і мы, бо на іх месца паявіліся іншыя, якім таксама не хацелася бачыць свабоднымі Беларусі й Украіны. Вялі нас праз горад з мяшкамі, вузламі, а мяне яшчэ з чамаданамі, якія, праўда, нёс цяпер Лёша. Некалі ў Празе я адварочвала голаў, калі бачыла праз вокны трамвая, як гоняць гестапакі яўрэяў з такімі мяшкамі. Тады я плакала, цяпер — не! «Самому, мусіць, лягчэй пераносіць мукі, чымсьці бачыць, як мучацца людзі... Насустрач нам ішлі людзі, нейкі «победитель Европы» ў даўгой, як спадніца на сяле, афіцэрскай шынелі нёс пад пахаю цэгла-падобную буханку хлеба і, унурыўшы голаў, не паглядаў на нас, а нейкі малады канваір паглядаў на нас з жалем, другія строга «спаўнялі свой абавязак» і, трымаючы адныя сабак, другія аўтаматы, гэтак, напэўна, гналі б свайго роднага бацьку... Мы пакідалі Беларусь, тую па-іхняму «свабодную краіну», з якой народ адвозілі куды хацелі на нечалавечыя мукі і якой усім маскальскім ботам моцна, па-варварску, па-сталінску наступілі на яе кволае нацыянальнае горла й амаль не задушылі насмерць.