Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]
- Автор: Короткевич Владимир Семенович
- Год: 1989
- Язык: белорусский
- Жанр: Классическая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]». Краткое содержание книги:
Яны ехалі пустымі раўбічаўскімі ржышчамі, і Алесь вучыў Міхаліну ездзіць ”па-сапраўднаму”.
– Ты сядзі ў сядле толькі ў час конскай хады. Калі конь ідзе рысссю ці наўскапыта – ты ўставай у страмёнах і хіліся наперад. Галоп будзе роўны, чалавек не будзе скакаць у сядле. Гожасць у такога палёту дзівосная, зручнасць – выключная. Ну, пагналі.
Вырашылі ехаць да загорскага замчышча, а адтуль у лес. Майка настаяла, хаця Алесь і лічыў, што гэта далёка. Але ёй хацелася туды, бо гэта была дарога шчасця, і руіны, і дно той крыніцы, у якую яны, дзеці, заглянулі калісь.
– Кастусь табе нічога не піша?
– Прыслаў нядаўна ліст… Ён са мною.
– Кастусь спадабаўся мне, – сказала Майка, – ён харошы і вельмі сумленны. Лепшы твой набытак за ўсё жыццё, калі не лічыць Мсціслава.
– Ну і цябе, канечне, – засмяяўся Алесь.
– Сакрэтаў у лісце няма?
– Няма.
Алесь дастаў з пулярэса ліст, спісаны роўным дробным почыркам друга.
– Прыгожа піша, – сказала Майка.
– Галоўнае, разумна піша. Вось, слухай… “Дарагі Алесь! Уяві сабе, што я пішу ўжо не з Масквы, а з Пецярбурга, якога калісьці так не любіў і ў якім не хацеў жыць. Але зрабіць нічога было нельга. Брат Віктар з Маскоўскага універсітэта звольніўся, а мы вымушаны трымацца адзін за аднаго. Ён слабейшы фізічна, я – бяднейшы. Без абаетнай дапамогі прападзем, як рудыя мышы.
Словам, я “звязаў кілбасу”, абышоў і назад вярнуўся, і столькі лішняй дарогі зрабіў. Але не шкадую. Не шкадую і Масквы, бо яна – дзівосная. Не шкадую цяпер і Пецярбурга, бо тут жыццё, як вір, і нашмат болей цікавых і нашых людзей. Канечне, нагляд стражэйшы і да “брамы пад архангелам” аж занадта блізка, а начальства пачасту крычыць “ашкір”, як на авечак, але людзі – дзіва. І горад – дзіва! Размыты, увесь сіні і залаты. Прыгажосць невыказная. Здатны быў бы пакахаць яго самым гарачым каханнем, каб не выходзіла адсюль столькі благога і цяжкага. Але, як падумаць, людзі не вінаватыя. Вінаватыя нелюдзі… Бачыў, між іншым, нашага “Лабыра”. Ехаў па Неўскім. У абліччы самае цікавае – прычоска, а падбароддзя зусім няма. Едзе сабе ў ландо такі даліктун, свіны тата, глядзіць на свет звысоку. Стрэліся позіркамі, і я нават спалохаўся, а што, як раптам здагадаецца аб пачуццях адной з тых мурашак, якія сноўдаюць ля ног. Зразумеў: ненавіджу. Кацюга, людаед, кат роднай нашай зямлі”.
– Як гэта ён не баіцца? – перапыніла Майка.
– Ён нічога не баіцца. А ліст з аказіяй прыйшоў, з верным чалавекам. Дык вось… “Каб вочы маглі спапяляць, – адзін попел ад яго астаўся б. Падумаць толькі, колькі ж ліха можа нарабіць адзін?
Дык вось, дванаццатага ліпеня Віктар з універсітэта звольніўся, і мы адразу паехалі “жалезным зміем” у Пецярбург. Нанялі пакойчык на Васільеўскім востраве. Першага жніўня падаў рэктару прашэнне, каб ласкава дазволіў здаваць прыёмныя экзамены. Прозвішча рэктара – Плятнёў. Друг Пушкіна, але чалавек, здаецца, досыць старамодны і да асаблівых навін не схільны. Прасіцца буду на юрыдычны, па разраду камеральных навук. Спачатку думаў быў у медыкі, як Віктар, але раздумаў. Здароўе людзей – гэта, вядома, надзвычай важліва. Але дрэнная тая медыцына, якая пачынае з лекавання хваробы. Перш за ўсё трэба хваробу запабегчы. Даць людзям людскія ўмовы. Каб жылі сытна, каб апрануты добра былі, каб жылі багата і ў добрай хаціне, каб не цягаліся па судах і правільна вялі гаспадарку, каб былі вольныя. З камералаў выходзяць самыя лепшыя гаспадары і адміністратары. А гэта – галоўнае. Бо нельга дазволіць, каб народ выміраў. Унь у нас на Гродзеншчыне. Неўраджаі некалькі год, халера лютуе, тыфус косіць людзей, гарачкі іх кладуць.
А яны, сабакі, на нас ціснуць. На ўсю краіну адна навуковая ўстанова: Горацкая акадэмія (гэта калі не лічыць смаргонскай, дзе мядзведзяў вучылі). Вядома, так ім лягчэй нас у кіпцюрах трымаць. Што з беларуса возьмеш? Цёмная бутэлька. Віленскі універсітэт закрылі, гімназіі ў Гродна ды Беластоку закрылі. З нашай, Свіслацкай, зрабілі вучылішча на сорак вучняў. А было ж некалі чатырыста!
