Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У першы том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Афганец» (1998 г.), «Ваўчыная яма» (1998 г.), а таксама апавяданньні і прыпавесьці, напісаныя ў 90-х і 2000-х гадах.
1 ... 89 90 91 92 93 94 95 96 97 ... 260
Перейти на страницу:

— Мальцы, не адставаць, не адставаць мне!

Яны выйшлі з падворку на пустэльную ранішнюю вуліцу. Вёска спала, сонца яшчэ ня выкацілася з-за лесу, але навокал было ўжо добра відаць. Недзе ў хляве паблізу спазьнела пракукарэкаў певень, цераз вуліцу, вяртаючыся з начнога паляваньня, перабег чыйсь кот. Саўчанка збочыў на свой падворак і прыхапіў навостраную зьвечара касу — прыдасца. Ля плоту зраньня ўжо пасьвілася сівая каза Бараніхі, яна толькі азірнулася на мужыкоў і працягвала сваю традыцыйную справу. Бараніхі паблізу не было відаць, затое ў сваім двары Снайпер-Іван адразу ўбачыў жонку. Ну вядома, тая ня спала, як заўжды, калі гаспадар дзе-небудзь бавіўся, і цяпер стаяла ў варотцах.

— Куды гэта вы?

Снайпер-Іван зрабіў выгляд, што ня бачыць жонкі і важна пратупаў міма з калом на плячы. Тады жонка зьвярнулася да іншых.

— Аўдзей, Дубчык, куды гэта вы?

— Чакістага біць, — не адразу патлумачыў Дубчык.

— Ай, Божа, здурнелі, ці што! Жонка зусім выскачыла з варотцаў на вуліцу і аж залемантавала ў прадчуваньні хуткага злачынства.

— Спыніцеся, не чапайце яго! Не рабіце таго, вы сябе пагубіце, не хадзіце туды!

— Ціха, цётка! — прыкрыкнуў на яе Ляплеўскі.

Жанчына засталася ззаду, а болей іх ніхто не спыняў, і яны ня надта хуткай хадою ішлі па вуліцы.

Сядзіба Касатага была на канцы вёскі, і чацьвёра мужчын ня надта суладнай чарадой валакліся туды. Імі кіравала да мэты нязьдзейсьненая прага помсты, застарэлая крыўда, якая гэтак нечакана дала магчымасьць сквітацца. Ляплеўскі трымаўся трохі ў баку ад Снайпера-Івана, ягонай рашучасьці на вуліцы пачало бракаваць. Хоць ён і быў ня меней за іншых п’яны, але ня мог не разумець небясьпеку іхнай задумы, асабліва яе наступствы. Мусіць, трэба б запярэчыць гэтаму Снайперу, думаў ён, але пярэчыць усё не выпадала, і ён ішоў разам з усімі — цяпер сьледам за Дубчыкам. Дубчык жа, можа, упершыню адчуў сілу свае праваты і гатовы быў дзеля яе на што хочаш. Асабліва калі разам з мальцамі, на чале з адважным завадатарам Снайперам-Іванам.

Так яны прывалакліся нарэшце ў канец вёскі. Далей ляжаў пусты выган, а да сядзібы Касатага з вуліцы вёў нядбайна агароджаны плотам кароткі завулак. Прайсьці ў той завулак мальцы чамусь асьцерагаліся. Снайпер-Іван спыніўся, за ім спыніліся астатнія.

— А калі ён з нагана праз вакно… — сказаў Ляплеўскі.

Усе на хвіліну змоўклі, прыслухоўваючыся, але ні на падворку, ні ў хаце нічога не было чутна. Пасьля вечаровай гасьціны, мусіць, там яшчэ спалі.

— Я ж казаў: трэба было ўначы, — сказаў Снайпер-Іван.

— Трэба пачакаць: выйдзе. У дзевяць аўтобус, — патлумачыў Саўчанка.

Снайпер-Іван пагадзіўся:

— Правільна! Бы пры шашы ў засадзе.

Яны адышліся на другі бок пыльнай дарогі і спыніліся ля канавы. Нядоўгая вулічная праходка, падобна, стаміла іх пасьля бяссоннае ночы, і Дубчык першы сеў на зямлю за канавай. За ім на дробную, запэцканую курамі траўку апусьціліся Снайпер-Іван і астатнія. Побач Снайпер паклаў інструмэнт забойства — кол.

— Я яму як урэжу! — гразіўся ён. — А вы не зявайце. Як упадзе, адразу насесьці. Галоўнае, каб усе разам. Мы яму пакажам рэпрэсію… А закурыць? Ці ёсьць у каго закурыць?

Усе, аднак, маўчалі, здаецца, курава ні ў кога не было. Тады Снайпер-Іван вылаяўся і сьціх. Мабыць, трэба было патрываць, зрабіць сваю справу, а затым ужо дбаць пра курава ці яшчэ што.

З-за саламяных і шыфэрных дахаў выглянула нарэшце нізкае сьляпучае сонца. Саўчанка глыбей насунуў на вочы кепку. Ягонае звыкла заціснутае пачуцьцё было на парозе нейкага выйсьця. Адчуваў, калі б яны зьдзейсьнілі тое, на што наважыліся, яму была б палёгка. Толькі во гэты Снайпер… Саўчанка пачынаў сумнявацца ў ягоных якасьцях самазванага камандзіра-завадатара, і ўсё болей стаў пазіраць не на падворак Касатага, а на сьцежку ў поле. Там, згледзеў адразу, паявілася з касой раньняя кабета Бараніха, за пуняй на гародзе стала, пастаяла, няўцямна ўзіраючыся з-пад рукі на іхную купку на выгане. Яна ішла касіць пайку, тым напомніўшы Саўчанку пра ягоную патрэбу, і ён затурбаваўся:

— Ну, дзе ён там? Мне тожа касіць трэба.

— Ды чакай ты! У Сібіры не накасіўся! — груба папракнуў яго Снайпер-Іван. — Заб’ем, тады і скосіш.

Яны і яшчэ пасядзелі моўчкі. Напружана ўзіраючыся ў ненавісны падворак, які працягваў мірна спаць. Пэўна, пасьля добрага гасьцяваньня ўвечары. А можа, і ўначы. Але пачынаўся дзень, і ягоныя турботы ўсё болей апаноўвалі людзей. За парканамі суседніх падворкаў замільгалі жаночыя хусткі — гаспадыні распачыналі ранішнюю дойку, выглядвалі на вуліцу, калі пачнуць выганяць на пасту. Дбайна абскубваючы падплоцьце, да мужчын паволі набліжалася памаўзьлівая Баранішына каза. За ёй паявіліся на вуліцы тры хлапчукі, — зь цікаўнасьці да таго, што тут мела адбыцца. Паселі непадалёк пад плотам, моўчкі пазіраючы на мужчын.

1 ... 89 90 91 92 93 94 95 96 97 ... 260
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)