Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]
Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове] - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]». Краткое содержание книги:

Раман у двух кнігах «Каласы пад сярпом тваім» прысьвечаны падзеям напярэдадні паўстаньня 1863–1864 гадоў у Беларусі.
Першая кніга распавядае нам пра «выйсце крыніц» якія выліліся ў раку гневу і змаганьня за незалежнасьць Беларусі. Нягледзячы на літаратурнасьць раману, адчуваецца натуральнасьць падзеяў. Кожны бачыць, як памірае стары сьветапогляд яшчэ з часоў перад падзеламі Рэчы Паспалітай, і нараджаецца новае пакаленьне, якому суджана пакласьці галаву для будучыні Беларусі. «Грушы накнавана абрынуцца ў Дняпро», але і «крыніцы нязьменна спалучацца ў імклівую раку».
Уладзімер Караткевіч доўга падыходзіў да раману, і цалкам верагодна, што меў задуму на працяг, але нягледзяячы ні на што менавіта «Каласы пад сярпом тваім» сталі сапраўднай вяршыняй творчасьці беларускага пісьменьніка і паэта, які заўчасна пакінуў гэты сьвет, каб назаўсёды злучыцца з роднай беларускай зямлёй.
1 ... 96 97 98 99 100 101 102 103 104 ... 154
Перейти на страницу:

Было шкада, што ён піша па-польску, устаўляючы ў кнігу беларускія дыялогі. У сваёй мове ён мог бы стаць вялікім. У чужой — толькі вышэй за сярэдняга.

Баршчэўскі, здольны і добры чалавек, шмат у чым блізкі да Гогаля, назваў сябе беларусам, а радзіму — Беларуссю, магчыма, нават занадта настойліва. Ён пяшчотна любіў край, яго паданні, яго людзей.

«Ну, а я?» — падумаў Алесь.

…І якраз у гэты момант прыйшлі ў Загоршчыну, да яго, Кандрат і Андрэй. Кірдун прывёў іх на тэрасу, і вось яны сядзелі перад ім, такія падобныя, што аж смяяцца хацелася, і адначасова такія непадобныя. Хто ўмеў так жартаваць, як Кандрат, і хто спяваў такія песні, як Андрэй? Даражэй за ўсё былі іхнія ўсмешкі — хітраватая ў Кандрата і ласкавая, амаль жаноцкая, у Андрэя. Правільна зрабіў бацька, што адпусціў іх і аддаў Паўлюка з Юрасём у школку. І Алесь без жалю адклаў кнігу чалавека, які адкрыў Мора на шэсць год раней за яго, Алеся, нават паспеў напісаць аб гэтым, але не разумеў хваль, з якіх гэта Мора складалася.

— Слухай, Алесь, — сказаў урэшце Кандрат. — У нас да цябе справа.

— Ну? — сказаў Алесь.

— Але раней ты дасі нам слова, што аб гэтым ніхто не даведаецца, нават бацькі…

— Мы тут думалі, аж галовы папухлі, — сказаў Андрэй. — Але цяпер Масленіца. Усе ездзяць. У госці. А Кроер… твой далёкі сваяк…

— Стойце, хлопцы, — сказаў Алесь, — нічога не разумею. Ды мы і не ездзім туды ніколі. Мае не любяць Кроера.

— Тым лепей, — сказаў Кандрат, з палёгкаю ўсміхнуўшыся. — А мы думалі… Значыць, усё добра.

І засмяяўся:

— Юрасю бацька два шлапакі адваліў. Прыйшоў хлопец з царквы, а ў кішэні ў яго аж чатыры грыўні. Бацька пытае: адкуль? А той кажа: «А там, дзе ўсе бралі, дык і я ўзяў. З блюда». Мы аж пакіслі са смеху.

Андрэй глядзеў убок. Дый смех Кандратаў быў няшчыры. Алесь з болем бачыў гэта, бачыў, што хлопцы ледзь не сказалі яму аб нечым і вось цяпер пераводзяць размову на іншае.