Ну, добра! Вучыцца буду, як вол. А вывучуся. Не ведаю, як будзе з платай за навучанне. Пяцьдзесят рублёў срэбрам у год – гэта для мяне зашмат. Можа, вызваляць па беднасці. І яшчэ каб стыпендыю нейкую атрымаць. Але гэта раней як на другім-трэцім курсе не атрымаецца, так што няма чаго і думаць. Буду даваць урокі”.
– Ты б прапанаваў яму дапамогу, – перапыніла зноў Майка.
– Не возьме. Ды яшчэ і аблае. Ён горды.
– То што рабіць?
– Папрасіў дзеда, каб Ісленьеў патрос сувязямі.
– Хіба можа?
– А што? Ён рускі, пецярбуржац. У кар’еры яму ніякія сувязі не памогуць, а ў такой лухце знойдуцца. Дзед пад сакрэтам накіраваў грошы за навучанне на ўвесь тэрмін. А там скажуць – “вызвалілі”. Толькі ты нікому не кажы.
– Не скажу.
– Стыпендыю з часам атрымае. А не атрымае – зробім, як з платай. Ну і ўрокі. Я палічыў. За нядрэнны пакой – дзесяць рублёў. Есці, каб хаця два разы – восем. Кнігі – пятнаццаць. Форма з дзвюма зменамі – дваццаць. Значыць, за ежу і дах у год дзвесце шаснаццаць. А разам з вопраткай і кнігамі – усяго дзвесце пяцьдзесят адзін рубель.
– Я не думала, што ты і практычны.
– Я – усялякі… То слухай далей… ”Дуніна-Марцінкевіча, аб якім ты пішаш, не ведаць – сорам. Першы наш сапраўдны паэт. У сорак шостым годзе надрукаваў у Вільні сваю “Ідылію” (здаецца, так), а ў мінулым, у Мінску, “Гапона” ды “Вечарніцы”. “Гапона” з “Вечарніцамі” дасылаю, “Ідылію” дастань сам. Трохі гэта, канечне, занадта дабрэчае і на ружовай вадзіцы з панскімі (прабач, Майка, – сказаў Алесь) соплямі замешанае, але ён можа быць і злы. Нічога, што ён, пакуль тое, кроераў у нашым жыцці не заўважыў. Будзе і гэта. Галоўнае, наш чалавек. Таленавіты. Галоўнае – дыхнула наша пісьменства, з часоў агульнай панскай здрады забітае, загнанае. Сіраціна наша з табою першы свой голас падала. А чысты! А звонкі! Золата на хрусталі. Васількі ў жыце! Срэбныя кропелькі Каб ты ведаў, Алеська, як хочацца вершы пісаць! Але ведаеш: лёс разгарнуцца не дасць. І хапаеш сам сябе за руку. А Марцінкевіч малайчына! Я зайздрошчу табе, што ты яго бачыў.
З тваёй гімназічнай гісторыі і пасмяяліся мы, і задумаліся потым. Але мне стала трохі сумна, што ты гэты год не будзеш паступаць ва універсітэт і станеш, дзедавым намаганнем, прывучацца да гаспадаркі. Як паедзеш, то цяпер, вядома, у Пецярбург, а не ў Маскву. Будзем разам. А пакуль тое, я табе падрабязна пра свае справы пісаць не буду. Так, трошкі. Папера, сам ведаеш”.
– Шкада, – сказала Майка.
– “Ты ведаеш, – чытаў Алесь, – я тут палюбіў рускіх людзей. Высакародны, харошы народ. І таксама няшчасны, як мы. Я раней іх ведаў па горшых узорах, па жандарах, што да нас панасылалі. Сам ведаеш, добры чалавек на такое не пойдзе, сумленных і шчырых у такім асяроддзі – дарэмна шукаць. А тут прыглядзеўся – лухту гэта на іх нашы панкі, накшталт твайго Лізагуба, вярзуць. І тое праўда, што няма дрэннага народа. Канечне, гэта не яны нас на часткі шматуюць, у пятлю пхаюць, выбіваючы дух. Гэта дзяржава катаў, абрыдлівая, страшная, гнілая. Турма людзей, турма плямёнаў. Жандары, алілуйшчыкі, прадажная погань! З турмы, з турмы гэтай трэба вырывацца, калі хочам жыць. Трэба разумець, што справа ў рондзе[77], а не ў народзе. І што калі адасабляцца, то ад яго, а не ад людзей, што самі шукаюць сяброўства з намі. Шмат харошых хлопцаў. І сярод нашых, і сярод палякаў, і сярод рускіх.
“Современник” чытаю даволі рэгулярна. І, ведаеш, у жнівеньскай кніжцы новае імя. Памяні маё слова, калі мы не дачакаліся новага свяціла. Ён рускі. Прозвішча – Дабралюбаў. Чалавек, па ўсім відаць, страшэнна памяркоўны, страсны і чысты. Нашы хлопцы ганарацца. Вучыцца ён у педагагічным. Гэта ў будыніне універсітэта. Пад адным дахам. Памятаеш, у Грыбаедава (па тваім спіску цытую):
77
Ва ўрадзе.