Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]
- Автор: Короткевич Владимир Семенович
- Год: 1989
- Язык: белорусский
- Жанр: Классическая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]». Краткое содержание книги:
Кандрат пакiваў галавою i адразу заўсмiхаўся, таксама ўспомнiў:
– З Гаўрылавым шваграм яшчэ лепей было. Той дачуўся ад кагось, што калi не есцi цэлы дзень у апошнiя дзяды перад каляднымi запускамі i потым аднаму легчы ў хаце i не гаварыць, не смяяцца, дык можна ўбачыць “дзядоў”. Так i зрабiў. А вечар цёмны, лiстападаўскi. Во ён ляжыць i бачыць, – лезуць праз вяршок для дыму… Спачатку бацька ягоны, нябожчык, лезе, потым дзед, потым прадзед. Пэўна, усiх, аж да самога Адама, пабачыў бы. Аж за прадзедам лезе дзядзька. Святога жыцця быў чалавек, службы нiводнай не прапусцiў. Вечна яго жыццём малому вочы калолi, як, бывала, забярэцца ў чужы гарох цi рошчыны цiшком возьме i наесца. Лезе дзядзька i лезе, амаль увесь ужо прасунуўся, аж тут яго нешта затрымала: як нi тузаецца- не пралазiць, i ўсё. Аж гэта ў яго да пояса барана прывязана. Украў у зямным жыццi i нават на споведзi не пакаяўся. Тут Данiлаў швагер прыпомнiў усе мукi, што праз дзядзькаву святасць нацярпеўся, ды як зарагоча. Ну i ўсё. Вылецелi яны ўсе ў вяршок i знiклi. Паклаў у вогнiшча вялiкую сухастоiну.
– Кладзiцеся ўсе, хлопцы. Досыць.
…Усе паклалiся. Алесь толькi як ляжаў, так i застаўся. Андрэй паклаў кажух побач з iм, укруцiўся, цiха гукнуў.
– Спiць? – спытаў Кандрат.
– Спiць, – шапнуў Андрэй. – А ты заўважыў, што ў Раўбiча агонь пагас?
“I не сплю зусiм”, – хацеў быў сказаць Алесь, але адразу правалiўся ў такi глыбокi сон, што не паспеў нават варухнуць вуснамi.
Дзецi спалi. Сухастоiна павольна дагарала, рассыпаючы жар. Туман узняўся з лагчыны i падступiў блiжэй, быццам хацеў паслухаць сонныя подыхi. Конi таксама ўжо танулi ў тумане, i толькi iхнiя галовы ды доўгiя шыi ўздымалiся над малочным туманным возерам.
IV
Палявая дарога нырала ў лагчыны, узбiралася на пагоркi i зноў звiвiста падала ўнiз. I так было без канца, а вакол ляжала густа-зялёная, без анiводнай праплешыны рунь, такая маладая i вясёлая на ўзгорках i бяздонная ў лагчынах, такая прагрэтая на сонцы i сцюдзёна-шызая ў ценю, што аж дух займала.
Вельмi-вельмi рэдка траплялiся пасярод бясконцага зялёнага кiлiма вялiзныя, як дубы, дзiчкi, ды там-сям, дзе ў яры выбiвалася крынiчка, схiлялася над ёй срэбная вярба.
I зноў рунь, адна толькi рунь. А над рунню, прывязаныя нябачнымi нiцямi, трапечуць жаўрукi. А на зямлi, на ўсiм яе густа-зялёным абшары, толькi адна рухомая кропка: едзе дарогаю рысорны англiйскi кабрыялет, а ў iм хлопчык адзiнаццацi год i трыццацiгадовы мужчына.
Хлопчык у белым палатне, як мужык. Мужчына ў чашунчовай тройцы, чаравiках i шыракаполым саламяным брылi…
– Можа, вам брыль аддаць, панiч? – голас у мужчыны легкаважны, з выразным польскiм акцэнтам. – Галоўку напячэ.
– Не трэба, пане Выбiцкi.
– То добжэ, глядзiце. Нех тылько панi потым не лае Выбiцкага, калi ў дзiцяцi забалiць галоўка.
– Я каровы на сонцы пасвiў. То яны часам загiзуюць i бягуць як шалёныя, а самому нiчога.
Пан Выбiцкi глядзiць на хлапчука, i на яго маладым, наiўным твары з’яўляецца пакутнiцкi выраз: дзiця пасвiла каровы, – Езус Марыя! Яму хочацца зрабiць хлопцу нешта прыемнае, i ён лезе пальцамі ў кiшэнь камiзэлькi.
– На цукерэк.
– Нашто? – сур’ёзна кажа мужычок. – Яны грошай каштуюць. Завязiце лепш сваiм дзецям.
– Але ж у мяне няма дзяцей, – непаразумела кажа Выбiцкi. – Зусiм няма. Бяры.
– Ну, тады ўжо давайце.
Пан Выбiцкi са скрухаю кiвае галавою. “Мужычок, зусiм мужычок. I гэта сын загоршчынскага князя. Спадкаемца амаль дваццацi дзевяцi тысяч сем’яў, калi прыйдзе час. Дурны звычай!”
Выбiцкаму да слёз шкада хлапчука.
Так яны едуць i едуць. А вакол рунь, рунь i рунь.
…Пан Адам Выбiцкi яшчэ шэсць год назад ледзь не памiраў з голаду разам з бацькамi. Быў ён з чыншавай шляхты, жыў, як большасць такiх, земляробствам. Але стаў на гаспадарку ў няшчасны час.
