Беларусь пад нямецкай акупацыяй
- Автор: Туронок Юрий
- Язык: белорусский
- Жанр: История
Электронная книга - «Беларусь пад нямецкай акупацыяй». Краткое содержание книги:
Готбэрг, хоць і пачаў разбудову беларускіх паліцыйных батальёнаў, па-ранейшаму ня меў да іх вялікага даверу і таму імкнуўся трымаць іх пад самым пільным наглядам. Дзеля гэтага 2.12.1943 г. ён зьвярнуўся да паліцыйных уладаў у Бэрліне з просьбаю прыслаць на Беларусь па 8 нямецкіх афіцэраў, 2 адміністрацыйных чыноўнікаў, 58 падафіцэраў, 4 перакладчыкаў і 2 шофэраў на кожны батальён. Усяго — па 74 чалавекі на кожны батальён. Менавіта тут крылася галоўная крыніца недаверу да часьцей былой самааховы, у якіх не было такога суворага кантролю нямецкага пэрсаналу. Кушаль у сваёй працы ня раз адзначаў, што нямецкія афіцэры імкнуліся выжыць з гэтых батальёнаў беларускіх афіцэраў і падафіцэраў і занізіць іх ролю, у выніку чаго і ўзьнікалі канфлікты. Несумненна, што галоўным тормазам фармаваньня беларускіх узброеных сілаў быў недавер нямецкага камандаваньня, а не праблема зь беларускімі кадрамі.
З аднаго боку, у немцаў былі падставы для недаверу: у кепска ўзброеных, слаба падрыхтаваных атрадах, якія ня мелі ў гэтай барацьбе палітычнай мэты, панавала дэзерцірства, аднак, з другога боку, улады нічога не рабілі дзеля таго, каб гэты недавер разьвеяць. Таму тут на-ранейшаму панавала ўзаемнае напружаньне. Нават вынікі лякальнай мабілізацыі ў Баранавічах і Слоніме, якія сьведчылі пра жаданьне беларусаў удзельнічаць у заведама безнадзейнай барацьбе на баку Нямеччыны, не маглі пераканаць немцаў. Справа ў тым, што гэтая мабілізацыя вялася пад зманлівымі лёзунгамі патрыятызму і арганізацыі беларускага войска — менавіта яны і прадвызначылі посьпех усёй справы. І сапраўды, цяжка падабраць нейкае іншае тлумачэньне такому наплыву добраахвотнікаў: прызыўнікам, папраўдзе, пагражалі нямецкія рэпрэсіі ў тым выпадку, калі б яны не зьявіліся па закліку ўладаў, але, з другога боку, іх чакала партызанская расправа, так што ўсякі выбар быў небясьпечны.
Другім кірункам дзейнасьці, які не патрабаваў ад Готбэрга палітычных рашэньняў, а быў пакліканы палепшыць стан бясьпекі і рэалізацыю гаспадарчых задачаў, была арганізацыя абаронных вёсак, задуманых як лякальныя антыпартызанскія базы. 19.10.1943 г. Готбэрг выдаў новае распараджэньне: паліцыйныя ўлады Генэральнай акругі Беларусь і іх акруговыя камісары павінны былі распачаць арганізацыю абаронных вёсак — пасьля ачышчэньня абраных населеных пунктаў ад ненадзейных элемэнтаў было загадана раздаць жыхарам па 50–100 вінтовак. Гэта быў яшчэ адзін зварот да колішняй канцэпцыі Кубэ. 22 лістапада на канфэрэнцыі ў ОМі Готбэрг паведамляў, што ў абаронных вёсках распачалася новая асадніцкая кампанія: туды адмыслова сталі перасяляць ахоўнікаў-паліцыянтаў, некаторыя зь іх ужо атрымалі зямельныя надзелы. Готбэрг запэўніў, што арганізацыя такіх гарнізонаў «спраўджвае сябе надзвычайна» і становіцца важным фактарам грамадзкай бясьпекі на Беларусі. На пачатку 1944 г. гэтая апэрацыя распачалася і ўва ўсходнебеларускіх раёнах. Па зьвестках Гэсэ, у працэсе стварэньня абаронных вёсак ня раз паўставалі перашкоды. Па-першае, шмат у якіх вызначаных усходнебеларускіх паселішчах не хапала мужчын: іх альбо вывезьлі на працу ў Нямеччыну, альбо нанялі на будоўлю вайсковых аб’ектаў Вэрмахту. А па-другое, насельніцтва папросту страціла давер да акупантаў — у некаторых вёсках людзі кідаліся ўцякаць, убачыўшы нямецкіх салдат, пасланых для арганізацыі абароннай вёскі. Таму вынікі гэтай кампаніі аказаліся досыць сьціплыя.
Па тэрыторыі Генэральнай акругі Беларусь гэтая кампанія праходзіла больш пасьпяхова. У Баранавіцкай акрузе было арганізавана 14 абаронных вёсак, паўсталі яны і ў Глыбоцкай, Слонімскай, Наваградзкай, Слуцкай і іншых акругах, прычым нярэдка ў такіх паселішчах асядалі прыбыльцы, якіх гнаў з усходу наступ Чырвонай Арміі. Сярод іх аказваліся ўцекачы зь Віцебшчыны, казакі, каўказцы і салдаты з брыгады Камінскага, якія разам зь сем’ямі эвакуяваліся з Браншчыны. 5 такіх вёсак было створана і па ўсходзе Беластоцкай акругі. Такім чынам, на Беларусі паўстала ня менш як некалькі дзясяткаў супрацьпартызанскіх вясковых пунктаў супраціву. Тым ня менш даць адназначную ацэнку іх дзейнасьці даволі цяжка. Пасьля адступленьня глыбоцкі акруговы камісар пісаў у сваёй справаздачы, што ў яго акрузе абаронныя вёскі «ня выканалі сваёй задачы», дзьве зь іх партызанам удалося цалкам абяззброіць. Затое баранавіцкі акруговы камісар ацаніў іх дзейнасьць дадатна. Як бы там ні было, ува ўсёй гэтай справе можна заўважыць яшчэ адзін вельмі істотны аспэкт: упершыню нямецкія ўлады рашыліся на перадачу значнай колькасьці зброі ў рукі насельніцтва.