Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
- Автор: Гениюш Лариса Антоновна
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Год: Лімарыус
- ISBN: 978-985-6968-06-1
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза». Краткое содержание книги:
Назаўтра нас павялі туды зноў. Сямён быў бледны, яму дрыжалі рукі. Проста прызнаўся, што ноччу меў тэмпературу 38. За ўвесь час цяжкіх лагерных мукаў не захварэў, а тут падбіла яго лапата ў маіх руках... Зноў пасля работы мы сядзелі на броўнах, ён расказваў, як уцякаў з вязніцы ў Менску, як зноў злапалі яго. Казаў аб бясплодным, цяжкім прабыванні ў бытавых лагерох з блатнымі, дзе не было магчымасці ніякай палітпрацы, і што цяпер ён зробіць усё магчымае супраць ворагаў людскасці... «Жаль вас, — казаў мне, — але калі вы ўжо сюды трапілі, дык памагайце, пішэце нам, бо задыхаемся з голаду роднага слова...» Аб гэтым мяне не трэба было ўпрошваць...
Назаўтра Сямён паведаміў мне, што яны гатовяць пабег. Я спалохалася й пытаюся: «Пашто гэта?» — «Для славы Беларусі», — адказвае. «А колькі працэнтаў за тое, што пабег падарыцца?» — «Пяць», — адказвае Сямён. «Не, — кажу, — не! Нам нельга аддаваць жыцця дзеля жэстаў, нам трэба жыць, і калі йсці на нешта, дык каб яно было пэўным». Ён абяцаў мне паслухацца, але пад варункам, што і я ўключуся ў працу. Прасіў пісаць яму асабіста любоўныя лісты. Паясніў мне, што тут караюць за ўсё, за любоў не караюць, што яны тут апаганілі гэтае слова, прынізілі. Калі горды француз робіць каралеву з прастытуткі, якую кахае, то расеец сянняшні з каралевы гатоў зрабіць прастытутку... Мы дагаварыліся, што калі будзе трэба, дык Беларусь у сваіх лістах-запісках будзем называць «нашая гаспадарка», а сяброў нашых, якіх на ОЛПе было 200 асоб, будзем называць «сыны»... Мусяць, ад таго й пачалі называць мяне нашыя «маці»...
Час бег. На ДОК нас болей не павялі, і я Сямёна болей не ўбачыла, але ляцелі да іх мае запісачкі, мае вершы, якія яны празвалі глюкозаю. Калі доўга няма новага верша, так і пішуць: маці, глюкозы! Людзі, якія гадамі не бачылі жанчын і не чулі роднага слова, ажылі нейк, акрэплі... А вершы ляцелі. Калі ж было якое свята ці й так, дык я старалася ім нешта паслаць заўсёды. Наказала гэта й дзяўчатам. То мы вышыем ім торбачкі на хлеб родным васільком, то на цукар, то хустачку. А ніцей не было. Іду й прашу ў загадчыцы Люцыі Антонаўны... Дастане, бывала, велькі скрутак розных ніцей, аж мне разбягуцца вочы, але неахвотна дасць адну, дзве нітачкі, а ведала ж, для чаго... Часам зробіць мне заўвагу, што хаджу па яе падлозе ў сваіх ботах цяжкіх і брудных, я аж заплачу й доўга не йду да яе, тады яна мне гэта вымаўляе. Я не любіла яе. Да яе й да Зарэцкай не даходзілі нашыя патрыятычныя пачынанні, яны былі больш-менш задаволеныя сваім лёсам, а аб іншых, ці аб Радзіме, яны не думалі. Адна няблага зарабляла ад кліентак і начальства, другая ўсё вышывала дачцы макаткіды хварэла.
