Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Козько Виктор Афанасьевич
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00519-4
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
— Не так,— сказаў Місцюк.— Вось вы мяне ўчора ўсё яго імём страшылі. А дзе ён сёння? Дзе яна, праўда яго? Адкажы і ты мне, будзь ласкавы, Мар'ян. Маўчыш, няма чаго сказаць. А я скажу. Па мне — кожная ўлада добрая,быў бы я добры. Я маўчу, маўчу, але ўсё чую. Ты ж новую ўладу паносіш ужо, лаеш новую ўладу. I Якуб сведкам будзе. Ты чуў, Якуб?
— Нічога я не чуў. Давайце лепш вып'ем, мужыкі.
— Эх, Якуб, Якуб, лепш бы цябе расстралялі тады, у сорак першым. Мо хто б лепшы выжыў.
— Мо яно і лепш было б,— сказаў Якуб, але Мар'ян яго не пачуў, ён цягнуўся да Місцюка, імкнучыся ўхапіць яго загрудкі, але той прадбачліва адсунуўся, узяў з пастамента сваю шклянку з гарэлкаю.
— Слабы ты, Мар'ян, супроць мяне. I на гарэлку слабы. А жаданне маё, загадка мая, трэцюю, апошнюю ж п'ем, вось такая...— I Місцюк адным глытком апаражніў шклянку.— Паставіць хату ў садзе. Каб пад маей хатай пахаваны быў Сталін... А яшчэ, я чакаю вас сёння ў сваёй хаце. Захочаце дабавіць — у вас няма, а ў мяне ёсць. Пра бацьку твайго раскажу табе, Мар'ян.— I на гэтых словах Місцюк схаваў пустую ўжо шклянку за пазуху, таму як гэта была яго шклянка, узяў мех з пустымі бутэлькамі і, не чакаючы, пакуль Мар'ян з Якубам вып'юць, пайшоў ад іх прэч. Якуб з Мар'янам не паспелі і вокам міргнуць, як засталіся адны. I, гледзячы на іх, жмурыўся, па-дзіцячы светла ўсміхаючыся, кучаравы хлопчык, гола свяціўся пры месяцы выведзены з чырвонае цэглы падмурак пастамента. Колка задуваў па-сапраўднаму, па-зімоваму халодны вецер, нагадваючы пра недалёкі снег. Мар'ян устаў з лавачкі, што стаяла каля пастамента, падумаў яшчэ, што варта было б прыбраць і гэтую лавачку, але зробіцца гэта ўжо без яго, не яго гэта ўжо клопат; не развітаўшыся з Якубам, не сказаўшы яму ні слова, скіраваў да дзетдомаўскага парога. Ён ішоў развітвацца з дзетдомаўцамі. Заўтра, а мо і сёння, ён ад'язджаў. У кішэні ляжала павестка з ваенкамата і прадпісанне прыбыць наЗаходнюю граніцу. Аб гэтай павестцы і прадпісанні ніхто не ведаў, нават жонка. Мар'ян сам папрасіўся пайсці служыць у армію. Ён уцякаў, уцякаў, каб схавацца пад вайсковаю формай, пад вайсковую яснасць і выразнасць ваенных загадаў і каманд. I толькі цяпер ён адчуў, што не здольны збегчы, не развітаўшыся з дзетдомаўцамі, яму не даруюць гэтага, ён сам сабе не даруе.
Ён абышоў адну за адною ўсе дзетдомаўскія спальні дзяўчынак і хлопчыкаў. Спакой, цішыня, парадак. Усе ўжо спалі. Зрэдку-зрэдку толькі хтось з дзяўчынак ці хлопчыкаў ускідваўся і крычаў праз сон. Што ж яны сняць, спытаў ён у сябе і не ведаў, што адказаць. Апошняю наведаў спальню так званых «макруноў», тых, хто мачыўся ноччу. Дух там стаяў густы і цяжкі. Але ў той спальні ён затрымаўся больш, чым у іншых. Тут таксама крычалі і ўскідваліся. Але крычалі гучна, клікалі маці. А ён стаяў і баяўся паварушыцца, каб не перабіць ім сон. Ён плакаў і не даваў сабе веры ў тое, што плача.
