Уладар Пярсьцёнкаў: Зьвяз Пярсьцёнка
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Зьвяз Пярсьцёнка». Краткое содержание книги:
– Але мы спадзяваліся напаткаць там Гэндальфа, ці не?
– Так, але цяпер, мне падаецца, надзея слабая. Калі ён увогуле выбраўся на поўнач, ён мог і не зазірнуць у Прыгор'е, і не даведацца, куды мы выправіліся. У любым выпадку, сустрэцца там мы можам хіба выпадкова, бо ані яму, ані нам нельга доўга заставацца на пагорку. Калі Вершнікі не падпільнуюць нас у глухамані, яны, верагодна, самі скіруюцца да Наветранай стромы. Бо зь яе далёка відаць ва ўсе бакі. А калі мы апынемся там, на той вяршыні, шмат якія птушкі й зьвяры пабачаць нас. Некаторыя зь іх здольныя распавесьці Вершнікам ці іх паслугачам, ёсьць і іншыя пачвары, хто можа данесьці, і нашмат горшыя за птушак.
Хобіты занепакоена зірнулі на далёкія пагоркі. Сэм падняў галаву ў нябёсы над сабою: ці няма там ястрабаў ці арлоў, якія кружлялі б у вышыні, віжуючы вандроўнікаў пільнымі халоднымі вачыма?
– Ну, ад такіх словаў, Швэндал, толькі самотней ды трывожней! – сказаў ён.
– I што ж нам рабіць? – перапытаў Фрода.
– Мяркую... – задумаўся Швэндал, відавочна, ён яшчэ сам цалкам ня вырашыў, – мяркую, што лепей за ўсё будзе выправіцца адсюль прама на ўсход, да пагоркаў, а не да Наветранай стромы. Там мы напаткаем маленькую сьцежку, добра схаваную, якая ўздоўж узножжаў гор выводзіць да Наветранай стромы з поўначы. А тады ўжо паглядзім, калі будзе на што паглядзець.
Упарта крочылі наперад да самага вечару, халоднага й раньняга. Мясьціны зрабіліся сушэйшыя, расьліннасьці стала менш, хоць недалёка за сьпінамі над багнай клубіўся туман. Рэдкія птушкі азываліся тоненька й сумна, пакуль сонца, круглае й чырвонае, зусім не патанула ў цені на захадзе. Тады павісла пустая, мёртвая цішыня. Хобіты з тугою ўзгадалі мяккі летні вечар і цёплыя струмені вечаровага сьвятла, што ліліся праз вокны Торбы-пад-Стромай – далёка, далёка адсюль.
Калі сутонела, набрылі на крыніцу, якая, пятляючы, сьцякала з пагоркаў, каб згубіцца сярод застаялых багнаў і дрыгвы. Пайшлі ўздоўж берагоў, пакуль зусім не сьцямнела. Зь цемраю нарэшце прыпыніліся на ноч пад крывымі асінамі на беразе. Наперадзе чарнелі ў змрочных нябёсах пустыя, лысыя вяршыні пагоркаў. У гэтую ноч паставілі вартавых. А Швэндал, падавалася, і зусім ня сьпіць. Блядны месяц ліў на зямлю халоднае шэрае сьвятло.
Раніцою рушылі зноў на досьвітку. Марозіла, нябёсы былі ясныя, сьветла-блакітныя. Хобіты адчувалі сябе надзіва пасьвяжэлымі, нібы праспалі нармалёва й бесклапотна ўсю ноч. Ужо, відавочна, прызвычаіліся да добрага шпацыру ды сьціплай ежы. У Шыры нават не паверылі б, што гэткія крыхі ўвогуле здольныя ўтрымаць на нагах хобіта. А Піпін абвесьціў, што Фрода ўдвая пакрапчэў.
– Дзіўна, – прамармытаў Фрода, зацягваючы пас, – улічваючы тое, што мяне, сказаць папраўдзе, стала значна меней. Спадзяюся, працэс майго станчэньня мае пэўныя межы, а тое, баюся, ператваруся ў прывіда.
– Не кажы лухту! – абарваў яго Швэндал зь нечаканай суворасьцю.
Пагоркі набліжаліся. Яны ўтваралі няроўны ланцуг: то ўздымаліся ў вышыню сажняў на сто з паловаю, то абрываліся вузкімі расколінамі й нізкімі пераваламі, якія вялі на ўсход, да земляў за імі. На грабянях атовілкаў тырчэлі рэшткі зялёных зьдзірванелых валоў ды равоў, а па праходах – руіны муроў. Да цемры вандроўнікі сягнулі заходняга боку пагоркаў, там і заначавалі. Было гэта пятага кастрычніка, на шосты дзень, як пакінулі Прыгор'е.
Раніцою ўпершыню пасьля Чыцкага лесу знайшлі добрую сьцежку. Збочылі направа й пайшлі па ёй на поўдзень. Сьцяга была пракладзеная так хітра, што хавала ад позіркаў і зь вяршыняў, і з заходніх роўнядзяў. Яна нырала ў глыбокія лагчыны, агінала крутыя схілы, а калі ўсё-ткі выходзіла на раўнейшыя ды больш адкрытыя мясьціны, з абодвух бакоў яе абаранялі шэрагі вялізных валуноў ці абчасаных камянёў і хавалі вандроўнікаў як агароджа.
– Цікава, хто праклаў гэтую сьцяжыну й навошта? – спытаў Мэры, калі яны йшлі па адной такой агароджанай частцы, з шчыльна пастаўленымі надзвычай вялікімі валунамі. – Ня надта яна мне даспадобы. Нейкі тут, я сказаў бы, прыскляпенны выгляд. Ці ёсьць курганы на Наветранай строме?
– Не. Ані на Наветранай, ані на іншых тутэйшых пагорках, – адказаў Швэндал. – Людзі Захаду тут не жылі, хоць у апошнія гады трымалі тут абарону ад ліхой навалы Ангмару. Сьцежка й была пракладзеная, каб злучыць умацаваньні ўздоўж валоў. Але задоўга да таго, яшчэ ў першыя дні Паўночнага каралеўства, на вяршыні Наветранай пабудавалі вялізную вартавую вежу. Яе назвалі Аман Сул. Потым яе спалілі й разбурылі, зараз там толькі кольца парушаных камянёў, каронаю на вяршыні старой гары. А калісьці вежа была высокая й сьветлая. Кажуць, менавіта на ёй падчас Апошняга Зьвязу кароль Элендыль трымаў варту, чакаючы, калі прыйдзе з Захаду з войскам Гіль-Галяд.