Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]
Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове] - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]». Краткое содержание книги:

Раман у двух кнігах «Каласы пад сярпом тваім» прысьвечаны падзеям напярэдадні паўстаньня 1863–1864 гадоў у Беларусі.
Першая кніга распавядае нам пра «выйсце крыніц» якія выліліся ў раку гневу і змаганьня за незалежнасьць Беларусі. Нягледзячы на літаратурнасьць раману, адчуваецца натуральнасьць падзеяў. Кожны бачыць, як памірае стары сьветапогляд яшчэ з часоў перад падзеламі Рэчы Паспалітай, і нараджаецца новае пакаленьне, якому суджана пакласьці галаву для будучыні Беларусі. «Грушы накнавана абрынуцца ў Дняпро», але і «крыніцы нязьменна спалучацца ў імклівую раку».
Уладзімер Караткевіч доўга падыходзіў да раману, і цалкам верагодна, што меў задуму на працяг, але нягледзяячы ні на што менавіта «Каласы пад сярпом тваім» сталі сапраўднай вяршыняй творчасьці беларускага пісьменьніка і паэта, які заўчасна пакінуў гэты сьвет, каб назаўсёды злучыцца з роднай беларускай зямлёй.
1 ... 93 94 95 96 97 98 99 100 101 ... 154
Перейти на страницу:

— Я менш за ўсіх іншых хацела б крыўдзіць яго, — уздыхнуўшы, сказала яна. — Ды што зробіш, калі ён такое ведзьмедзяня? То спрытны і вясёлы, а то цяльпук цельпуком.

— Ты ўсё ж пастарайся, — сказаў Раўбіч.

— Я пастараюся, — сказала яна.

…Выехалі ў зімнім вазку ўпяцёх. Маці, Франс, Майка, малодшая сястра Наталля і Стась, самы малы з усіх.

Праз шкельцы вазка былі відаць лагчыны, заснежаныя лясы, птушкі-пасмяцюхі, што прылятаюць з далёкай Лапландыі і зімуюць у нас, бо тут для іх цёпла, адхоны над белым Дняпром і ліловыя хмызнякі на грывах.

Фурман спяваў нешта сумнае і шырокае, пагойдваў у такт спевам галавою.

Звонка вішчалі пад палазамі марозныя каляіны.

Вецер прынёс далёкае выццё і рэдкі гарматны гул лёду на Дняпры.

Ад нерухомасці ўсім у вазку было трошкі халаднавата.

А потым з грады заўважылі далёкія агні ў снягах. Коні пабеглі шпарчэй. Вазок спыніўся, рэзка завярнуўшыся, ля параднага ганка.

…Сыпанулі насустрач людзі, хутчэй неслі дзяцей у дом, расхутвалі іх, пахучых з марозу, садзілі на доўгую гарачую ляжанку ў гардэробнай, давалі па глытку гарачага віна з карыцай.

Алесь то паціскаў руку Франсу, то схіляўся да Майкі, то цалаваў маленькую Наталку (Майку цалаваць ён саромеўся).

А потым у дзверы сыпанула сапраўдная дзіцячая калатэча: Мсціслаў, Ядзенька Клейна, Янка, чорны, як чобат, і неўтаймавана вясёлы. Ногі, рукі, усмешкі, віск, смех.

— Што ўжо што, а шуму такі будзе. І не кажы, кума, — казаў пан Юры.

Ён быў шчаслівы. На каляды ў Загоршчыну нечакана прыехаў стары Вежа.

Вежа сустрэў дзяцей на верхніх прыступках сходаў, вялізны, з прыгожай сівою грывай валасоў. Браў дзяцей на рукі, глядзеў ім у вочы.

— Гэта чыя ж такая? Твая, пані Надзея?

— Мая.

— Гожая якая. А гэта? Ого, ну, гэта я сам разумею. Новы прыдняпроўскі дваранін, усыноўлены Ян Клейна. Бач ты які, братка! Маеш ад мяне шаблю.

— Дзякуй вам, — сур'ёзна сказаў мурын. — У Ракі шмат ворагаў.

Дзед нечакана ўздыхнуў і пацалаваў Янку:

— Прыйдзе час — сам знайду табе жонку і зброю. Алеся хаця любіш? Будзь яму другам. Як нітка за іголкай. Ты, брат, глядзі. Табе яшчэ давядзецца ўсім жыццём даводзіць… што ты — наш.

Узяў за скроні Мсціслава.

— Пусціце мяне, калі ласка, — сур'ёзна сказаў Мсціслаў.

— Чаму гэта?

— Мы ўжо дарослыя.

— Правільна, — згадзіўся дзед. — Вы дарослыя. Дык, значыць, ты найлепшы сябар майго ўнука?

Урэшце чарга дайшла да Майкі. І тут дзед зрабіў ласку сесці на падстаўленае сынам крэселка.

— Раўбічава. Ану, дай паглядзець на цябе.

Доўга разглядаў попельныя, з залацістым адценнем валасы, бэзавую сукенку з кароткімі рукавамі, цёмна-блакітныя, удавана наіўныя вочы.

— Чорцік? — спытаў ён. — Чаго табе не хапае дзеля таго, каб стаць харошым і добрым, чорцік?

Майка ўсміхалася высокім краёчкам рота. Яе злаваў гэты агляд, яна адчувала ў ім нешта няёмкае, і сама сабе вырашыла адыграцца за яго на адзіным чалавеку, якога было чамусьці прыемна дражніць: на Алесю.

— Даросласці, — сказаў дзед. — Жыццё табе дазваляла ўсё, капрызны чорцік. А вось калі яно пачне супраціўляцца, пачне мяць, — тады ты зразумееш і станеш харошым, чорцік з дзівоснымі вачыма.

Пагладзіў яе лапку.

— Будзь добры з… людзьмі, чорцік. Так ці не так? Будзеш?

— Паспрабую, — зрабіла яна кніксен.

Пайшла далей. Дзед глядзеў на яе і думаў:

«Самая добрая пара будзе для Алеся. Сумленная сям'я. Адна з нямногіх, сапраўдных. Але хто ведае, што будзе з дзяўчынкі праз сем год».

І пасля размовы з дзецьмі Вежа стаў асабліва з'едлівы з гасцямі, шакіраваў іх усіх мужыцкай мовай уперамешку з самай вытанчанай французскай, назнарок нападаў на тое, што было дорага субяседніку, — словам, расклеіўся.

На яго глядзелі са здзіўленнем, дзівуючыся каструбаватым мужыцкім сказам, якія ён вымаўляў з асаблівым смакам. Пакуль што на людзях гэта дазвалялася толькі Клейне.

Яны проста забылі, што Вежа і раней вызначаўся гэтым. Забыць было лёгка: стары не з'яўляўся між іх цэлых дзесяць год.

А ён накіраваўся да дзяцей. Сам адчыніў ім дзверы ў залу, дзе стаяла нешта цьмянае, таямніча распасцершы лапы. Сам загадаў запаліць свечкі, страляў разам з усімі з ляскавак, памагаў разбіраць падарункі, першы вёў за руку дзіцячы карагод.

Проста па анфіладзе, з пакоя ў пакой, рухаўся стракаты ланцуг, а наперадзе лёгка пераступаў нагамі сівы чалавек бадай што сажэннага росту і напяваў:

Антон казу вядзе. Тпру ды ну — каза не йдзе.
1 ... 93 94 95 96 97 98 99 100 101 ... 154
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)