Стол быў пакрыты як на вяселле, над белую, вышываную чырвонымі крыжыкамі настольніцу, праўда, настольніца тая яшчэ з даваеннага часу ляжала ў скрыні і трохі зжоўкла. Але пра гэтую жоўкласць ведалі толькі Сідар ды яго жонка. А пры тым святле, што сыходзіла ад адзінай пасярэдзіне хаты лямпачкі, яна выдавала за белую. I закускі на ёй гарэлі агнём. Вогненна рдзелі па-гарадскому пастаўленыя па сярэдзіну стала чырванабокія, добра вылежалыя ў жытняй саломе познія яблыкі і захаваныя да гэтага часу свежыя памідоры, а каля іх грыбы, смажаныя і марынаваныя, зялёнкі, апенькі і белыя, зрэзаныя ашчаднай рукой так, што ў кожным з іх таіўся яшчэ лес. Усе карэньчыкі, кругленькія і шырокія, нічога не страцілі з таго, што надала ім пры нараджэнні зямля, толькі пааскрабаныя ад гэтай зямлі, аблупленыя, як лупіцца бульба ў галодную пару, знята адна толькі крыха. I такая ж ашчаднасць не толькі да белых грыбоў, але і да тых жа зялёнак. I зялёнкі на стале не саступалі белым, не было ў іх зялёнкавай шляпнай разлапістасці і губатасці. Усе шляпкі ў аблап пузатаму ядранаму карэньчыку. I не надта верыцца, што гэтыя грыбы на стале, а не дзе-небудзь пад хвойкаю ці бярозкаю. Утыркні іх, здаецца, у лясны пясок, пачнуць расці, таму што растуць і ў талерцы, нічога ў іх не парушана, як былі копанічкі, што толькі-толькі зарадзіліся, адклюнуліся ад грыбніцы, да свету яшчэ не прабіліся, пазначылі сябе гурбачкамі зямлі, так з гэтых гурбачак і скочылі на стол. Наконт грыбоў яго, Сідарава, Дуня майстрыца, што браць, што гатаваць, што на стол падаць, ні адна вясковая баба нераўня ёй. Грыб бачыць яшчэ пад зямлёю, выкарпае, дастане з-пад зямлі. I дзеці ў яе ўдаліся, Петрык і Раман, большанькія. Падрастаюць і другія Місцючкі, таксама, лічы, копанічкі, грыбы бачаць і ўмеюць браць, як вожычкі пад дрэўцамі па лесе шныпараць. I калі ёсць у лесе хоць адзін грыб, не сумнявайся, яны яго не прамінуць. Тут яны ў маці сваю пайшлі, яго жонку. Мо ён, Сідар, і ўзяў Дуню за сябе з-за гэтых грыбоў. Дзевак жа было шмат, хоць гарод імі гарадзі. Колькі дзевак у вайну было, а ён прыгледзеў сабе Дуню, хоць твар у яе, як кажуць, партрэта не напішаш, у рамку яго не ўставіш, як ікону, на сцяне не павесіш. Рабенькая, што курачка, і сёння яшчэ рабенькая, хоць даўно ўжо не дзеўка, вастраносенькая, носік гэты быццам яшчэ пры нараджэнні такім задуманы, каб вынюхваць, што там, пад зямлёю, пад хвойкаю ці дубком расце, прыхавалася. I вочкі туды ж, на тры метры ў зямлю бачаць, што там яе ці суседчына ляжыць. Чорненькія, хуценькія, калі трэба. А не трэба, дык, здаецца, ці то крыху сляпая яна, ці то касенькая, на адной нейкай кропцы ўсярэдзіне сябе ці вонку, так і не зразумееш, сыдуцца, замкнуцца, стояцца, і здаецца, бы яна сама некуды адышла. I бі яе тады боем, крычы на яе крыкам, не пачуе, не вернецца. Ёсць у яе натура, характар, ён, Сідар, ведаў, каго ў жонкі сабе браць, што толку з тых красівых і бойкіх. Адкрасавалі яны ўжо сваё, адбайчылі. I знаку не засталося ад іх былой красы, нічога не засталося. А ў Дуні яго яшчэ з даваеннага часу настольніцы ў скрынях ляжаць.