Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]
- Автор: Короткевич Владимир Семенович
- Год: 1989
- Язык: белорусский
- Жанр: Классическая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]». Краткое содержание книги:
– Добра спяваеш, хлопчык, – сказаў чалавек, усмiхнуўшыся.
Алесь бадай што перапалохана глядзеў на яго. Больш страшнага твару яму яшчэ нiколi не даводзiлася бачыць. Шырокi i загарэлы ледзь не да гарчычнага адцення, ён увесь быў папаласаваны i зрэзаны страшнымі шнарамi[7] , якiя толькi нейкiм дзiвам не закранулi носа i вачэй. Тоўстага гарбатага носа i бязлiтасных блакiтных вачэй пад чорнымi брывамi. Вусы былi таксама чорныя i доўгiя, але нават яны не маглi схаваць ганарыстых, напышлiва падцiснутых вуснаў. А вось чорныя кудлы на галаве нехта густа перавiў сiвым павуцiннем. Павуцiнне ляжала цэлымi жмутамi, чаргуючыся з чорнымi пасмамi, i падала на плечы коннiка, на каўнер карычневага паляўнiчага адзення, калiсьцi багатага, а цяпер пацёртага i там-сям нават запэцканага.
Вышываныя саквы[8] , якiя носяць аўчары, былi перакiнуты спераду цераз збялелую ад часу скуру сядла. З адной саквы, ля самай рукi, што сцiскала павады, тырчала дзяржальна пiсталета, вiдаць, вельмi дарагога, панскага.
– Добра спяваеш, хлопчык, – паўтарыў чалавек.
Алесь устаў. Ужо каму iншаму, а яму не выпадае цяпер хаваць вочы толькi таму, што другi сядзiць на панскiм канi.
– Хто вы? – спытаў ён больш цiха.
Чалавек не адказаў. Проста працягнуў руку i кончыкам нагайкi прыўзняў падбароддзе хлопца.
– У зрэб’i, – сказаў ён. – Але гэта не тое. Памаўчаў i ўладна спытаў:
– Чый?
– Загорскi, – адказаў замест Алеся Андрэй,
– Гм, – усмiхнуўся чалавек, – не вывеўся, значыць, яшчэ звычай. Што ж, Загорскiя, пазней трапiце да д’ябла ў лапы.
I, жорстка ўсмiхнуўшыся, дадаў:
– Не думаў, што ў некаторых хрыбцiна ёсць… Хлопцы маўчалi, цесна прыцiснуўшыся адзiн да аднаго. Маўчаў i чалавек.
– Хто скажа, як праехаць на Раўбiчы? – сказаў ён нарэшце. – Разводдзi, дарогу там-сям залiло. Блытаў паплавамi.
Дзецi вагалiся.
– Ну? – сказаў чалавек.
– I тады Алесь узняў руку.
– Туды, – сказаў ён. – Проста туды, цераз паплавы.
– Бачыце, iскра, – дадаў Андрэй, – дык гэта якраз акно ў Раўбiчавым доме.
– Акно ў Раўбiчавым доме, – пакiваў галавою чалавек. – Важна. Што ж, буду кiравацца туды… А ты спявай, хлопчык. Спяваць добра… Спявай, пакуль даюць.
Ён рушыў каня i пачаў агiнаць вогнiшча, але раптам спынiўся. I на твары яго Алесь пабачыў няўмелую i таму нават вартую жалю ўсмешку.
– Гэй, – няголасна сказаў ён, – гэта вам.
I, дастаўшы з сакваў, кiнуў да ног Алеся… змяю. Змяя варухнулася пару разоў i замерла.
Алесь не адскочыў. Яму ўпершыню вось так падымалi нагайкай галаву. З хвiлiну ён i коннiк глядзелi адзiн аднаму ў вочы. Потым чорны адвярнуўся i шэнкелямi крануў каня з месца.
Праз якую хвiлiну i каня i коннiка паглынула цемра. Быццам iх нiколi i не было. Быццам змрок нарадзiў iх i змрок адразу ж забраў.
Дзецi яшчэ нейкую хвiлiну стаялi аслупянелыя i глядзелi ў цемрыва. Потым Алесь нагнуўся.
– Укусiць, – з жахам сказаў Павёлка. – Не бяры яе.
Алесь адмахнуўся i падняў змяю, трымаючы каля галавы.
Падышоў да вогнiшча. I толькi тут Кандрат здзiўлена цмокнуў языком.
Змяя была вырабам. З тых вырабаў, што майструюць людзi, якiм вельмi доўга i люта няма чаго рабiць. З доўгай цэльнай палкi, рассечаная амаль наскрозь глыбокiмi выразамi – праз кожную чвэрць дзюйма – i ўмацаваная па баках, спiне i жываце жыламi на ўсю даўжыню, яна нават пафарбаваная была. Спiна i бакi стракатыя, жывот жоўты. Сям-там бакi i разяўленая пачала былi крануты густым кармiнам.
Хлопец варухнуў рукою, i змяя начала выгiнацца, зусiм як жывая.
Падабенства было такое поўнае, што Павал грэблiва сыкнуў.
– Дай, – кiнуў Алесю Андрэй.
Яны зноў паселi вакол вогнiшча i пачалi разглядаць пачвару.
– Нават джала ёсць, – сказаў Кандрат. – I вочы. Во, поскудзь!
Андрэй круцiў змяю ў руках. Потым плюнуў i кiнуў яе ў агонь. Жылы, вiдаць, сталi карабацiцца, бо змяя зноў пачала выкручвацца i вiцца, на гэты раз сама. Драпежна ўздымала галаву i ледзь не ставала на хвост.
