Што трэба ведаць кожнаму беларусу
- Автор: Ластоўскі Вацлаў
- Год: 1944
- Язык: белорусский
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Што трэба ведаць кожнаму беларусу». Краткое содержание книги:
У гэтай кнізе Вацлаў Ластоўскі — беларускі пісьменьнік, гісторык, літаратуразнавец, публіцыст і палітычны дзеяч, адзін з пачынальнікаў нацыянальнага адраджэньня — распавядае пра сябе і свой народ, пра беларускую зямлю, пра сваю мову, пра гісторыю Беларусі, пра веру беларуса, пра Бацькаўшчыну, пра нацыянальныя адзнакі беларуса, пра патрыятычныя павіннасці, пра беларускую сям'ю, пра беларусаў на чужыне, пра нашую годнасьць.
— Якая патрыятычная павіннасьць кажнага беларуса?
— Сьвятая павіннасьць кажнага беларуса заўсёды і усюды прызнавацца да свайго народу, дбаць аб гонар свае нацыі ды пільна выконваць усё, што прычыняецца да узмацаваныія і адукацыі нашага народу.
Дбайма-ж аб родны край, пільнуймася-ж сваіх павіннасьцяў перад ім. Стараймася, каб імя Беларус заўсёды, ува усіх народаў сустракалася з пашанай.
— Якім спосабам беларус можа дбаць аб умацаваньне і адукацыю свайго народу?
— Кажны чалавек павінен свой народ любіць, ім ганарыцца, для ягонага дабра і славы жыць і працаваць; як мага дбаць аб уздым славы і гонару яго. Кажны патрыёт-беларус болей, чымся хто іншы, няхай стараецца выконваць свае патрыятычныя павіннасьці, бо у нас болей, чымся у іншых, працы, бо мы асталіся ад іншых. Беларускі патрыёт можа дбаць аб узмацаваньне і красаваньне свайго народу праз сям'ю і школу і праз грамадзкую працу.
IX. ПРА БЕЛАРУСКУЮ СЯМ'Ю
— Якія павіннасьці беларуса у сям'і?
— Першая павіннасьць, каб у сям'і беларускай гаварылі і маліліся пабеларуску і каб захоўваліся звычаі і абычаі беларускія; каб па будове ды па рэчах і па усім, што ёсьць у гасподзе, выяўляўся беларускі характар: усялякія узоры, малюнкі, вышыўкі павінны быць у беларускім гусьце. У кажнай беларускай сям'і павінны быць кніжкі беларускія і часопісы, бо благі той беларус, што чытае у сваёй сям'і не сваю беларускую, а чужую, у чужой мове газэту.
Як-бы далейшым працягам сям'і для моладзі зьяўляецца школа. Беларуская сям'я павінна старацца, каб дзеці яе вучыліся у беларускай школе. Чужая школа дагэтуль навучала беларускіх дзяцей любіць чужое і зьневажаць сваё роднае і свой народ, сваю мову і звычаі. Чужая школа гадавала з нашых дзяцей людзей чужых для нашага народу. Дзеля гэтага, кажны патрыёт павінен дакладаць усіх сіл, каб усюды, дзе жывуць беларусы, былі беларускія пачаткавыя, сярэднія і вышэйшыя школы. Сям'я — гэта аснова, фундамант нацыі, а школа — будучыня яе. Беларускі патрыёт павінен дбаць яшчэ і аб тое, каб у беларускіх сем'ях сьпяваліся беларускія песьні і каб у школах навучалі сьпяваць патрыятычныя беларускія песьні.
Беларус павінен жаніцца толькі з беларускай, а беларуска павінна выходзіць замуж толькі за беларуса. Гэтак павінны мы рабіць ня толькі дзеля таго, каб захаваць чысьціню свае расы, але і дзеля таго, каб у нашых сем'ях панавала згода. Тымчасам у сямейным жыцьці няма нічога горшага, як мешанае рознанацыянальнае жанімства. Гэткая мяшаная сям'я пераважна заўсёды сварыцца. Часта бывае так, што жонка беларуса — полька, расейка, ці літоўка — паўстрымвае свайго мужа у ягоных беларускіх нацыянальных імкненьнях, у беларускай нацыянальнай працы і змаганьні, не карысных для жончынае нацыі. Мала таго, пераважна у такіх сем'ях як маці, так і бацька, кажны хоча узгадоўваць сваіх дзяцей пасвойму. Дзеці такім парадкам знаходзяцца на раздарожжы, а гэтага ня можа быць у нас.
Беларуская сям'я павінна узгадоўваць беларускіх дзяцей у беларускім нацыянальным духу, прышчапляючы ім любоў і пашану да свайго краю, да свайго народу, да сваіх народных песьняў, казак, да свае беларускае мовы. У нашых беларускіх сем'ях ня можа быць раздваеньня і хістаньня, а павінна панаваць гармонія і сужыцьцё. Пры тым бацькі павінны старацца сваіх дзяцей адзяваць у беларускія народныя вопраткі: вышываныя кашулі, блюзачкі, спадніцы, сукенкі. Ды наагул усім беларусам ня трэба цурацца сваіх нацыянальных беларускіх убораў, вопраткі, асабліва у сьвяты, трэба іх дэманстрацыйна насіць. Трэба насіць вышываныя ільняныя кашулі (сарочкі), беларускія нацыянальныя гальштукі (краваткі), робленыя з беларускіх паясоў, касьцюмы і паліто з саматканаў і г. д. Асабліва-ж стройна выглядаюць жаноцкія сукенкі з кужалю з беларускімі народнымі вышыванкамі. Пагоня за тандэтнай крамнінай павінна скончыцца, бо нашыя саматканыя вырабы далёка лепшыя і прыгажэйшыя за крамніну. Чужынцы нашымі тканінамі, паясамі, нашымі уборамі даўно ужо захапляюцца, ахвоча іх купляюць, носяць і хваляцца імі, тымчасам усё гэта ня мае свае належнае цаны і пашаны у нас беларусаў. Вось-жа час найвышэйшы, каб мы свае нацыянальныя багацьці таксама належна шанавалі і цанілі.
— Якім павінен быць беларус у грамадзкім жыцьці?
— Беларускае грамадзкае жыцьцё твораць грамады, суполкі, таварыствы, установы, а таксама наш тэатр, канцэрты, забавы, часапісы, прамысловасьць, гандаль — усё гэта месцы публічнага грамадзкага жыцьця і лучнасьці.