…Нават год яго нараджэння быў годам чорнага недароду. А потым пайшло i пайшло. Чатыры галодныя гады, з дваццатага па дваццаць чацвёрты. Год адпачынку. А потым пяць год страшнай пошасцi на худобу, калi па ўсiм Прыдняпроўi ледзь засталася дзесятая частка коней i iншай худобы. Каб не кончыцца наглай смерцю, давялося прадаць восем дзесяцiн зямлi з дзесяцi. Ды i апошнюю няма чым было абнасенiць, i яна зарастала гiрсаю, i асотам, i, ад вялiкай кiслаты, хвашчом. У дваццаць чатыры гады Адаму было ўжо так, што хоць у кавалкi iдзi. Тут яго i падабраў Юры Загорскi. Аканомам хлопца прызначаць было рана, i таму пан зрабiў яго чымсьцi накшталт фактара i перакупшчыка, з пенсiяй трыццаць рублёў месячных ды яшчэ з панскiм жыллём, вопраткай i ежай. З таго часу Выбiцкi ног пад сабою ад радасцi не адчуваў.
Фактар з яго быў нявопытны, але рухавы i, галоўнае, бездакорна сумленны, капейкi пад ногаць не зацiсне. I таму Загорскi прывык да яго i адпускаць не хацеў.
I вось зараз яны ехалi ў панскiм кабрыялеце, белы, як апошнi мужык, шэравокi панiч i Выбiцкi, гарбаносы i кашчавы, ушчэнт спалены сонцам, але са старанна дагледжанымi вусiкамi. Ехалi моўчкi, насцярожаныя адзiн да аднаго.
– Што ж, цi падабалася там панiчу? – спытаў нарэшце Выбiцкi.
– Вельмi.
– То ж бачыў я, што тая хлопка так плакала, быццам роднага сына за свет вязуць.
– Яна не хлопка. Яна Марыля, другая мацi мне.
Пан Адам пакруцiў галавою.
– За што ж гэта вы iх так паважаеце, панiч?
– Бо яны працуюць, як Адам i Ева, – завучана сказаў хлопец. – Аруць зямлю i прадуць лён. Выбiцкi ўздыхнуў:
– Э-эх, панiч. Прайшоў той час, калi на зямлi былi толькi Адам i Эва. Прайшоў i не вернецца. Цяпер над Адамам i Эвай цар, потым губернатар, потым ваш ойцец, а потым я, паўпанак.
На вуснах яго з’явiлася iранiчная ўсмешка.
– А яны з усiх нас пасмейваюцца, бо нiчога больш не могуць зрабiць. Пра цара не чуў, а губернатара, як яны кажуць, кулагай аблiлi. Князь, па iхняму прыслоўю, “лярва, хоць i ў барве”. А я, наогул, “цi пан сам пан, цi пан у пана служыць?”. “На назе бот рыпiць, а ў гаршку трасца кiпiць”. Так што нiколi вам, панiч, не быць мужыком, а мужыку не быць панам. I таму час вам забыць аб тым, што вы гулялi з хлопскiмi дзецьмi ў цыркi[9]. Час вучыцца панаваць… Нiколi iм, на жаль, не быць вольнымі, як старапольская шляхта. Заўсёды над iмi будзе прыгон. Чалавек гэта такая халера што прыдумае…
– А белае жарабя? – спытаў Алесь i схаладнеў ад самага нутра, бо зразумеў, што ледзь не ляпнуў лiшняе.
– Якое белае жарабя? – спытаў пан Адам, уважна гледзячы на Алеся.
– Камень унь у яры, – няспрытна выкруцiўся Алесь. – Ляжыць у траве, як белае жарабя.
– А-а, – сказаў абыякава Выбiцкi. – Дык гэта, панiч, хутчэй на белую авечку падобна…
Вочы ягоныя амаль зусiм непрыкметна смяялiся.
– Дык, значыць, вучылi вас там, панiч?
– Вучылi.
– То i добра. Прынамсi, не зблытаеце льну з пшанiцай.
Абодва зноў маўчалi. Цёплы ветрык павяваў у твары, кабрыялет мякка пагойдвала. Пасля амаль бяссоннай ночы Алеся хiлiла ў сон, i ўрэшце ён задрамаў…
…Не было ўжо нi рунi, нi жаўранкаў над ёю, нi сонца. Была ноч, i туман, i доўгiя конскiя шыi над белым возерам. Як тады, у начлежнай няпэўнай дрымоце, ён падступаў траха не да ног, гэты туман, i з туману паступова вырасталі, выходзiлi на ўзгорак, як на бераг, дзiўнай прыгажосцi белыя коні. Маўклiвыя белыя конi, якiя павольна перабiралi нагамi. Ён адзiн ляжаў ля напалову згаслага вогнiшча, а конi стаялi вакол яго i часта, пяшчотна схiлялi да яго галовы i дыхалi цёплым i харошым, а iхнiя вочы былi такiя глыбокiя i такiя добрыя, якiя бываюць толькi ў чалавечай мацi, калi яна глядзiць на дзiця… Конi стаялi i журботна, ласкава глядзелi на яго, а памiж iмi стаяла яшчэ мокрае белае жарабя са смешным тоўстым хвастом… I гэта было такое незразумелае шчасце, што Алесь ледзь не заплакаў. А малочны туман збягаў з зямлi, як вада, i ўсюдых былi белыя… белыя… белыя конi…
9
Гульня накшталт бабак.