Што трэба ведаць кожнаму беларусу
- Автор: Ластоўскі Вацлаў
- Год: 1944
- Язык: белорусский
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Што трэба ведаць кожнаму беларусу». Краткое содержание книги:
У гэтай кнізе Вацлаў Ластоўскі — беларускі пісьменьнік, гісторык, літаратуразнавец, публіцыст і палітычны дзеяч, адзін з пачынальнікаў нацыянальнага адраджэньня — распавядае пра сябе і свой народ, пра беларускую зямлю, пра сваю мову, пра гісторыю Беларусі, пра веру беларуса, пра Бацькаўшчыну, пра нацыянальныя адзнакі беларуса, пра патрыятычныя павіннасці, пра беларускую сям'ю, пра беларусаў на чужыне, пра нашую годнасьць.
У беларускай мове у Вялікім Княстве Беларускім (літоўскім) пісаліся усе законы, вяліся усе урады і суды, адбываліся соймы і інш. Ад тых часоў захавалася багата дакумэнтаў, кніг, граматаў і усе яны пісаныя чысьцюсенькай нашай беларускай мовай.
— Ці маюць беларусы сваю літаратуру (пісьменства)?
— Мы, беларусы, маем багатае сваё асобнае пісьменства. Беларускае пісьменства, літаратура, старэйшае за польскае і маскоўскае. 3 усіх славянскіх народаў адны толькі чэхі мелі раней за беларусаў падрукаваную біблію у сваёй мове.
Чэская біблія выдрукавана у 1488 г. Беларуская » 1517 г. Украінская » 1555 г. Польская » 1561 г. Літоўская » 1660 г. Маскоўская » 1751 г.Беларусы даўнейшымі часамі мелі вельмі багатае сваё пісьменства. У XVI стагодзьдзі былі напісаныя і надрукаваныя у беларускай мове усе законы, духоўныя кнігі (праваслаўныя, каталіцкія, уніяцкія і рэфармацкія), гістарычныя, навуковыя і усякія іншыя. Пасьля наш народ заняпаў, яго задушылі, заціснулі, пры гэтым і пісьменнасьць заглушылі. Калі нашая бацькаўшчына падпала пад Расею (Маскоўшчыну), дык нават зусім было забаронена што-небудзь пісаць і друкаваць пабеларуску. Толькі у 1905 годзе, у часе расейскай рэвалюцыі, беларусы дамагліся права друкаваць кнігі ў сваёй мове. За кароткі час ад 1905 г. беларускія пісьменьнікі напісалі багата харошых і цікавых кніжак, стварылі новую беларускую літаратуру. Цяпер беларусы маюць не малую і новую сваю літаратуру, і шмат газэтаў і часапісаў.
— Ці беларуская мова адна на ўсёй Беларусі?
— Беларуская мова адна і тая самая на усёй Беларусі, але як і усе старадаўныя і жывыя мовы, так і нашая мае свае адмены — дыялекты або гаворкі. У нас ёсьць колькі такіх дыялектаў або гаворак, прыкладам, віцебская, смаленская, палеская, цэнтральная (менская, слуцкая) і г. д.
— Чаму іншыя беларусы стараюцца гаварыць чужой мовай заміж сваёй?
— Тыя беларусы, што стараюцца гаварыць чужой мовай, унікаючы свае, бываюць або шэльмы-душапрадаўцы, ды перакіньчыкі, або проста людзі цёмныя, якіх апуталі ворагі нашага народу. Першыя не гавораць пабеларуску дзеля свае асабістае карысьці, бо пайшлі у найміты да чужынцаў і працуюць зусім сьведама на шкоду беларускаму народу, каб яго выгубіць. Другія не гавораць праз цемнату сваю, бо паверылі нашым ворагам. што мова нашая «брыдкая», «простая» і за рознымі нашымі зладумцамі ідуць, як авечкі, на бойню. Абавязак кажнага сьведамага беларуса з першымі — ворагамі — змагацца, а другіх — цёмных — усьведамляць, выясьняючы ім праўду і навучаючьг гісторыі нашай ды шырачы беларускае друкаванае слова.
— Што сталася-б, каб мы забыліся свае роднае мовы?
— Калі-б мы нашую родную мову закінулі, забыліся, а прынялі чужую, тады па усіх нас і сьлед загінуў-бы на зямлі.
Наш паэта Францішак Багушэвіч (Мацей Бурачок) у прадмове да «Беларускай Дудкі» кажа: «Шмат было такіх народаў, што страцілі найперш сваю мову, так як той чалавек перад скананьнем, катораму мову займае, пасьля і зусім замерлі. Не пакідайце-ж мовы нашай беларускай, каб ня умерлі! Пазнаюць людзі людзей па абліччу ці па адзежы, якую хто носіць. Вось-жа мова — гэта ёсьць аблічча і адзежа душы людзкой».
Хто не шануе родную мову, той не шануе сябе самога, ні свой род, ні сваіх дзядоў, — бацькоў, якія гэтай мовай гаварылі. А хто саромеецца свае мовы, варты таго, каб і яго добрыя людзі саромеліся, як вырадка, каб ім пагарджалі, як недалюдкам, бо саромеючыся роднае мовы, ён крыўдзіць ня толькі дзядоў — бацькоў сваіх, але і увесь народ. Справядлівы, добры чалавек ніколі не саромеецца роднае мовы. Ён і сам гаворыць сваёй роднай мовай і глядзіць каб і іншыя яе шанавалі: