Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Классическая проза » Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]
Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе] - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]». Краткое содержание книги:

Раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» – гэта твор пра драматычныя падзеі нашай гісторыі, перадумовы паўстання 1863-64 гг. Пісьменнік стварыў яркі вобраз эпохі, якая дала свету і нашай Айчыне сапраўдных герояў, мужных барацьбітаў за волю. Маштабнасць задумы твора бачна ўжо ў назве твора, што мае сімвалічна-алегарычны сэнс. Галоўны герой рамана Алесь Загорскі разважае: «Бедныя, бедныя людзі! Як каласы, як трава пад сярпом тваім, грубая сіла».
1 ... 85 86 87 88 89 90 91 92 93 ... 192
Перейти на страницу:

– Разумею, – сказаў Ваневіч.

– Ваш левы фланг, Ваневіч, змыкаецца з правым флангам суседа ля самага Гомля. Там якраз край шасцідзесяцісажнёвага плато падыходзіць да самай ракі. Там скрыжаванне дарог, якое трэба трымаць нават коштам жыцця… Пан Яноўскі з-пад Радугі.

Яноўскі, які нервова і горача абводзіў усіх густа-сінімі вачыма, ледзь не ўскочыў з месца, пачуўшы сваё прозвішча. Ён быў самы малады з усіх. Яму было дваццаць год.

– Ведаю, – заспяшаўся ён. – Гэта лягчэй. Высокі край плато. І цяжэй. Скрыжаванне шляхоў на сцюдзёную Гуту – Ярылавічы – Чарнігаў, на Улукаўе – Карму над Харапуццю, на Вузу – Караблішча і на Баршчоўку – Рэчыцу – Перасвятае.

– На апошнім шляху вам памо жа Вірскі. На Сцюдзёнагуцкім – Ваневіч, на Караблішчанскім шляху – толькі мінімум перасцярогі. Ён будзе ляжаць цалкам у нашай зоне… Але вам і без таго будзе цяжка.

– Ведаю, – сказаў Яноўскі. – Памром, а не адступім.

І густа заліўся чырванню. Пашкадаваў, што кінуў апошнія словы.

– Пан Вітахмовіч, вы трымаеце ўчастак Чачэрск – Карма – Гайшын – Прапойск. Ён зручны вышынямі, але нязручны лясамі.

– Спалім, – спакойна сказаў Вітахмовіч. – Папярэднім летам, у засуш, пусцім пал.

Паны глядзелі на мапу і пачыналі разумець Раўбічавы меркаванні.

Раўбіч называў і называў участкі і прозвішчы, і ўрэшце пятля замкнулася. Акрэслены чырвоным алоўкам, шырэйшы зверху і вузейшы знізу, ляжаў на мапе кавалак зямлі: няроўны крамянёвы нож, накіраваны вастрыём на поўдзень.

Усе моўчкі глядзелі на з’езджаны, па сто раз бачаны, але цяпер такі незвычайны кавалак зямлі. У сініх стужках рэк, у зялёных плямах пушчаў, у кропках вёсак і гарадоў. Родны край.

Цяжкая, ахопленая жалезным бранзалетам, Раўбічава рука лягла на Сухадол і наваколле.

– Тут – цэнтр. Тут пачатак. Пан Мнішак – гэта сувязь і ўзаемаадносіны між атрадамі, – Раўбіч усміхнуўся. – Галава кур’ераў, дымавой сувязі і агнявых віцаў… Па Дняпры ўжо створаны ядры будучых атрадаў, групы Турскага, Севярына Юдэніча, Вітахмовіча-Драгавінскага і Ракутовіча.

Людзі маўчалі, засцяроджана пускаючы дым.

– Мы прыдбаем стрэльбы самі. Скажам, малёўскія склады зброі нам не па зубах. Астаюцца два арсеналы, узяўшы якія мы ўзброім сябе і абяззброім ворага. На самай поўначы і на поўдні. Горкі і Сухадол. На Сухадол нападу я і загоны Турскага і Вітахмовіча-Драгавінскага. Івіцкі-Лаўр разам з Севярынам Юдэнічам наваляцца на Горкі.

– А магілёўскія палкі? – спытаў разважлівы Эсьмон.

– Не думаю, каб яны рызыкнулі кінуць горад. Пажар успыхне ў розных месцах. Адначасова з нападам на арсеналы нашы людзі зробяць падманны выпад у бок Магілёва…

– Каго вы хочаце высунуць на гэта? – прабасіў Сіпайла.

– Хто павінен дзейнічаць з захаду ад вас, Раткевіч? – спытаў Яраш.

– Браты стрыечныя, Грынкевічы. Усяслаў і Тумаш.

– Як мысліце іх?

– Ці не занадта якабінцы. Спяць і бачаць разню.

– Нічога. Рэзаццца на Дняпры давядзецца найбольш… Вось яны і будуць рабіць той выпад. Колькі ў іх зараз людзей?

– Згадзілася падтрымаць нешта каля пяцісот чалавек.

– Будзе больш. Раён прыдатны. Доўгі Мох, балоты ля Трылесіны. На поўдні іхняй зоны Свержанскія лясы. Ім і палохаць дзядзьку губернатара. На Горкі ён, маючы іх у тыле, не пойдзе. А рушыць на поўдзень – яны сустрэнуць яго першыя і не дадуць падаць дапамогу Сухадолу. А потым – усе на Магілёў.

Раўбіч уздыхнуў.