– Нашто ты яе? – спытаў Кандрат. – Можна было б суседскiх дзевак пужаць.
– Ды яе ў рукi ўзяць гiдка, – азваўся Павал.
– I гэта, – уголас падумаў Андрэй. – Ды яшчэ i невядома, што за чалавек. Чорны ўвесь. А конь злы, як д’ябал.
Змяя ўсё яшчэ выгiналася, ахопленая агнём.
– Не, хлопцы, – пераканана сказаў Андрэй. – З Раўбiчам нешта не тое. Можа, гэты якраз па яго душу ехаў. Нездарма на ягоны агонь кiраваўся… Тут ужо добрага не чакай, калi па начах такiя шныраць вакол па балоце i з акон вачэй не зводзяць… Прыедзе вось такi – уночы, – абдыме гаспадара, i знiкнуць абодва… Вы глядзiце, не кажыце пра гэта нiкому, а то поп эпiцiм’ямi замучыць.
Кандрат сеў на кукiшкi i пачаў разграбаць жар, а потым прысак.
– Гатова, – сказаў ён, выкочваючы на траву адну бульбiну за другой. – I плюньце вы, хлопчыкi, на гэтыя пабрахенькi. Страшна будзе да ветру ў хмызы схадзiць. Ешце во лепей.
I першы абскроб бульбiну аж да ружовай лушпайкi, разламаў, – пара так i павалiла з сопкага разлому, – i, ашчадна пасалiўшы, пачаў есцi.
Елi бульбу з тонкiмi скрылёчкамi сала. Бульба была смачная, i таму ва ўсiх аж за вушамi трашчала, так намiналi. Павал дык той, наогул, не трацiў часу, каб аскрабаць, i таму увесь рот у яго быў чорны, як у злога сабакi.
– А ты не кажы, – сказаў нарэшце Андрэй. – Пабрахенькi-пабрахенькi, а такiя вось, як гэты, балотныя паны ча-аста па начах лётаюць. Гаўрыла з Драгавiчаў манiў, думаеш?
– А я i не чуў нiчога, што ён там баяў, – сказаў Кандрат.
– Дык ты скажы, Андрэйка, -· папрасiў Павал.
Андрэй кашлянуў, збiраючыся з думкамi.
– Гаўрыла гэты з панскага дазволу палюе. Калi там старому Загорскаму-Вежы качкi спатрэ6iцца цi яшчэ што, дык Гаўрылу кажуць. I вось пайшоў ён раз у пушчу i заблудзiў. Бачыць, што да ранiцы ўсё адно дарогi не знойдзе, i вырашыў начаваць. А багна вакол, дык ён выбраў сухое месца, расклаў на iм цяпло i сядзiць, грэецца. Пачаў быў ужо драмаць. Аж тут бяжыць з цемры нейкi ягамосць, худы, вёрткi i тварам цемнаваты. “Як ты, мужык, смееш на панскiм шляху вогнiшча палiць?! Тут паны хутка будуць ехаць!” “Паночак, – узмалiўся Гаўрыла, – якая тут табе дарога, калi адно багнiшча ўсюдых. Жыватом хутчэй наложыш, чым канем праедзеш”. Той i слухаць не стаў, параскiдаў у багну галавешкi, аж тьrя засычэлi толькi, а сам пабег далей. Гаўрыла стаiць i чакае. Во, думае, напасць. Вiсус нейкi, басурман, жартаваць надумаў з хрысцiянскай душы. А потым чуе: тупочуць капыты, вiшчаць колы. Кацiць карэта шасцерыком, вакол яе конныя. А зверху на карэце паля прывязана. Крык, рогат, конi ржуць. А паны, – i у карэце, i на конях, – усе чорныя, акурат як тэты, са змяёю. Твары цёмныя, валасы чорныя, вопратка чорная з золатам. I карэта чорная. “Набок, мужык!” – крычаць. Тут Гаўрыла i зразумеў: балотныя паны. Кацяць па дрыгве, як па сухiм. Гарэзнiкi! I так цэлымi начамi ганяць будуць. Але Гаўрылу губляць няма чаго: яшчэ, можа, i ўдзень з дрыгвы не выйдзеш. Дык ён пачаў прасiць: “Мае вы паночкi, мае галубочкi, пакажыце дарогу, як мне выйсцi. Заблукаў”. Тыя рагочуць: “Чапляйся ззаду за карэту”. Гаўрыла падчапiўся – як памчалiся яны. Памчалi, як куля. Грукат, дрэвы паабапал валяцца, рогат. Блiзка-далёка-вузка-шырока i вышэй, вышэй. Дух заняло. Зоры вось-вось нiжэй колаў будуць. I тут якраз над галавою галiна высокага дрэва. Ён – цуп за яе! Карэта з-пад ног iрванула i памчалася далей. Толькi хурман зарагатаў i крыкнуў: “Ну, маеш шчасце!” – ды канцом доўгай пугi – мiж вушэй. Гаўрыла заверашчаў, але галiны не адпусцiў. Трымаецца, крычыць гвалту. А далей агледзеўся – аж гэта ён у сваiм двары, вiсiць на перакладзiне, на сваiх варотах. Жонка з хаты выходзiць. Якраз першыя пеўнi. I жонка яму кажа: “Звечара, – кажа, – прапаў, халера. Чаго ты туды палез, чаго ты гарлаеш, чаго лопаiссi, п’янюга?”
7
Шнар – шрам.
8
Саквы – перамётныя сумы.