Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]
- Автор: Короткевич Владимир Семенович
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0898-0
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]». Краткое содержание книги:
Першая кніга распавядае нам пра «выйсце крыніц» якія выліліся ў раку гневу і змаганьня за незалежнасьць Беларусі. Нягледзячы на літаратурнасьць раману, адчуваецца натуральнасьць падзеяў. Кожны бачыць, як памірае стары сьветапогляд яшчэ з часоў перад падзеламі Рэчы Паспалітай, і нараджаецца новае пакаленьне, якому суджана пакласьці галаву для будучыні Беларусі. «Грушы накнавана абрынуцца ў Дняпро», але і «крыніцы нязьменна спалучацца ў імклівую раку».
Уладзімер Караткевіч доўга падыходзіў да раману, і цалкам верагодна, што меў задуму на працяг, але нягледзяячы ні на што менавіта «Каласы пад сярпом тваім» сталі сапраўднай вяршыняй творчасьці беларускага пісьменьніка і паэта, які заўчасна пакінуў гэты сьвет, каб назаўсёды злучыцца з роднай беларускай зямлёй.
Пайшла сухая горная трава. Справа ад мяне, на строме, узносіўся ў неба Чортаў Капыт.
Я выбраўся на дарогу і шпарка пакрочыў уніз.
Паўзлі па схілах шэрыя плямы, і прыглушана далятала адтуль «глок-глок» званочкаў авечых чарод.
Цяпер я спусціўся нізка, і вакол былі адны змаршчакаватыя горы.
Нешта цьмянае з'явілася абок мяне: слабы яшчэ, невыразны на шэрым цень. Мой цень. І я падумаў, якія яны былі бедныя, нягледзячы на багацце, тыя, што аджылі пад маім пяром. Якія вартыя жалю! Як цень.
А цень з'явіўся і цяпер усё гусцеў і гусцеў, бо месяц, уздымаючыся над светам, ярчэў і наліваўся святлом.
У лагчыне пусцелі каменныя каробкі нейкіх нізкіх будынін, што зараслі шыпшынай і калючкамі. І гэта было як на Марсе, дзе пяскі заносяць руіны старых гарадоў. А месяц нараджаў у будынінах цені і рабіў змаршчакаватую глебу ўзгор'яў зусім блакітнай.
І раптам вялікае шчасце нарадзілася ў сэрцы. Я жыў і я ішоў паміж руін, пад гэтым блакітным месяцам, я прадзіраўся праз калючкі, што аж парыпвалі пад ветрам ад мёртвай сухасці. І я ішоў насустрач таму, аб чым ведаў у гэтай цясніне адзін я. Толькі адзін.
Я мінуў цясніну, і пасля водару сухой зямлі, калючак і палыну цёплы, раскошны, бязмежны водар мора, яго няспынны шум напоўніў мне вушы і сэрца.
Мора гарэла месячным агнём між сухіх скал.
…І ўсе гэтыя дні і ночы я жыў ім, нават калі не бачыў яго.
Жыў у скалах, жыў у стэпах, жыў сярод цяснін.
І часам, прачнуўшыся ўначы і бяссонна лежачы з расплюшчанымі вачыма, або познім вечарам, пішучы за сваім сталом, я ўздрыгваў ад нечаканага адчування холаду і дзікай асенняй самоты.
Таму што за вокнамі стаяў глухі шум, які бывае ў нас толькі позняй восенню, калі парывы ветру бягуць па голых верхавінах няўтульных дрэў.
А потым мне адразу рабілася цёпла, і я ўспамінаў і ўсміхаўся сам сабе ў цемры, бо гэта было — Мора!
XXI
Каляды адзначыў свежы і пушысты снег. Снег быў на ўсім: на слупах платоў, на стрэхах, на дрэвах, на футры начнога вартаўніка і ў вёдрах з вадой — толькі пранесеных ад студні да хаты.
Зямля памаладзела.
Майка Раўбіч, прачнуўшыся перад каляднай раніцай, адразу зразумела, што на дварэ снег, так светла было ў пакоі. І яна выскачыла з ложка, захінула на падушку коўдру, каб не разышлася цеплыня, і босая падбегла да акна.
За акном было белае і чорнае: снег і галіны дрэў.
Ногі трошкі зябнулі на падлозе, і дзяўчынка кінулася зноў у ложак, які не паспеў дзякуючы яе хітрасці астыць, і аж засмяялася ад шчасця, што цёпла, што на дварэ снег.
А потым задумалася, не ведаючы, здалося ёй тое, што яна бачыла мінулым вечарам, ці было сапраўды.
Напярэдадні нянька Тэкля страшыла яе, што вось падыходзяць Каляды і цяпер якраз прастора для розных нячысцікаў, якія спяшаюцца перад Божым нараджэннем нахапаць сабе як мага больш гарэзлівых і непаслухмяных дзяўчатак.
— Лазнік вось… Як во-озьмецца за бок, ды я-ак пацягне пад палок, ды як пачне казытаць — тут ужо маліся як хочаш — не дапаможа. Бо не слухалася бацькоў і нянькі Тэклі.
— А які ён, Лазнік?
— Страшны, — адрэзала Тэкля. — Адзенне ў яго з венікаў; замест вусоў — два лазенныя апарышы. А сам увесь курэе, як пара. І гарачы такі, казытлівы.
— Не веру я табе, бабуля. Унь казалі на свяце Агню[66], што Паляндра страшная. А то быў Тодарка-вадавоз. І смяшыў дзяцей. І зусім ён не страшны.
— А вось паглянеш, паглянеш, — страшыла старая.
І тады Майка вырашыла паглядзець. Пасля вячэры яна, замест таго каб ісці ў бібліятэку, накінула футра і крадком пайшла змрочным паркам да лазні. Яна не баялася, што ёй перашкодзяць: бацька заўсёды дазваляў ёй рабіць тое, што яна хоча.
Пранізаны ветрам, звонкі ад марозу парк, рэдкія стылыя зоры ў галінах. Рыпнула фортка ў частаколе, высокім, страшным у цемры, з конскімі чарапамі, што невыразна бялелі ў змроку.
Яна сапраўды ўбачыла Лазніка. У лазні свяціўся жоўты бляклы агеньчык, і дзяўчынка, прыпаўшы знадворку да васьмікутнічкаў тоўстага, пузырыстага шкла ў свінцовай раме, убачыла венічны прылазнік, падобны на пячору, калматы ад соцень венікаў, а на зэдліку — Яго.
Ён быў падобны і непадобны. Венікі былі не на ім, а вакол. Пэўна, распрануўся і скінуў іх. Але нават без венікаў ён быў страшны, хаця зусім не курэў: такі чорнавалосы, цёмны і невыразны праз шкло.
66
Свята, якое ў сярэдзіне мінулага стагоддзя стала дзіцячым, але ў сярэднія вякі адзначалася ў памяць выратавання ад «чорнай смерці». Галоўнай асобай на свяце была Паляндра, увасабленне смерці і чумы, чалавек у лахманах і масцы. Чэмер (перац) прыводзіў Паляндру да людзей («чорную смерць» завезлі з усходнімі таварамі). Людзі вадзілі Паляндру між агнёў, здзекаваліся і ўрэшце праганялі прэч.