Ноч Цмока
- Автор: Гапеев Валерий Николаевич
- Год: 2016
- Язык: белорусский
- Жанр: Детективная фантастика
Электронная книга - «Ноч Цмока». Краткое содержание книги:
Гэта эратычна-містычны дэтэктыў на тле беларускай правінцыі найноўшага часу…
— Надзюш. Не крыўдуй на мяне, калі ласка, — павініўся я сам. — Зразумей: мяне вучылі сцерагчы законы, а не распавядалі пра значнасць культуры. Вельмі смачныя пельмені.
— Смачныя, пацвярджаю, — кіўнуў Сяргей, адправіў у рот яшчэ адну пельменіну, устаў і пайшоў да парога. — Не крыўдзі мне сястру, — ці то жартам, ці то ўсур’ёз прыгразіў.
— Ды я не крыўдую, — Надзея працягнула руку цераз стол, кранула далонню маю галаву, злёгку ўзвіхурыла валасы. — Помніш гісторыю? Варвары захапілі Рым. Але іх культура была настолькі слабой і неразвітай, а культура рымлян такой моцнай, што праз некаторы час варвары зніклі — а з’явіліся новыя рымляне. Можна заваяваць краіну, але нельга заваяваць народ. Ён проста можа знікнуць, калі яго культура растане ў іншай. Прабач, я табе так кажу, бы вучню… А пельмені звычайныя, то я ў іх мяса паклала сапраўднае.
— Вунь як! Я і ёсць вучань.
— Ну, тады яшчэ адзін факт майму вучню, — усміхнулася Надзея. — У краінах, дзе нацыянальная палітыка — адна з галоўных у дзяржаве, і жыць добра. Скандынаўскія краіны, напрыклад.
— А Ісландыя? — я ўспомніў сваю размову з Федаруком.
— Вось, Ісландыя. Там ці не самая жорсткая міграцыйная палітыка ў свеце, нацыянальнае ставіцца вышэй за ўсё…
— І ў Ісландыі іншы раз пустуе іх адзіная турма, — дадаў я.
— Вось бачыш… Даядай!
— Многа мне! — прызнаўся я, бо і сапраўды ўжо наеўся, а ў талерцы заставалася яшчэ трэць.
— Не еў жа ні халеры ўвесь дзень! — прыкрыкнула Надзея, і ў яе атрымалася так па-хатняму, так непасрэдна і цёпла, што я залыпаў вачыма.
— Крычыш так. Як на свайго.
— Крычу, пакуль магу. Пакуль тут і мой, — сказала Надзея і сарамліва апусціла вочы.
— Добра, даем. А паслухаеш мяне?
— Куды ад цябе падзенешся, паляўнічы на цмока.
Я ўздрыгнуў. Паляўнічы на цмока. Я ж сапраўды палюю зараз на цмока, я хачу знайсці яго і. пасадзіць у клетку — здаць у дзіцячы дом. Дастаў з кішэні бірульку, працягнуў Надзеі.
— Глядзі.
— Што гэта? — Надзея ўзяла дракончыка з відавочнай насцярогай у вачах.
Я прыўзняў палец угару з маўклівай просьбай пачакаць, бо якраз жаваў, хутка даеў пельмені, пасунуў ад сябе талерку. Надзея забрала яе і аднесла, пасля прысела побач са мной.
— Ну?
Я стаў расказваць ёй пра ўсё: пра размову з Федаруком, пра допыт Падлужнага, пра загад Тамары закрываць справу, пра сустрэчу з Ганнай Латышонак і яе знаходку.
— Бачыш — я маю ўсе шансы трапіць у падручнікі па следстве: нідзе яшчэ не апісаны выпадак забойства, калі забілі маленькага драпежнага звярка, а ў выніку на полі апынуўся труп жанчыны!
— Не верыш? — прыжмурылася Надзея. — А ты ж казаў, там слядоў аніякіх не было. Бачыш, і тлумачэнне адразу: слядоў ласкі нельга было заўважыць. Памерла — і стала чалавекам зноў, — уздыхнула яна.
— Ты здзекуешся? Вось так мне і запісаць: жанчына абярнулася ласкай. Ты зможаш у ласку ператварыцца? Ты ж таксама ведзьма!
— Эх ты, недаверак! — Надзея ўскудлаціла мае валасы, пасля захапіла іх, пацягнула назад, прымусіла мяне адкінуць галаву. Наблізіла свой твар да майго, зазірнула ў вочы. Яе зрэнкі былі так блізка, што абрысы расплыліся, яе вочы ператварыліся ў нябачанае раней бяздоннае і жывое мроіва. Надзея зашаптала горача і адначасова ўсмешліва, з абяцаннем і перакананай верай: — Недаверак мой любы. Калі жанчына кахае — яна ўсё можа. Дзіва хіба — стаць жанчыне ласачкай? Ды калі засумую без цябе, калі доўга пабачыць не змагу — лелькай-матыльком да цябе прылячу, самы капрызны вецер спадарожным зраблю, каб нёс мае тонкія крылы імкліва. Тым матыльком, паўлінавым вокам, ведаеш? Прылячу і тымі вачамі на аксамітных крылах у душу табе зазірну, да самага донца. Пабачу там каханне тваё, пабачу сябе ў тваіх зрэнках і вярнуся самай шчаслівай дадому…
Надзеіна дыхание ветрыкам казытала мой твар. Я памкнуўся наперад, сустрэўся сваімі вуснамі з яе, прыпаў, прытуліўшы мякка яе галаву да сябе.
— Пусці. Пра справу думай, таварыш следчы! — вызвалілася Надзея.
— Жанчына ўсё можа, ведай!
— Пачынаю верыць! — уздыхнуў я. — Яшчэ кавы кубачак з тваіх рук
— і запішуся ў апалагеты вядзьмарства! А зараз пакуру і зраблю адзін званочак, ага?
— Ага. Куры і звані. Кава хутка.
Прысеў на лавачку ля хаты, дастаў з кішэні аркушы з раздрукоўкай тэлефонных званкоў Ганны Латышонак. Акуратна выкрэсліваў тыя, які не падыходзілі ніяк. Патрэбны нумар — з дзвюма лічбамі «4» — быў толькі адзін. Па часе супадала — вясна-лета мінулага года.
Я захваляваўся. Не разумеў, чаму так адбылося, таму зазлаваў на сябе. Гэты званок мог нешта прынцыпова змяніць? Няўжо трэба ўсур’ёз думаць аб дачыненні невядомага «паляўнічага на Цмока» да смерці Насці?