Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Козько Виктор Афанасьевич
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00519-4
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
Усцешваў Сідара і застаўлены закускамі стол, цешыла вока вышываная чырвоным крыжыкам настольніца. Сэрца было перапоўнена прыемным чаканнем свята. Уласна кажучы, свята гэта яго, Сідарава, яго гэта ўжо дзень. Ён адчуў гэта яшчэ там, каля помніка, калі першы раз датыкнуўся сякераю да пастамента. Быццам голаю рукой датыкнуўся да аголеных электрычных правадоў, баязліва і скрадліва. I не ўтрымаў у руках сякеру. Гэта быў той самы мужыцкі самакал, што некалі далі яму немцы, каб ён высек сад. I самакал са скрыгатам, зубрачыся і высякаючы іскры, прайшоўся не па шве, а па цэльнай цагліне. Падвялі рукі. Але Сідар супакоіў іх. I маці родная не магла б параўнацца з, тым, як замілавана і ашчадна ён карчаваў, аддзяляў бюст ад пастамента. I якой паслухмянай, відушчай стала ў яго руках сякера. Яна згадвала самую маленькую шчылінку, яшчаркай упаўзала ў тую шчылінку, імгненна набракала, пялася і тужылася там, згіналася і разгіналася, пашыраючы шчылінку. Не шкадавала сябе, не баялася вышчарбіцца і зламацца, паўзла па шве ад спіны да грудзіны, адслойваючы ссінелым ад напружання лязом, раздзіраючы мёртва сашчэпленыя цагліны. Адна за адной яны адшчэпліваліся, саступаючы хутчэй нават не сякеры, а яго, Сідараву, хаценню і напалу. Здаўлена, здушана пры гэтым ускрыквалі там, у глыбі пастамента, скрадзена, як арэхі ў самкнутым роце, лопаліся, расслойваліся. Сталь перадавала гэтае нябачнае расслойванне, якое адбывалася ўсярэдзіне, у каменных вантробах помніка, дрэву, тапарышчу, тапарышча — пальцам, рукам, наструненым у іх жылам. I Сідару ўвесь час здавалася, што хтосьці стаіць побач з ім і грае на скрыпцы. Так спявала ўсё ў ім. Музыка гэтая не адышла ад яго, калі ён выкінуў з ямы на паверхню апошнюю лапату зямлі. Не адышла яна, калі Сідар застаўся ўжо адзін, пайшоў ад Мар'яна з Якубам, хутчэй нават наадварот, набрала сілы і вышыні. I сам ён як падужэў, лёгкасць ва ўсім целе, быццам крылы ў яго выраслі. I ён бег дамоў, як на крылах ляцеў, здзіўляўся, што гэта яму прыйшло ў галаву зваць да сябе Мар'яна з Якубам. Ну, аднаго Якуба ясна, старшыня, чалавек карысны і да таго ж на чарку падкі. А Мар'яна навошта? Хоць жывуць яны ў адным сяле і робяць разам, але ні Мар'ян у яго хаце, ні ён у Мар'янавай так ні разу і не былі. Па-за дзетдомам дык Мар'ян нават абыходзіць яго бокам, грэбуе ім. I ён, Сідар, ніколі не набіваецца на сустрэчу і гаворку з ім. А тут раптам немаведама чаму захацелася зацягнуць у хату Мар'яна, таму і кінуў ён яму гэтую нажыўку з бацькам. Хаця якраз пра бацьку Мар'яна, Івана Знаўца, яму, Сідару, менш за ўсё і хацелася ўспамінаць, варушыць мінулае. I Сідар праклінаў сябе, што распусціў так язык, кляў і адначасова апраўдваў, заклікаў, прызываў Мар'яна, іменна Мар'яна, а не Якуба ў хату да сябе. I сам не мог зразумець, што гэта такое робіцца з ім. Жаданне было нейкае бязглуздае, як смяротнае, так, мусіць, толькі цяжарнай бабе раптоўна мо прыхочацца чаго-небудзь кіслага ці горкага. Вось і яго цягне, цягне да Мар'яна, быццам смяротна грэшны ён перад ім. А граху ж аніякага, акрамя таго, што мацней, чымсьці з кім-небудзь другім у сяле, павязаў яго лёс са Знаўцовым родам.
Ён, Сідар, з Мар'янам аднагодкі. Яго бацька і бацька Мар'яна разам хадзілі праз граніцу ў Польшчу, што яны там рабілі, чым займаліся, пра тое Сідар не ведае і ведаць не жадае, не яго гэта справа. Але факт адзін: хадзілі разам. Знаўцоў і Місцюкоў у адзін дзень пагранічнікі сагналі з зямлі, выгналі з хат. Ён, Сідар, сядзеў у адной турме з Іванам Знаўцом. За што сядзеў Іван? Пра тое ён у яго не пытаўся. Кожны за сваё. I гэтае сваё Сідар не хацеў выцягваць на свет. Не хацеў датыкацца і Знаўцовага. Разам выйшлі яны з турмы, абодвум пашчасціла, выпала планіда застацца жыць. Іван Знавец, праўда, пазней загінуў. Загінуў і брат яго, Міхаіл. Дык не ён жа, Сідар Місцюк, вінаваты ў тым. Не ён жа ставіў іх пад рулі вінтовак. Не ён жа наводзіў на іх гэтыя рулі, і страляў тым больш не ён. Самі ва ўсім вінаватыя. Ён, Сідар Місцюк, адчуваў, прадбачыў, як яно будзе, і таму застаўся жывы. А Іван з Міхаілам параць зямлю. Збылося прадпісанае, тое, што кожнаму чалавеку загадзя пры нараджэнні яшчэ наканавана. Хай не гавораць лішняга: хто хацеў жыць, той выжыў і сумленнем не паступіўся. Як не паступіўся ён. Хаця ўпасці лёгка было, ох, як лёгка, і кожную хвіліну. Наогул, жыццё чалавечае капейка. I тыя, і другія, і свае, і чужыя пакажуць табе дарогу на той свет, як кажуць, не адыходзячы ад касы. Не так павярнуўся, не ў той бок дыхнуў — і пішы прапала. Мучыцца чалавек, калі нараджаецца на свет, а забіць яго што два пальцы абмачыць. Тут далёка і па прыклад хадзіць не трэба. Успомніць таго ж Івана Знаўца, і не проста ўспомніць, паварушыць мазгамі, калі яны ёсць, канечне, у цябе. I вынік адсюль: не нарывайся, не лезь на ражон. На тым ражне шмат ужо насаджана. А насадзілі цябе на ражон, позна разбірацца, які ты ды хто ты. Хай ты сам анёл ці сам гасподзь бог, а ўсё роўна не саскочыш, будзеш як матылёк, засушаны між дзвюма старонкамі паперы, паглядзяць на цябе, здуюць пыл і загорнуць лісток: спі спакойна, дарагі друг і таварыш.