Апавяданні ў перакладзе Валерыі Далевіч
- Автор: Брэдбэры Рэй
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Переводчик: Валерыя Далевіч
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Апавяданні ў перакладзе Валерыі Далевіч». Краткое содержание книги:
Аўтаркай перакладу ёсць Валерыя Далевіч — маладая дзяўчына з Магілёва, якая захапляецца літататурай, мастацтвам і аўтаспынам. Валерыя займаецца перакладам творчасці Рэя Брэдбэры ня так даўно, але ўжо плануе выдаць цэлую кнігу яго твораў у перакладзе на беларускую мову.
- Ладна, зайду, тым больш, што ў мяне да Цябе ёсьць размова. Адыдзі-ка. Ну вось, я на мейсцы.
Стыў Ральфс падаўся назад у пакой і паказаў на фатэль.
- Сядай.
- Відаць, мне тут ня надта рады. – Гэнры спусьціўся ў фатэль. – Ці ня знойдзецца ў гэтай хаце чаго-небудзь гарачыльнага?
- Я толькі хацеў прапанаваць. – Стыў Ральфс кінуўся ў кухню і праз хвіліну павярнуўся з падносам, на якім стаялі дзьве шклянкі, вядзерца зь ільдом і бутэлька. Калі ён разьліваў шатляндзкі віскі, у яго заўважна дрыжалі рукі.
- Цябе трасе, – сказаў Гэнры Гросбак. – Што здарылася?
- Нібы Ты ня ведаеш! Здагадайся сам. Вось, трымай. - Гэнры ўзяў шклянку.
- Куды столькі?
- Табе не пашкодзіць. Пі.
Яны выпілі, і Гэнры ўважліва агледзеў рукавы і лацканы свайго пінжака.
- Ты так і не адказаў, куды я іду, – нагадаў ён. – Альбо адкуль? Гэты касьцюм я апранаю зрэдку, хіба што ў дні канцэртаў. Калі выходзіш на сцэну, хочацца, кажучы высокім штылем, здабыць павагу шаноўнае публікі. Хвацкі напой. Дзякуй. Ну, што скажаш?
Ён сьвідраваў Стыва Ральфса неміргаючым, пранікнёным позіркам.
Стыў Ральфс нагбом выпіў паўшклянкі і заплюшчыў вочы.
- Гэнры, памілуй, Ты ўжо бываў вельмі, вельмі далёка, але чамусьці павярнуўся. Цяпер Ты абавязаны вярнуцца туды ж.
- Дзе гэта “вельмі, вельмі далёка”? Не кажы загадкамі!
Расплюшчыўшы вочы, Стыў Ральфс адказаў пытаньнем на пытаньне:
- Як Ты патрапіў сюды? Прыехаў аўтобусам, таксоўкай, спадарожнай машынай… альбо… ішоў пешшу ад самых могілак?
- Аўтобусам? Таксоўкай? Пешшу? Пры чым тут могілкі?
- Дапівай віскі. Гэнры, Ты ўжо чатыры гады на могілках.
- Не нясі лухты. Што мне там рабіць? Аніразу за жыцьцё не наймаўся… – Гэнры запінуўся і марудна патануў у фатэлі. – Ты хочаш сказаць?...
Стыў Ральфс кіўнуў:
- Так, Гэнры, гэта так.
- Атрымліваецца, я нябожчык? Чатыры гады ляжу на могілках? Чаму ж мне ніхто не паведаміў?
- Нябожчыку складана паведаміць, што Ён памёр.
- І то слушна.
Гэнры спустошыў шклянку і пацягнуўся за яшчэ адной порцыяй. Стыў Ральфс дадаў яму яшчэ віскі.
- Ну і справы, – працянуў Гэнры Гросбак. – Хто б мог падумаць. Вось, значыцца, чаму мяне больш ня цягне нюхаць зельле.
- Так, вось чаму, Гэнры. Нешта я затрымліваюся. – Стыў Ральфс дадаў сабе віскі і не раздумваючы выпіў.
- Вось, значыцца, чаму Ты так ашалеў, калі ўбачыў мяне на парозе…
- Так, Гэнры, менавіта таму.
- Ну, выбачай. Кажу Табе, у мяне і ў думках не было…
- Не ўставай, Гэнры. Сядзі, калі прыйшоў.
- Але ўлічваючы абставіны…
- Усё нармалёва. Я ў парадку. Нават улічваючы абставіны, Ты застаешся маім лепшым сябрам, і мне, не пабаюся гэтага слова, радасна Цябе бачыць.
- Дзіўна. Я таксама не зьлякаўся, калі Цябе ўбачыў.
- Гэта розныя рэчы, Гэнры. Гэта значыць у нейкім сэньсе…
- Ты жывы, а я – зусім наадварот, так? Зразумела. Вітаю, мне трэба ісьці.
- Як Ты сказаў?
- У Граўча Маркса была песьня з такой назвай.
- Ах, так. Памятаю.
- Цудоўны актор. Сапраўдны комік. Ён яшчэ выступае? Альбо таксама памёр?
- Баюся, што памёр.
- А Ты не палохайся. Я, напрыклад, нічога не баюся. Сам ня ведаю чаму. Ну ладна. – Гэнры Гросбак распрастаў плечы. – Давай бліжэй да справы.
- Хіба ў Цябе ёсьць да мяне справа?
- Я адразу папярэдзіў. Справа важная. Абмінуць яе маўчаньнем нельга. Я вельмі ўзрушаны.
- Спачатку я таксама быў узрушаны, але спіртное робіць цуд. Не цягні, Гэнры, распавядай.
- Тут якая справа… – пачаў казаць Гэнры Гросбак, пасьпешна скончыўшы другую шклянку. – Жонка ад мяне аддалілася.
- Гэта натуральна, Гэнры. У Яе…
- Не перапыняй. Спачатку Яна прыходзіла штодня. То кветкі прынясе, то кніжку побач пакладзе, то пасядзіць-парумзае. І так дзень на дзень. Потым праз дзень. А зараз і ўвогуле не з’яўляецца. Як гэта разумець? Дадай-ка.
Стыў Ральфс нахіліў бытэльку.
- Гэнры, чатыры гады – доўгі тэрмін…
- Не спрачаюся. Але гэта нішто ў параўнаньні зь вечнасьцю. Вечнасьць – вось сапраўдная камэдыя.
- Няўжо Ты сур’ёзна разьлічваў, што Цябе будуць забаўляць вечна?
- Чаму б і не? З Эвелінай сумаваць не прыходзілася. Мяняла сукенкі, калі я пажадаю, па два-тры разы на дзень. Не прапускала ніводнае кніжнае крамы, купляла для мяне апошнія навінкі, чытала ўголас добрую старую клясыку, сама выбірала мне гальштукі, нават чысьціла чаравікі – а як эмансіпіраваныя сяброўкі зьдзекаваліся з-за гэтага! Карацей кажучы, расьпесьціла мяне. Не хаваю: жадаю, каб і надалей дбала пра мяне.
- Так не бывае, Гэнры.
Паразважаўшы, Гэнры Гросбак змрочна кіўнуў і зрабіў пару глыткоў.