Ноч Цмока
- Автор: Гапеев Валерий Николаевич
- Год: 2016
- Язык: белорусский
- Жанр: Детективная фантастика
Электронная книга - «Ноч Цмока». Краткое содержание книги:
Гэта эратычна-містычны дэтэктыў на тле беларускай правінцыі найноўшага часу…
— Вывучэнне асабістай перапіскі Насці ў сацыяльных сетках нічога істотнага не дало, каб патлумачыць хаця б яе цяжарнасць, — працягнуў я. — У мяне ўзнікла версія выканання Насцяй ролі сурагатнай маці і канфлікту з заказчыкамі ў канцы, але тут у аварыю трапіў і разбіўся насмерць адзін дачнік (вёсачка стала дачным пасёлкам). Пры ім у машыне знайшлі труп дзіцяці ў маленькай, адмыслова зробленай труне…
— Насця нарадзіла за некалькі дзён да смерці? І пра дзіця ніхто не ведаў?
— Ляўдок — вёска з некалькіх хат, сваіх жыхароў там засталіся адзінкі. Насця з бацькам, які лічыўся раней знахарам-ведзьмаком, жылі адасоблена ад іншых, — патлумачыў я.
І тут віхурай узняліся думкі, якіх я ніяк не чакаў. Смерць праз некалькі дзён пасля родаў. Ці не гэта мела на ўвазе Тамара, калі даводзіла мне, што я даведаюся больш пра жанчын, калі аднойчы народзіць мая некалішняя жонка? Правільна, то ці не адзінае, з чым я не сутыкаўся яшчэ ў жыцці! Замільгацелі бачаныя дзесьці раней кадры нараджэння, успомніліся словы загадчыцы радзільнага аддзялення: «Невялікія разрывы яшчэ не зажылі». Вось жа! Роды для жанчын — траўма, наймацнейшы боль. Пра які секс, якія любошчы можа ісці гаворка праз лічаныя дні пасля родаў? Значыць… Сведчанне Падлужнага пра нейкія дзве аголеныя постаці пад дубам — брахня! Але і першая яго версія пра тое, быццам Насця абярнулася ў ласачку — таксама брахня, бо не да такіх жартачак парадзісе, нават калі і дапусціць, што яна магла такое рабіць. І значыць, Насця загінула неяк па-іншаму! Дык Тамара дакладна гэта зразумела? Але чаму вырашыла закрываць справу? Чаго яна спужалася? Пра нешта здагадвалася, ці ёй падказвала яе жаночая інтуіцыя: справа — далёка не просты крымінал? Федарук казаў: калі ёсць тыя, хто верыць у Цмока і жадае яго нараджэння, ёсць і тыя, якія таксама вераць, але супрацьстаяць гэтаму. Бірулька… «Паляўнічы на Цмока», які знік, бы пад ваду сышоў. Усё гэта пранеслася ў галаве адной кароткай асляпляльнай маланкай.
— І да чаго вы прыйшлі? — нагадаў пра сябе Раман.
Чаму мне так не падабаецца яго пранізлівы позірк? Ён хоча злавіць мяне на хлусні?
— Справу будзем закрываць, — нечакана для сябе цвёрда вымавіў я і адчуў абсалютную ўпэўненасць у тым, што гаварыў. — Відавочна, Насця зацяжарыла ад Дылько. Хутчэй за ўсё, яна паспрабавала стаць нармальнай жанчынай, цераз сілу згадзіўшыся на секс з мужчынам і нараджэнне дзіцяці. На жаль, не праверым, але ўскосна ўсё пацвярджаецца мёртвым дзіцем, якое вёз на могілкі гэты самы паэт.
— Дзіця дакладна тое, якое нарадзіла Насця Грыцук?
Пытанне было хуткім. Яно — галоўнае з таго, што хоча ведаць гэты Раман, зразумеў я. Бо я таксама следчы. Мяне таксама нечаму вучылі. Я не люблю, калі са мной гуляюць. Калі мяне скарыстоўваюць. Калі ад мяне нешта хаваюць.
— Больш няма якому быць, — паціснуў я плячыма, даючы зразумець субяседніку, што ў мяне няма ніякіх сумненняў на гэты конт. — Восенню мінулага года ў Ляўдку ладзіўся нейкі стары абрад. Там Насцю Грыцук ажанілі з гэтым паэтам.
— Цікава, які абрад такі? Хто ладзіў? Нешта сур’ёзнае? Хто там галоўны?
На гэты раз я канчаткова зразумеў мэту сустрэчы са мной гэтага Рамана — чаму яму трэба было абавязкова пабачыцца са мной, а не зрабіць кароткі афіцыйны запыт: ён хоча ведаць не столькі пра ход расследавання і яго вынік, колькі пра маё разумение сітуацыі, адносіны да справы. І другая мэта, канешне, — дзіця Насці.
— Дачнікам іншы раз няма чаго рабіць, вось яны і ладзяць то Купалле, то Дзяды, то нейкага Куста.
Я стараўся гаварыць максімальна пераканаўча, абыякава. Дакладна я не мог бы цяпер адказаць нават самому сабе, навошта мне было хавацца ад прадстаўніка генпракуратуры, чаму сваё першае памкненне распавесці яму пра ўсе мае сумненні я замяніў на цалкам адваротнае? Можа, таму, што я сам пакуль не мог вызначыцца: як я стаўлюся да таго Цмока? Таму, што не зразумеў яшчэ да канца імкненняў пэўнай часткі людзей нешта змяніць у жыцці? Так, я яшчэ не вызначыўся сам. Я сам не зразумеў. А яму, гэтаму Раману, трэба дзіця. І таму пакуль. пакуль мае сумненні павінны застацца са мной. Толькі са мной. Каб пасля не шкадаваць.
— Дык якім чынам загінула Насця?
Раман пытаўся, як і перад гэтым, хутка, прафесійна, і не пераставаў сачыць за выразам майго твару. Не, хлопча, я хоць і правінцыяльны следчы, але ж таксама навучаны…
— Смерць, хутчэй за ўсё, вынік няшчаснага выпадку. Адзін фермер прызнаўся, што ў тую ноч ля старой коннай грабалкі ён бачыў дзве аголеныя постаці — мужчыну і жанчыну. Відавочна, любошчы пад месячыкам. У грабалкі быў ненадзейны рычаг фіксацыі зубоў. Форма, даўжыня зуба суадносяцца з той ранай, якая была зафіксавана на целе трупа.