Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]
- Автор: Короткевич Владимир Семенович
- Год: 1989
- Язык: белорусский
- Жанр: Классическая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]». Краткое содержание книги:
Лёд растаў. Перастала быць няёмка Алесю. Усе засмяялiся. Ды толькi смех яшчэ гучаў не вельмi весела.
– Что же вы, например, ели сегодня на завтрак, мой маленький? – спытала панi Антанiда.
– Сёння… на заўтра? – неўразумела перапытаў Алесь.
– Антонида, – сказаў пан Юры. – Если можешь, говори по-мужицки.
– Што ты еў сёння на… сняданне? – спытала мацi.
– Крышаныя буракi, – басам адказала медзведзяня. – I курыцу елi… Зарэзалi з такой прычыны старога пеўня… Марыля сказала: “Усё адно ўжо, дык няхай хаця панiч-сынок памятае”.
Мацi ўсмiхалася, яе забаўлялi “крышаныя буракi”.
– Жорж, – сказала яна, – няўжо стары певень для iх – свята? I як мог жыць маленькi? Нашто такая жорсткасць з боку старога Вежы?
Шакаладна-матавы твар бацькi спахмурнеў.
– Я вiнен перад табою, Антанiда. Бацька даў толькi лёгкi намёк на тое, што Алеся пажадана аддаць на “дзядзькаванне”. Астатняе дадумаў i вырашыў я. Кагуты – лепшыя гаспадары. Майстры. Сумленныя, здаровыя людзi.
Яго моцныя рукi сцiснулi край абруса:
– Бачыш, ты i ўсе лiчылi мяне легкадумным. Я не хацеў, каб сын пайшоў у мяне. Я хацеў, каб ён быў моцны, увесь ад гэтай зямлi. Няхай сабе яго не кармiлi каплунамі. Ты паглядзi на большасць яго аднагодкаў: спешчаныя, саслабелыя. Заўсёды добра рабiць, як рабiлi дзяды. Яны былi не зусiм дурнi. Я хацеў, каб з яго вырас сапраўдны пан, мацнейшы за хлопаў не толькi розумам, а i целам.
Памаўчаў. Потым сказаў:
– Сын графа Хаданскага, даражэнькага суседа, едзе дарогаю мiж iльноў i кажа ўсур’ёз, што мужычкi будуць з хлебам. Якi з яго будзе гаспадар? Якой павагi яму чакаць ад прыгонных? А гэты будзе iншы… Некалькi год сярод жытнiкаў, простая здаровая ежа, шмат паветра, фiзiчныя практыкаваннi, размеранае жыццё. А лоск мы яму вернем за год.
Хiтравата ўсмiхнуўся у вусы:
– Пад’еў, сынок? На вось табе. Гэта цукраваная садавiна. Гэта называюць цукатамi. Можаш узяць да iх фiлiжаначку кавы.
Густы карычневы струмень пабег у маленькую – з напарстак – фiлiжанку. Мацi з цiкавасцю, нават трошкi грэблiвай, сачыла за тым, як сын бярэ загарэлай лапкай цукат, насцярожана кладзе ў рот.
Тое, што першае трапiла на язык, спадабалася Алесю: цукар, якi часам прывозiлi дзецям i ў Азярышча. Але далей зубы ўлезлi ў нешта вязкае, – груша i не груша, – нечаканае i таму гiдкае.
Ён выплюнуў пад стол.
– Нясмачныя твае… марцыпаны.
Бацькаў твар спахмурнеў, бо на матчыных вачах выступiлi слёзы.
– Ты не маеш рацыi, Антанiда, – сказаў ён. – Я шчаслiвы за хлопца. У яго сяброў страўнiк ужо цяпер назаўсёды сапсуты ласункамi. А гэты будзе, калi спатрэбiцца, варыць жалеза. Быстраногi, спрытны, здаровы. Трэба ж камусьцi цягнуць па зямлi род наступнае тысячагоддзе.
I ён, прыцягнуўшы жонку да сябе, пацалаваў яе ў скронь.
– Аh, Gеоrgеs, – сказала яна, – часам ты такi, што я пачынаю вельмi, вельмi любiць цябе. Бацька ўстаў:
– Пойдзем, сыне. Буду табе ўсё паказваць. А вы заставайцеся тут, пан Адам. Сёння дакладаў не будзе нi ў вас, нi ў галоўнага аканома. Пасядзiце тут з жонкай, папiце кавы… Дарэчы, пенсiю атрымаеце праз тыдзень, за ўсе тры месяцы.
– Што вы, князь, – пачырванеў Выбiцкi. – I так бардзо задоволёны. Што мне трэба, я адзiн.
– Ну то i добра… Пойдзем, Алесь… Што спачатку, сады або дом?
З Алеся было ўжо досыць дома. Трэба было хаця на кароткi час ратавацца. I таму ён сказаў:
– Сады.
Яны спусцiлiся з тэрасы на круг гонару i заглыбiлiся ў адну з радыяльных алей. Толькi тут Алесь адчуў сябе лепей, бо ўсё вакол было знаёмае: дрэвы, трава ля iхнiх каранёў, жвiр пад нагамi.
Некаторы час iшлi моўчкi. Потым бацька, неяк нават вiнавата, сказаў:
– Ты любi яе, Алесь… Любi, як я… Яна мацi табе… Ты не глядзi, што яна строгая… Яна, брат, добрая.
I яго праставаты прыгожы твар быў такi незвычайны, што Алесь апусцiў вочы:
– Буду яе любiць… Што ж, калi ўжо так атрымалася.
Бацька павесялеў.
