Ноч Цмока
- Автор: Гапеев Валерий Николаевич
- Год: 2016
- Язык: белорусский
- Жанр: Детективная фантастика
Электронная книга - «Ноч Цмока». Краткое содержание книги:
Гэта эратычна-містычны дэтэктыў на тле беларускай правінцыі найноўшага часу…
— Значыць, няшчасны выпадак? — на гэты раз задумліва спытаў Раман.
— Мы прыйшлі да такой высновы, — згодна кіўнуў я галавой. — Можна, канешне, фантазіраваць наконт наўмысных дзеянняў таго ж Дылько, але не мае сэнсу, тым больш ён мёртвы. Ды і той факт, што ён сам рабіў труну для памерлага дзіцяці, вёз патаемна яго на могілкі, кажуць на карысць менавіта няшчаснага выпадку…
Дзіўна, але мне і самому ў той момант такая версія падалася вельмі рэальнай. А чаму б такому і не быць? Можа, у Насці з такой выбуховай нечаканасцю абудзілася звычайная жанчына, што яна стала прагнуць пяшчоты і ласкі ад мужчыны кожную хвіліну, не зважаючы на нядаўнія роды?
— Зразумела, дзякуй, — Раман хутка падаў мне руку, коратка паціснуў, азірнуўся і махнуў рукой.
Я пабачыў той самы аўтамабіль, які стаяў ля пракуратуры, метраў за пяцьдзясят ад нас. Ён газануў і з лёгкім шумам колаў наблізіўся.
— Выбачайце за пературбацыю. Калі трэба будзе — званіце без аніякіх там, — казаў Раман, а сам усё вывучаў мае вочы. — Нам вядома, вашаму пракурору хутка на пенсію, іншы раз у такіх выпадках здараецца гэтакі мяккі, добразычлівы ціск на следства…
— Ды не, пакуль непаразуменняў не было, — пастараўся запэўніць я Рамана.
— Дзякуй за размову! Будзем чакаць ад вас паведамленняў, як знойдзеце нешта незвычайнае ці ўзнікнуць пытанні і складанасці.
Я не мог не адзначыць для сябе яшчэ адзін прафесійны штрых: аўтамабіль спыніўся на некалькі крокаў наперадзе, і, такім чынам, калі гэты Раман сядаў у машыну, я не пабачыў нічога ў салоне. Той факт, што мужчына сеў на задняе сядзенне, таксама нешта казаў.
Я вяртаўся прыцемкамі. Квола ўздрыгнуў тэлефон у кішэні. Дастаў, паглядзеў: Надзея тэлефанавала і тут жа выключылася. Не стаў перазвоньваць — вунь ужо бачны дом.
Яна сустрэла мяне ў веснічках, зазірнула ў вочы.
— Усё добра, — бадзёра ўсміхнуўся я. — Ідзём да мяне!
Мы зайшлі ў дом, і я паўтарыў усхвалявана-радасна:
— Усё добра! — прыгнуўся, абхапіў Надзею пад каленямі ў нечаканай хвалі пяшчоты, падняў на рукі.
— Дурны! Я ж табе не дзяўчынка, надарвешся! — запляскала яна далонямі па маіх плячах. Потым заціхла, я паволі апусціў яе, рукі слізгалі па пяшчотнай скуры яе ног.
— Сяргей твой яшчэ не спіць?
— Не, чытае. Але хутка будзе класціся, заўтра зноў збіраецца на рыбу: у яго яшчэ два дні вольныя, хоча паспець.
— Пакліч яго. І дай мне потым, калі ласка, свой тэлефон. Зраблю адзін званок.
Надзея ні пра што не пыталася. Пазваніла і прамовіла:
— Брацік, падыдзі да Васіля. ты патрэбны.
Адключылася, працягнула мабільнік мне. Я пагартаў свой даведнік, набраў нумар на Надзеіным тэлефоне.
Федарук доўга не адказваў, я зрабіў выклік яшчэ раз. Не дзіўна — незнаёмы для яго нумар. Нарэшце пачулася яго насцярожанае:
— Алё, слухаю. Хто мяне турбуе?
— Гэта следчы пракуратуры Васіль Шайбак, — прадставіўся я. — Выбачайце, не са свайго тэлефона. Я хацеў вам паведаміць: справа будзе закрыта.
— Дзякуй, — адказаў ён, і я міжволі ўсміхнуўся, уявіўшы яго ў гэты момант — настолькі разгублена прагучаў адказ.
— Жывіце спакойна, Алесь Тарасавіч, — працягнуў я. — Адно папрашу вас: калі вы заўважыце нешта істотнае для сябе ў плане, скажам так, бяспекі вашай сям’і, то патэлефануйце мне. Абавязкова патэлефануйце. І менавіта на гэты нумар. Дамовіліся? І яшчэ: я вас буду турбаваць час ад часу пытаннямі, ці ўсё добра. Абяцаеце мне адказваць шчыра і падрабязна?
— Так-так, канешне, — спешна згадзіўся Федарук, і я адключыўся.
— Кавы згатую? — ціха спыталася Надзея.
— Ага. На траіх. І каньяк будзем, ага?
— Ага, — пераадольваючы напружанне, усміхнулася яна, пайшла ставіць чайнік.
Сяргей пакруціў пластмасавага дракончыка ў руках колькі секунд, паклаў на стол.
— Што цікавіць следапыта?
— Што можаш путное прыдумаць, тое і цікавіць, — адказаў я і адкаркаваў бутэльку. — Мне трэба знайсці майстра. Абавязкова.
— З якога перапуду гуляем у такі час? Мне заўтра ўставаць на досвітку, — Сяргей кіўнуў незадаволена на бутэльку.
— Значыць, не ўставаць, — адказаў я. — Ты ж самы блізкі з радні Надзеі, вось і хачу ў цябе папрасіць дазволу на шлюб з ёй, — роблена ўрачыста, дурасліва назваў я прычыну.
— Ды ну? — хмыкнуў Сяргей, потым азірнуўся на Надзею: — Калі ён праўда табе нешта прапаноўваў, дык гані яго!