Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]
- Автор: Короткевич Владимир Семенович
- Год: 1989
- Язык: белорусский
- Жанр: Классическая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]». Краткое содержание книги:
– Добра ўжо, Крэбс, прабач, – сказаў бацька. – Больш не буду. Рабi сабе што хочаш.
Конюхi павялi перад людзьмi на ўзбочыне коней. – Ну, якую кабылку бярэш? – сказаў бацька.
Сярод усiх Алесь заўважыў адну, маленькую і ладную, як цацка, усю дзiўна падабраную, чысценькую i як быццам атласную. Масць кабылкi была мышастая, вушкi акуратненькiя, капыткi, як сто-пачкi.
– Гэту, – сказаў Алесь. Англiчанiн пажвавеў:
– У маладога ёсць вока… Варта вучыць… Красуня кабылка… Як маладая лэдзi… Галоўка маленькая, але не злая; шыя – дзiва шыя.
Звярнуўся да бацькi:
– Але вашы iмёны… Бог мой, што за iмя… Для такой лэдзi i раптам: Ка-сюнь-ка.
– Касюнька! – вiскнуў усцешаны Алесь i кiнуўся да кабылкi.
– Цукар вазьмi, – сказаў бацька.
Алесь соваў пад храпу Касюнькi кавалак цукру, i тая далiкатна ляпала па яго далонi цёплай цвёрдай храпай.
– Касюнька мая, Касюнька.
– Вядзiце яе, – сказаў бацька. – Выбiрай другога, Алесь.
Зноў пайшлi конi, i кожны быў прыгожы, бы ў сне, але нейкi не той, без повязi, што вядзе да чалавечага сэрца.
– Пераборлiвы, як Мнiшкава Анэля, – сказаў бацька.
Але ён дарэмна казаў гэта, бо ў той самы момант з варот стайнi з’явiўся Ён, той, без каго жыццё не магло мець сэнсу. Яго вёў пад аброць худы i падабраны хлопец, i Ён, дурэючы, рабiў выгляд, што хоча схапiць хлопца зубамi за плячо.
Ён быў прыгажэйшы за ўсiх на зямлi, прыгажэйшы за ўсiх звяроў i ўсiх людзей. Ён iшоў, прытанцоўваючы на кожным кроку, бязмерна ганарлiвы ад здароўя, сiлы i немагчымай сваёй прыгажосцi.
Белы як снег i бялейшы за яго, з маленькай нервовай галоўкай i доўгай шыяй, увесь дасканаласць i без адзiнай заганы, ён касiў залатым i трошку крывавым па бялку вокам, а ягоныя хвост i грыва, неверагодна доўгiя i мякка-залацiстыя, варушылiся лагоднымi хвалямi.
“Вы, маленькiя людцы, – здаецца, казаў зрак каня. – Што мне да вас? Я дазваляю вам апаганьваць нагамi мае бакi толькi таму, што раблю вам ласку.
І так будзе, пакуль я не знайду таго, каго палюблю. А над тым буду панам, бо я бог, а ён толькi чалавек…”
Бацька глянуў на Алеся i ўздыхнуў: усе было зразумела.
– Логвiн, – сказаў бацька конюху, – вядзi Ургу сюды.
Малады i сур’ёзны хлопец падвёў араба да ix.
– Будзеш канюшым маладога пана, Логвiн, – сказаў пан Юры. – Будзеш ведаць толькi яго. Ургу падрыхтуй. Праз месяц ён спатрэбщца. I ты, Змiцер, ведай: Логвiну належыць толькi Касюнька i Урга. Нiчога больш.
Логвiн усмiхнуўся сцiплай харошай усмешкай.
– Панiча намуштраваць, – сказаў Загорскi. – Навучыць скрэбцi, чысцiць, мыць, даглядаць капты. Навучыць лекавым травам для коней.
– Зробiм, – сказаў Логвiн.