– Ну вось, вось i добра… Ты не думай. Вось прыйдзе дзень пастрыжэння ў юнакi. Да гэтага дня будуць цябе, брат, шлiфаваць… з пяском, каб не пляваўся… марцыпанамi. А потым, калi толькi захочаш, будзеш ездзiць i да Кагутоў, i ў суседнiя дамы. Я цябе абмяжоўваць не хачу, не буду. Расцi, як трава, як бог загадаў. Гэта лепш… Каня табе падару – дык да Азярышча зусiм блiзка будзе, нейкiх дзесяць вёрст. I помнi: ты тут гаспадар, як я. Загадвай. Прывучайся. Я думаю, будзем сябрамi… А за Кагутоў не бойся, будзе iм добра.
– Я i цябе буду любiць… бацька.
– Ну вось i добра, брат. Хадзем.
Алея вывела iх праз парк i пладовы сад да доўгiх шэрых будынкаў пад чарапiцай. Будынкi абкружаў глыбокi роў, зарослы лопухамі i гускай. Пад iх узнятымi парасончыкамi бруiлася вада. Пад’ёмны масток ляжаў над ровам.
– Тут псярня i стайнi, – сказаў бацька.
На манежнай пляцоўцы ганялi на кордзе коней. Англiчанiн-жакей, даўгазубы i спакойны, як статуя, стаяў на ўзбочыне, паляскваючы лёсачкай па лакавым чобаце. Непарушна прытаiўся з бацькам за руку.
– Што новага, пан Крэбс?
– Гэты народ… – англiчанiн адвёў убок сiгару, зацiснутую памiж простымі, як алоўкi, пальцамі, – яму б ездзiць па-цыганску, без усякi закон… Сёння засеклася Б’янка.
– Можа, яно i лепей, – сказаў бацька, – я заўсёды гаварыў вам, што трэба рыхтаваць на скачкi Змея.
– О, но! – запратэставаў англiчанiн. – Но, Змей! Склад Змея не ёсць адпаведны склад. Паглядзiце на яго бабкi. Паглядзiце – Меры яго мацi, – паглядзiце на яе калмыцкую грудастасць i бадай вiслазадасць. Но, но!
З манежа збiралiся да iх конюхi. Старшы конюх, Змiцер, абпалены сонцам да таго, што скура лупiлася на носе, як на маладой бульбе, зняў шапку.
– Накрыйся, – сказаў бацька. – Ведаеш – не люблю.
Змiцер няшчыра ўздыхнуў, накрыўся.
– I не ўздыхай, – сказаў бацька, – не падлiзвайся. Чуе кошка… Было табе загадана бiнтаваць Б’янку цi не?
– О Змiцер, бестыя Змiцер, – сказаў англiчанiн, – хiтры азiят Змiцер. Яны ўсе ў змове, яны не хацелi Б’янкi, яны хацелi выпусцiць мясцовага дрыкганта… зусiм як сам пан-князь Загорскi.
Бацькавы вочы няўлоўна смяялiся, вельмi сiнiя i прастадушна хiтрыя, як у маладога чорта.
– Што ж зробiш, мiстэр Крэбс. Тут ужо нiчога не зробiш. Вiдаць, будзем выпускаць на скачкi трохгодак Змея, Чаркеса i Мамелюка.
I раўнуў на Змiтра:
– Яшчэ раз гэткае – не пашлю купляць коней. Кувай сабе ў Загоршчыне!
Уздыхнуў:
– Падбяры для панiча кабылку з больш цiхмяных i жарабца.
– Глорыю хiба? – спытаў Змiцер.
– Каб галаву скруцiў?
– Што вы, пане, не ведаеце, як ездзяць мужыцкiя дзецi? Яны з хваста на каня ўзлятаюць, чэрцi… каб брыкнуць не паспела.
– А мне не трэба, – сказаў пан Юры. – Мне трэба, каб ён за якi месяц навучыўся ездзiць прыгожа, а не па-халопску. Потым дамо i сапраўднага жарабца.
– Добра, – сказаў Змiцер i пайшоў у стайнi.
Алесь глянуў на англiчанiна i нечакана заўважыў, што вочы яго смяюцца.
– То гэта малады князь? – спытаў англiчанiн. – Будучы гаспадар?
– Але, – сказаў бацька.
– Новы мятла будзе месцi па-новаму, – сказаў Крэбс. – Крэбс пойдзе адсюль разам з веданнем коней i свавольнасцю. Га?
– Можна мне сказаць, бацька? – спытаў Алесь.
– Кажы.
– Вам не трэба будзе iсцi адсюль, пан Крэбс. Вы харошы. Вы застанецеся тут, i я вам буду больш плацiць.
Бацька ўсмiхнуўся. Халодныя вочы Крэбса пацяплелi.
– Гуд бой, – сказаў ён. – Тады i я буду рабiць малады пан добра. Я навучу пан ездзiць, як малады лорд з найлепшых фамiлiй. – I, глянуўшы на пана Юрыя, дадаў: – I ён нiколi не будзе прымушаць састарэлага ўжо тады Крэбса рабiць супраць сумлення… i падманваць яго. А Крэбс зробiць, каб трохгодкi пана былi лепшыя нават у Пецярбурзе.
Засаромлены бацька адвёў вочы:
– Вам не давядзецца чакаць, пан Крэбс. Я павялiчваю вам пенсiю ўдвая.
– Нашто мне гэта? – сказаў Крэбс. – Лепей бы не трэба стаяць на сваiм. Сапраўдны лорд не ўваходзiць у змову з конюхамi i супраць свайго ж знаўцы, што хоча зрабiць конны завод лорда лепшым за ўсе.