Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Фэнтези » Уладар Пярсьцёнкаў: Зьвяз Пярсьцёнка
Уладар Пярсьцёнкаў: Зьвяз Пярсьцёнка - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Уладар Пярсьцёнкаў: Зьвяз Пярсьцёнка

Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Зьвяз Пярсьцёнка». Краткое содержание книги:

Уладар Пярсьцёнкаў: Зьвяз Пярсьцёнка
1 ... 86 87 88 89 90 91 92 93 94 ... 207
Перейти на страницу:

– Да змрочных часоў, – сказаў Швэндал, – але пакуль можаш не хвалявацца. Твае клопаты скончацца, калі мы сыдзем. Гэта значыць зараз жа. Пра сьняданак не турбуйся – глынем на хаду таго-сяго дый перакусім. Спакавацца трэба як мага хутчэй.

Спадар Масьляк пасьпяшаўся праверыць, як там поні, дый сабраць "тое-сёе", каб глынуць ды пад'есьці. Але вельмі хутка вярнуўся, цалкам у роспачы. Поні зьніклі! Дзьверы стайні ўночы былі расчыненыя, зьніклі ня толькі поні Мэры, але й усе астатнія, і коні таксама – аніводнай жывёліны не засталося.

Фрода падумаў: вось і канец. Немагчыма ж дабірацца да Долага Яру пехатою, калі цябе перасьледуюць вершнікі. З гэткім посьпехам можна накіравацца на поўню. Швэндал жа сядзеў пэўны час моўчкі, пазіраючы на хобітаў: нібы ацэньваў іхнюю мужнасьць і моц.

– Усё адно поні не абгоняць коней, – вымавіў нарэшце задуменна, нібы прачытаўшы Фродавы думкі. – Пехатою мы не нашмат марудней будзем перасоўвацца па тых сьцежках, на якія я вас выведу. Дый я сам у любым выпадку зьбіраўся йсьці пешкі. Мяне турбуюць прыпасы. Паміж Прыгор'ем ды Долым Ярам іх няма дзе папоўніць. А запасьці трэба даволі, бо, магчыма, нас затрымаюць ці давядзецца кружляць, абыходзячы, і далёка адхіляцца ад напрамку. Колькі вы здольныя несьці на сьпінах?

– Столькі, колькі зможам падняць, – Піпін намагаўся выглядаць бадзёрым і моцным (хоць адчуў сябе пры гэтым горш няма куды).

– Я магу зьнесьці за двох, – дзёрзка адказаў Сэм.

– Няўжо нельга нічога зрабіць, спадар Масьляк? – спытаў Фрода. – Прыдбаць пару поні ў вёсцы ці хоць бы аднаго, для паклады? Напэўна, наняць іх ня ўдасца, але ж мы здольныя й набыць, – дадаў без асаблівай рашучасьці, прыкідваючы, ці хопіць у іх грошай на поні.

– Сумняюся, – адказаў шынкар, – тыя два ці тры верхавыя поні, якія былі ў Прыгор'і, усе стаялі ў мяне. А іншыя, коні ці поні, цягавыя ці для якой яшчэ патрэбы – мала іх у нас. Напэўна, ніхто й не прадасьць. Але я паспрабую. Зараз пашлю Боба, няхай прабяжыцца, папытае.

– Так, – неахвотна згадзіўся Швэндал, – напэўна, так будзе лепей. Баюся, прынамсі без аднаго поні не абыдземся. Вось толькі тыя пошукі – канец усім надзеям пакінуць Прыгор'е ўпотайкі. З такім посьпехам можна было б затрубіць у рог, абвяшчаючы наш сыход. Здаецца, гэта й было задумана.

– Ну, ёсьць і прыемнае, – азваўся Мэры, – падсілкуемся нармалёва. Пасьнедаем, покі чакаем. Гукнеце Ноба, няхай нясе ежу зь пітвом!

Пошукі сталіся трохгадзіннай затрымкаю. Боб вярнуўся й распавёў, што за грошы анідзе аніякай жывёліны не атрымаеш, за адзіным выняткам: у Біла Бур'яка ёсьць поні, якога ён згодны прадаць.

– Такі замораны каняка, ці не паўмёртвы, – казаў Боб, – але ж запросіць Бур'як за яго ня менш як утрая супраць кошту нармалёвага поні, пабачыўшы вашую патрэбу. Ці ж я Бур'яка ня ведаю?

– Бур'якоў поні? – спытаў Фрода. – Можа, тут які подступ? Магчыма, гэты пачвара ўцячэ з нашымі прыпасамі, ці неяк дапаможа нас высачыць, ці шчэ што наробіць?

– Наўрад, – пахітаў галавою Швэндал, – не ўяўляю сабе такой жывёліны, якая з сваёй ахвоты вярнулася б да Бур'яка, здолеўшы ад яго пазбавіцца. Тое ў характары спадара Бур'яка: шчэ й троху грошай прыдбаць наастачу. Баюся толькі, што поні й сапраўды ледзь жывы. Але іншага выйсьця няма. Колькі ён хоча?

Хацеў ён, як высьветлілася, дванаццаць срэбных грошаў – насамрэч, сама мала ўтрая за звычайны кошт у Прыгор'і. Поні выглядаў кастлявым і надта сумным, але ж, відавочна, паміраць пакуль не зьбіраўся. Спадар Масьляк сам за яго заплаціў і прапанаваў Мэры яшчэ васямнаццаць срэбных грошаў як кампэнсацыю за страчаных жывёлаў. Шынкар быў чалавек чэсны, і не з пустою кішэняю, паводле Прыгорскіх мерак, але страціць трыццаць срэбных для яго было вельмі непрыемна й крыўдна. Крыўду абцяжарвала й тое, што аддаваць без малога палову давялося Білу Бур'яку.

Што праўда, урэшце ён застаўся зь немалым прыбыткам. Бо насамрэч скралі толькі аднаго каня. Астатніх проста папавыгналі ці яны самі, напалохаўшыся, паўцякалі ды папаразбрыдаліся па Прыгорскіх ускрайнах. Поні Мэры трымаліся разам і, што было вельмі разумна зь іх боку, дабраліся да Лысагор'я, да Бамбадзілавага Таўстуна. Там, пад Томавай апекаю й жылі сабе. Аднак калі прыгорскія навіны сягнулі Томавых вушэй, ён адаслаў поні назад, да Масьляка. Так шынкар прыдбаў даволі танна пяць выдатных поні. У Прыгор'і жывёлам давялося папрацаваць, але Ноб абыходзіўся зь імі добра. Можна сказаць, ім пашанцавала, бо пазьбеглі далёкай і небясьпечнай вандроўкі. Але ж і ў Долы Яр не патрапілі.

1 ... 86 87 88 89 90 91 92 93 94 ... 207
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)