Інта — гэта т.зв. гарадскі пасёлак у Комі АССР. Гэта цэнтр быўшых лагероў «Мінлага», яго ўпраўленне. Калі я туды прыбыла, дык гэта былі драўляныя будынкі й вельмі ўбогія будкі, якія быўшыя нявольнікі, не маючы права вяртацца дамоў, пастроілі сабе, каб жыць. Пасля толькі пачалі тут будаваць будынкі з цэглы паводле праекту зняволеных нямецкіх і балтыйскіх архітэктараў. Пабудавалі й нейкую вежу, ззяючую лямпачкамі. Кажуць, зрабіў на яе праект у памяць свайго зняволення нейкі швед. Пэўна, далі яму ў цяжкі час большую пайку ці дазволілі напісаць дамоў. Не дорага для іх каштавала праца, жыццё і ўсе веды зняволеных. Выкарыстаць іх яны ўмелі. Казаў мне адзін яўрэй, якога быццам люта ненавідзіць Сталін, што многія аб’екты мела пад сваёй «апекаю» МГБ. Знача, бралі яны такое прадпрыемства й планавалі, якія кадры ім патрэбныя. Паводле гэтага плану рабілі сваявольна арышты патрэбных ім людзей, ад вялікіх спецыялістаў пачынаючы. Як стымул выкарыстоўвалі толькі сыцейшую пайку й крыху лепшыя варункі існавання, і работа йшла. МГБ заграбала прэміі, а людзі, пазбаўленыя волі і ўсякага асабістага жыцця й шчасця, стараліся для іх як маглі, каб толькі выжыць. Кажуць, пасля смерці Сталіна гэта спынілася. Была ў Інце й агароджана дача, такі сабе асабняк Казлова, начальніка ўсіх лагероў на Інце, дзе жыў ён з сям’ёю, як удзельны кацык[196]. Шматлікае начальства зусім спакойна глядзела на калоны няшчасных жанчын, якія гадамі закіркоўвалі ў інцінскую мерзлату сваю маладосць, здароўе й само жыццё. Інцінскія дамы праходзілі міма нас з агідаю, а іхнія вывадкі хрысцілі нас рознымі «контра» ці «фашыстамі». А мы кіркавалі, білі кувалдамі ў нейкую сівую мерзлую гліну. Здавалася нам, што ад тых цяжэрных кувалдаў, калі дзвігаеш, варочаюцца кішкі ў жываце й абрываюцца ўсе селязёнкі. Як шэрыя страшныя камякі ў ватніх нагавіцах, старых валенках і бушлатах, мы, замарыўшыся, сядалі на снег, даставалі змерзлы кусок пайкі, калі хто яе здолеў не з’есці, выходзячы, і грызлі. Святам якім мы бралі ў кішэнь крыху цукру і, пасыпаўшы ім камяк снегу, проста аблізваліся з насалоды. Дзяліліся на групкі, бо і ў нашай няшчаснай кампаніі было болей стукачоў, як добрых людзей. Вярбоўка іх — гэта мэта жыцця й гвоздзь сістэмы ўсіх КГБ. Кажуць, і, здаецца, не без падставы, што на мяне працавала палова лагера. Я ім была соллю ў вачох, нечым, чаго яны яшчэ не сустракалі. Без страху сама — я дзейнічала гэтак жа на людзей і горай таго — на мужчынскія лагеры. Выжыць — гэта для мяне было смешна, важна было зняволеным вярнуць веру ў тое, што яны лепшыя людзі за гэтую набрыдз, якая душыла нас, загнаўшы ў снягі. Я была вельмі тактоўнай, чэснай і добрай, і таму я была для іх страшнай. Мне верылі й мяне слухалі. Амаль кожны ліст з волі быў прычынай да плачу. То прыбавілі срок, калі хто прасіў яго зменшыць, то адмаўляліся мужыкі ад жонак ці партыйныя бацькі ад дзяцей. Праўда, ніколі не адмаўляліся маці. Нават савецкія маці засталіся на вышыні й заслугоўваюць за гэта пашаны. Я ведала толькі адзін выпадак, калі маці начыста адраклася ад дачкі. Усе з горам прыходзілі да мяне, і ля маіх нараў утваралася проста чарга. Пасля мяне заперлі на верхнія нары й прыказалі не злазіць далоў.
196
Кацык — удзельны князёк.