Уладар Пярсьцёнкаў: Зьвяз Пярсьцёнка
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Зьвяз Пярсьцёнка». Краткое содержание книги:
Аднак пакуль тое, грошы падаваліся Масьляку страчанымі незваротна. Да ўсяго дадаліся й іншыя клопаты. Калі ўсе госьці папрачыналіся й даведаліся навіны, то вельмі занепакоіліся. У паўднёўцаў зьнікла некалькі коней, у чым абвінавацілі шынкара, пакуль ня высьветлілася, што касавокі прыяцель Біла Бур'яка таксама зьнік уночы. Тады адразу западозрылі яго.
– Калі важдаецеся з канакрадамі ды ў маю хату іх ведзяце, дык самі й сплочвайце за шкоду, а ня кідайцеся на мяне, галосячы! – выгаворваў ім раззлаваны Масьляк. – У Біла Бур'яка пытайцеся, дзе ягоны ды ваш сябра-прыгажун!
Але цяпер ніхто з паўднёўцаў і ўзгадаць ня мог, калі прыбіўся да іх касавокі. I анічыім сябрам ён ня быў, і аніхто яго ня ведаў.
Пасьля сьняданку хобіты перапакаваліся ды прызапасілі ежы на даўжэйшую вандроўку, чым разьлічвалі спачатку. Ужо было амаль дзесяць, калі выправіліся. У гэты час усё Прыгор'е ўзбуджана кіпела. Фродава зьнікненьне, Чорныя Вершнікі, рабаўніцтва ў шынку ды ці ня ў першую чаргу тое, што Швэндал ідзе разам з таемнымі хобітамі, – вось дык навіны! Вартыя, каб не адзін спакойны прыгорскі год іх абмяркоўвалі, смакавалі й перасуджвалі, а пераказвалі – і нашмат даўжэй. Большасьць жыхароў Прыгор'я ды шмат хто з Ярцаў і Прычыцаў высыпалі на Шлях пабачыць вандроўнікаў. Усе госьці выйшлі да дзьвярэй або павысоўваліся з вокнаў.
Праз гэта Швэндал вырашыў некаторы час ісьці па Шляху. Любая спроба зьвярнуць напрамкі цяпер толькі пагоршыла б справы – палова люду пацягнулася б сьледам, зірнуць, куды яны ідуць, і не дазволіць залезьці на чужую зямлю.
Вандроўнікі разьвіталіся з Бобам і Нобам і шматкратна падзякавалі спадару Масьляку.
– Спадзяюся, яшчэ сустрэнемся, – сказаў Фрода. – Мне так хацелася б пажыць пад вашым дахам у спакоі колькі дзён!
Так і выправіліся прэч, заклапочаныя й сумныя, пад позіркі натоўпу, ня надта сяброўскія. Пад дужа непрыемныя выклікі. Але, відавочна, бальшыня баялася Швэндала, і калі ён сувора зьмерваў вачыма – усе змаўкалі й адсоўваліся назад. Швэндал ішоў наперадзе побач з Фрода. Далей крочылі Піпін з Мэры, а апошнім – Сэм, які вёў пад аброць поні. На таго навалілі столькі паклады, колькі дазволіла літасьць да няшчаснай жывёліны, але конік выглядаў нават і ўзрадаваным гэткай зьменаю лёсу. Сэм задуменна хрумкаў яблыкам. Набіў імі поўную кішэню – разьвітальны падарунак ад Боба й Ноба.
– Яблыкі на дарожку, люлька – на адпачынак – і файна, – так сказаў Сэм. – На жаль, і тое, і другое хутка сканчаецца.
Хобіты не зважалі ўвагі на цікаўных, што вызіралі з-за дзьвярэй ці вытыркаліся з-за сьценаў і платоў. Але ж як наблізіліся да Паўднёвай брамы, Фрода ўважліва ўгледзеўся ў шэрую, брудную, недагледжаную хату за шчыльнай агароджай – апошнюю ў вёсцы. Яму падалося: у вакне зьявіўся смуглявы твар з касымі, прыжмуранымі вачыма. Мільгнуў ды адразу й зьнік. Фрода падумаў: "Дык вось дзе ён хаваецца. Ну, рыхтык паўгоблін нейкі".
З-за агароджы на вандроўнікаў дзёрзка пяліўся чалавек з густымі чорнымі бровамі ды змрочнымі кплівымі вачыма: крыва ўсьміхаўся й цмактаў кароткую чорную люльку. Калі падарожнікі наблізіліся, вынуў люльку з роту дый схаркнуў.
– Добрай раніцы, даўгалыгі! – сказаў Швэндалу. – Штосьці рана выправіўся? Нарэшце напаткаў сабе сяброў?
Швэндал кіўнуў, але нічога не адказаў.
– Дабранак, маленькія сябрукі! – гукнуў хобітам. – Спадзяюся, цяміце, з кім павяліся? Гэта ж Швандалюга валацужны. Ведалі б вы, як яго йшчэ называюць! Ну, хутка даведаецеся. Толькі ночы дачакайцеся. Гэй, Сэмка, ты глядзі – добра абыходзься з маім старым дахляцікам. Цьфу! – ён схаркнуў зноў.
Сэм умомант павярнуўся.
– А ты, Бур'яку, лепей схавай сваю пысу, а тое пашкодзіцца.
Сэмава рука мільгнула – і яблык, нібы сам сабою вылецеўшы, патрапіў Білу прамютка ў нос. Біл запозьнена прысеў, каб схавацца за загароджай, ды прыняўся сыпаць адтуль праклёнамі на падарожнікаў.
– Шкада, добры быў яблык, – сказаў Сэм і пакрочыў далей.
Нарэшце пакінулі вёску за сьпінамі. Дзятва ды разявакі, што цягнуліся ззаду, прытаміліся й вярнуліся да брамы. Вандроўнікі яшчэ колькі вёрстаў ішлі па гасьцінцы. Ён збочваў налева, вяртаючыся да ўсходняга напрамку пасьля выгіну вакол Прыгор'я, і неўзабаве спускаўся ў залесеныя мясьціны. Леваруч відаць былі хаты й хобіцкія норы Стадлаў на паўднёва-ўсходніх схілах гары. Далей, на поўнач ад Шляху, віліся струменьчыкі дыму, адзначаючы схаваныя ў глыбокай лагчавіне Ярцы. Яшчэ далей, за дрэвамі, ляжалі Прычыцы.
Прайшоўшы пэўны час па Шляху й ужо пабачыўшы здаля цалкам усю Тутэйшую гару, высачэзную, цёмна-рудую, зьвярнулі на вузкую сьцежку, якая вяла на поўнач.