– То тады бывайце… Бывайце, мiстэр Крэбс.
Яны прайшлi конскiя двары i падышлi да старасвецкай каменнай сабакарнi. Чалавек сярэднiх год, з прыкметнай ужо сiвiзною ў доўгiх вусах, буры, як абкураная пенкавая люлька, павольна iшоў да iх. На поясе, што ладна перахватваў яго зялёную венгерку, вiсеў доўгi медны рог.
– Карп, – сказаў бацька, – старшы даязджачы. З гэтым, брат, трымай вуха востра. Сур-ровы.
Карп падышоў да iх i, не вiтаючыся, пачаў дакладаць звонкiм i трошкi сiпаватым, даязджачым голасам:
– Юнка адышла, пан Загорскi.
– Ведаю, – сказаў бацька, – старасць. А добрая была.
– Знайд, памятаеце, са своркі адбiўся. То схапiў, вiдаць, ад нейкай вясковай сучкi, скурапею. Мазалi празрысценькiм бярозавым дзёгцем i акурвалi. Празз два тыднi будзе як шкло… Сцiнай паздаравеў… I яшчэ Аза мела ласку прынесці шчанюкоў.
– Вось гэта добра. Хадзем, Карп.
Сабакарня ўнутры была паўцёмнай, з вузкiмi акенцамi. Каля паўсотнi сабак розных парод i масцей ляжалi i хадзiлi па загарадках. Тут былi выжлы, ганчакi, норныя, дацкiя п’яўкi для мядзведжага палявання. Брудастыя, шчыпцовыя, камякалапыя… Але хлопец яшчэ не мог адрознiваць iх, i таму асаблiва зацiкавiў яго стракаты ньюфаундленд, з добрае цяля ростам, i куток хартоў.
Харты былi ўсе белыя, з доўгiмi шчыпцамi[14]. Вялiзныя iхнiя вочы былi, як чорныя слiвы.
Бацька на хаду даваў парады, якiя Карп слухаў пачцiва, але з нейкай сваёй думкай.
– Пайшлi б вы ўжо, княжа, да Азы, – сказаў ён. – Хвалюецца.
Калiдорчыкам прайшлi ў парадзiльнiк. Тут, у плеценым кашы, ляжала на аўсянай саломе чорная з белым сука iспанскай пароды i махала куртатым хвастом. Ля яе саскоў павiсквалi цёплыя шчанюкi.
Убачыўшы гаспадара, Аза танютка брахнула. Вялiзныя, усе ў дробных завiтках, чорныя вушы раскрылiся.
– Бачыш, – сказаў Алесю пан Юры, – на качак i цецерукоў лепшага не бывае. А якая акуратная. Не сабака, а арыстакратка.
– Я вазьму аднаго шчанюка, – сказаў Алесь.
– Ну вось, – сказаў бацька, – цяпер маеш усё. А iмя ёй будзе – Алма.
Хадзiць давялося доўга. Аглядалi палi, не вельмi добрыя. Аглядалi бровар i – здалёк – багадзельню. Ля сцежкi, што вяла туды, выпадкова падслухалi размову дзвюх старых. Стаялi, абапiраючыся на кii.
– Ты куды iдзеш?
– Га?
– Куды iдзеш, кажу?
– А-а… У анвалiдны дом.
– Ну i як там?
– Нiшто-о.
– Кормяць хаця добра?
– До-обра. Цэбар крупнiку дадуць на тыдзень, акрамя сухога, то хочаш адразу з’еш, хочаш – раздзялi.
I гэта размова сапсула хлопцу ўсю радасць ад Ургi, Касюнькi i Алмы. Не ўзнiмаючы вачэй, ён глуха спытаў бацьку:
– Гэта праўда, што iм адразу даюць?
– А што iм, дрэнна?
– Але чаму адразу?
Селi адпачыць у парку, на лаўцы з неашкураных бярозак.