– Ну вось. У дэталях потым. Памятайце толькі: на той тэрыторыі, што мы збіраемся падняць, жыве нешта каля дзевяцісот тысяч чававек. Ніводзін з гэтых людзей не павінен зазнаць крыўды. Калі мешчанін пачне зводзіць рахункі з ваенным, раскольнік – з католікам, а паляк – з пратэстантам, – скончыцца ўсё гэта загібеллю. Таму я прапаную радзё сёння ж дамовіцца аб тым, каб ні ў якім разе не дапусціць несправядлівасці. Усе людзі, колькі іх ні ёсць, дзеці Адама. Я патрабую ў рады аднаго: строгага пакарання за ўсобіцы. Мы не павінны наследаваць імперыі. Мне здаецца, гэта зямля павінна стаць зямлёй справядлівасці для ўсіх. Вось што я хацеў сказаць.

Людзі маўчалі. Прыдняпроўе ляжала перад імі на стале, а над ім плыў густы дым…

…Алесь сам не разумеў, як яны маглі заблудзіцца. Але ноч ужо даўно спусцілася на пушчу, а яны ўсё яшчэ кружлялі патаемнымі сцежкамі сярод вялікіх, здавалася, да самага неба, дрэў.

Па зорах зведаць дарогу было нельга. Неба густа аблажыла чорнымі хмарамі. Так густа і глуха, што ў пушчы стала цёпла, як пад коўдрай.

Сіняя маланка палахнула зусім нізка над дрэвамі. Збіралася навальніца. Урга і Касюнька мякка ступалі па гліцы. Майка сядзела на мышастай кабылцы стомленая, амаль безуважная. Ёй хацелася спаць.

– Заблудзіліся, – сказаў Алесь.

– Канчаткова?

– Да раніцы.

– Дзе прыстроімся?

– Пусцім коней на волю. У пушчу яны не пойдуць. Будуць выбірацца на нейкія галявіны.

Ён паспрабаваў, спешыўшыся, мацаць стаўбуры дрэў. Паўночны бок знаходзіў, але што гэта магло даць, калі нельга было ўбачыць пальцаў рукі. Праедзеш крокаў дзесяць і зноў пачнеш кружляць. Дый каня ў пушчы ”проста на поўнач” ці ”проста на поўдзень” не пагоніш. Гэта табе не поле. Нетры вакол.

Таму, выбраўшыся на першую-лепшую сцежку, ён даў Ургу волю.

Маланкі рвалі неба ўсё часцей, але ў іхнім святле вочы бачылі адно і тое ж: чарна-сінія ствалы дрэў, блакітны тор сцежкі, цяжкія шаты над галавой.

Яны ехалі так каля гадзіны.

Трэба было некуды хавацца. Пад якую-небудзь разложыстую старую яліну. Ён так бы і зрабіў, але наступная магутная маланка нібы агнём высекла з цемры маленькую галявіну, а на ёй – нізкую прыземістую будыніну з грыбам страхі, ссунутай ледзь не да зямлі, з шырока разяўленай зяпай цёмных дзвярэй. Па ўсім відаць, лясную адрыну.

– Майка! Хутчэй! Прыстанак!

Ён пагнаў каня да адрыны. Скочыў з Ургі, узяў на рукі лёгенькае цела Майкі.

– Бяжы туды.

Дождж насунуўся такой сцяною, што, пакуль ён заводзіў коней у адрыну, плечы ў яго прамоклі наскрозь.

Чарговая маланка пафарбавала свет у сінія і чорныя вертыкальныя палосы: сцены адрыны былі з даволі рэдкіх жэрдак. Па небе сцёбнула нібы вялізнай агнявой пугай. Алесь убачыў коней, дыван з бярозавых галін, якія кладуць “пад ногі сену”, самое сена, што займала палову будыніны, а ля яго – постаць Майкі.

– Лезь туды. Захутайся. Накрыйся сенам. Тут прадзімае.

Падсадзіў яе. Кінуў коням па бярэмю сена і прывязаў, каб не зглумілі шмат. Потым палез сам.

Сапраўды, трохі прадзімала: праз шчыліны веяў вільготны, дрыготкі павеў. Свет штохвілінна фарбаваўся ў сіняе і чорнае, палосамі. І Майчына постаць таксама рабілася паласатая.

– Халодна табе?

– Трохі.

Ён вылаяў сябе. Яна ж была дзяўчына. Магла застыць.

Алесь выкапаў у цёплым сене доўгую ямку.

– Кладзіся.

– Колецца.

– Тады стань на ногі на хвілінку.

Калі яна ўстала, ён усю яе абвіў плашчом з ног да галавы і, узняўшы на рукі, асцярожна палажыў у ямку. Потым пачаў закідваць яе сенам. Спачатку на ногі. Потым на грудзі, на плечы.

Урэшце асталася на паверхні толькі галава. Валасы і вузкае, блакітнае ў святле маланак аблічча, і бліскучыя вочы, што ўважліва і патаемна глядзелі на яго.

– Табе холадна, – сказала яна. – Кладзіся таксама сюды.

Ён лёг і адчуў яе побач. Подых з яе вуснаў часам нібы гладзіў яму шчаку, а побач, зусім блізка, блішчалі ў змроку яе вочы. Гэта было прыемна. І адначасова страшна.

– Ты накідай на сябе сена. А то давай я раскручуся і дам табе частку плашча.

– Не, – сказаў ён.

Яна нічога не разумела. Яна проста забыла пра ўсё ў хвіліну сумеснай непрыемнасці. Сябру было дрэнна, і яна прапанавала. Але яе шэпт здаваўся яму іншым, не такім, як пры сонцы, а прапанова спалохала так, што яшчэ некалькі хвілін ледзяныя хвалі страху падымаліся аднекуль ад ног, заліваючы сэрца.

1 ... 85 86 87 88 89 90 91 92 93 ... 192
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)