— Як хочаце, хлопцы, — суха сказаў ён. — Але я думаў, што вы мне верыце, што я для вас і застаўся братам. Нават цяпер. Што ж, няхай…

— Ды мы нічога, — сказаў Кандрат. — Мы толькі хацелі прасіць, каб не ездзіў да Кроера… Не любяць яго…

— Сам ведаю, — суха сказаў Алесь.

Маўчалі. Алесь ведаў: дружбе і адкрытасці канец. А тут яшчэ Кандрат нечакана, толькі каб не маўчаць, пачаў расказваць чарговую пабрахеньку.

— У Лапаты госці былі. Паклалі іх, падпітых, у чыстай палове. А дзеці ўзялі ды прысунулі да дзвярэй стол. Уначы ўстае чалавек, шукае выйсці. Як ні мацае — няма дзвярэй… Аж зубамі скрыгалі.

Андрэй раптоўна аж крэкнуў з прыкрасці за брата. Строга ўскінуліся вейкі.

— Вярзеш немаведама што, боўдзіла, — сказаў ён. — Ану давай, кажы ўсё. Алесь наш, мужык. Не скажаш — усяму канец. Дзе веры няма, дык якое ўжо сяброўства?

— Што вы, — сказаў Алесь. — Чаму канец? Ды я і не хачу.

— Бачыш? — сказаў Андрэй.

Кандрат усё яшчэ вагаўся. І тады вочы Андрэевы ўспыхнулі.

— Не хочаш? Тады я сам. Толькі ты, Алесь, ведай: на цябе ўсе спадзяванні. Маўчы ў імя маці і пана Езуса.

— Гэта ўжо дарэмна, хлопцы.

— Не дарэмна, — сказаў Андрэй. — Кожны за сваіх: дваране за дваран, мужыкі за мужыкоў. А калі давядзецца — тады нам канец. Бо ведалі, а не сказалі. Дзеда старога добра калі адхвошчуць. А нам, і Лапатам, і Кахновым людзям, можа, і Сібір.

— Тады і казаць не трэба, — сказаў Алесь ужо сур'ёзна.

— Трэба, — сурова сказаў Андрэй. — Мы дзядзькавыя браты. Раз змоўчым, два змоўчым — і канец братэрству.

Ён перадыхнуў:

— Кроера хочуць забіць, а маёнтак ягоны спаліць. Корчак. Той самы, што вілы кінуў. У яго кроў у сэрцы запяклася на пана Кастуся. Ягоныя дзеці торбы пашылі і ў акрайцы пайшлі. За самім Корчакам ганяюцца, як за зверам. І Корчак рашыў: забіць. Той, хто забіў, — гэта ўжо не чалавек, ён горшы за вар'ята. Ён атручаны забойствам. За змяю бог сто грахоў даруе. І ён заб'е ў адзін з дзён масленіцы. Каб не ў пост грашыць. Так што не ездзі і сваіх адгавары.

— Мы ніколі не ездзім, — сказаў Алесь. — Мы — ворагі. Я нікому не скажу, можаце мне верыць. Толькі ж яго спаймаюць. Мусатаў за ім паўсюль ганяецца. Шкада смелага чалавека!.. А хто гэта вам сказаў аб забойстве?

— Пятрок Кахно чуў ад Лапатаў. А тыя да Паківача ездзяць, дзе Корчак хаваўся.

— Балбатун ваш Пятро, — сказаў Алесь. — З радасці, што гэтую брудную свінню забіць збіраюцца, распусціў язык.

— Ён нікому больш не сказаў, — пачырванеў Андрэй. — Не думаў я, што ты, Алесь, нас папікаць будзеш.

Цяпер сорамна стала Алесю.

— Я не папікаю. І я нікому больш не скажу. Магіла!!!

1 ... 96 97 98 99 100 101 102 103 104 ... 154
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)