Бацька пакручваў хвалiсты бялявы вус, з усмешкай паглядаў на сына. Яго загарэлы твар здаваўся алiўкавым ад рухомага ценю дрэў.
– Добры ты, сыне. Я вось купiў у матчынага траюраднага брата, у Кроера, цукраварню. Прыйшоў – аж работнiкi ўсе ў масках, каб не елi цукру. Гэта Кроер прыдумаў.
– Ну i дурань, – сказаў сын. – Я i чуў, што гадзюка.
– Ды i не ў тым справа. Нельга дазволiць такога здзеку. Што яны, быдла, гэтыя людзi, цi што? Я зняў… Але ж нельга дагаджаць. Будзеш салодкi – згiнеш. Багацця аднаго чалавека на ўсiх не выстачыць. Ведаеш, колькi дваран на Магiлёўшчыне?
– Не.
– Патомных нешта каля дваццацi сямi тысяч, асабiстых – каля трох з паловай, але гэтыя не ў лiк. Дык вось, з гэтых дваццацi сямi тысяч маюць права голасу на выбарах у губернскi сход толькi пяцьсот восемдзесят два. А сялян у губернi восемдзесят сем тысяч пяцьсот шэсцьдзесят адна душа – па тры душы на аднаго дваранiна. Дробная шляхта – гэта бочка з порахам. Ненавiдзяць i нас, i сялян. А ў цябе з братам сем тысяч гаспадарскiх душ. Ты з часам дваццаццю дзевяццю тысячамі будзеш уладаць. Трэцяй часткай усiх душ губернi, не лiчачы тых, што за яе межамi. I калi будзеш даверлiва глядзець у драпежныя зяпы – жывога праглынуць.
– А нашто яна мне патрэбна, тая, трэцяя? – спытаў Алесь.
Бацька аслупянеў.
– Ну, хаця б для таго, каб быць добрым да большай колькасцi хрысцiян… Ты не Кроер, не Хаданскi, не Таркайла… Нашы людзi бога моляць, каб не трапiць ад нас да iх.
– Усё адно гэта нiкуды не варта. Хай добры ты. Хай добры буду я. А што, як памрэм? Яны ж тады сваякам пяройдуць, напэўна… тым. Куды ж такi парадак варты, калi чалавек не ведае, што з iм будзе заўтра? I людзi на вёсцы так гавораць i баяцца.
– З намi нiчога не зробiцца, – сказаў бацька. – Не тое перажывалi. Восемсот год за плячыма. I вера ў будучае. Я не баюся нi чумы, нi вайны, нi палiтычных забойстваў, нi руднiкоў. Хвала богу, усяго было. Горшага не будзе.
Памаўчаў, водзячы прутком па пяску.
– Справа ў тым, што ты належыш да самай дзiўнай суполкi на зямлi. У гэтага клана было славутае i грознае мiнулае, – але i тады ў яго не было iмя. У гэтага клана сучаснае, горш за якое цяжка знайсцi, i будучае, што губляецца ў тумане невядомага. Гэта грамада не мае свайго аблiчча – i пагражала калiсь ордэнскiм землям. У яе няма душы – i яна выклiкае магутны выбух сiл у кожнага суседа, што датыкнецца да яе. Тады яна дае такiя ўзлёты генiя, што ўсiх бярэ здзiўленне. Часам яна знiкае, як рака пад зямлёй, каб усплыцъ у зусiм нечаканым месцы, Штохвiлiнна гiне i адначасова жывучая, як нiхто. У цябе няма адзнак, i менавiта ў гэтым вялiкiя твае перавагi. Ты бязлiкi i ты мнагатвары, ты нiшто i ты ўсё. Ты кладоўка самых неверагодных магчымасцей. I ты ганарыся гэтым, ганарыся сваей магутнасцю, ганарыся тым, што ты – гэта ты.
14
Шчыпец – пашча ў хартоў (паляўнiчы жаргон).