Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Классическая проза » Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]
Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе] - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]». Краткое содержание книги:

Раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» – гэта твор пра драматычныя падзеі нашай гісторыі, перадумовы паўстання 1863-64 гг. Пісьменнік стварыў яркі вобраз эпохі, якая дала свету і нашай Айчыне сапраўдных герояў, мужных барацьбітаў за волю. Маштабнасць задумы твора бачна ўжо ў назве твора, што мае сімвалічна-алегарычны сэнс. Галоўны герой рамана Алесь Загорскі разважае: «Бедныя, бедныя людзі! Як каласы, як трава пад сярпом тваім, грубая сіла».
1 ... 87 88 89 90 91 92 93 94 95 ... 192
Перейти на страницу:

– Баламутнае дзяўчо, – сказаў ён.

Трымаў яе далонямі за плечы. А яна сагнула рукі, і цяпер яны былі між ёю і ім.

– У дом.

– Не, – усміхнулася яна. – Яму ж не халодна.

– Ён – снегавы балван. Вясною ён пойдзе да нябесных балваноў. А ўзімку зноў выпадзе снегам, і з яго зноў скачаюць балвана. Так ён і будзе век хадзіць у балванах… А ты чалавек. Мой чалавек.

Майка ўздыхнула і схіліла галаву яму на плячо. Алесь глядзеў на яе аблічча, бледнае ў сінім святле зор, і яму нічога не хацелася бачыць, акрамя яго, халоднага ад марозу, але цёплага такой глыбокай унутранай цеплынёй.

Ён адчуў гэта, прыпаўшы вуснамі да яе вуснаў.

Не бачыў ён ні дома, ні таго, што дзверы на тэрасу адчыніліся і нехта падышоў да парэнчаў, пастаяў так хвіліну, а потым паспешліва вярнуўся ў дом. Яму не было да гэтага клопату.

Калі ён на імгненне адрываў вусны ад яе вуснаў, ён бачыў толькі адно: рэзкую іскру нізка над зямлёй, амаль адразу за яе плячом.

Ззяў над гарызонтам ледзяны, ярасна-блакітны Сірыус.

…Калі яны зайшлі ў пярэднюю – юнакі і дзяўчаты ўжо апраналі футры, шапкі і капары, а тыя з хлопцаў, якія павінны былі ехаць за фурманоў, – высокія белыя вайлакі ці унты з ваўчынай шкуры.

Алесь абвёў вачыма вясёлую кампанію і раптам заўважыў, што дзве пары вачэй глядзяць на яго вельмі суха. Ля дзвярэй у гардэробную стаялі, апранутыя ўжо, Франс Раўбіч і Ілля Хаданскі.

Ядвінька Клейна адвярнулася ад усіх і глядзела ў акно. Святло жырандолі трапятала на яе попельных валасах, сабраных у высокую прычоску. Тварык быў сумны.

І тады Алесь, нібы праз сон, успомніў, як адчыніліся дзверы на балюстраду, калі ён і Міхаліна стаялі ля балвана. Стала ясна, хто выходзіў.

Ядвіння, значыцца, злавала на яго. А гэтыя двое таксама. Ілля – за Майку, Франс – за Ядвіню.

…Сыпанулі на веранду, а потым уніз, сходамі, да санак, якія стаялі ўжо на крузе гонару доўгім паўколам. Мсціслаў з Анэляй і Янкам напярэймы з іншымі кінуліся да першай тройкі. Беглі як апантаныя.

– Хапай хто што можа! – крычаў Маеўскі.

Ён кінуўся на козлы проста жыватом, і праз хвіліну рэзкі ўсплёск званочкаў разарваў цішыню. Аддаляючыся, яны спявалі ўсё больш утрапёна. Першая тройка знікла ў алеі.

Алесь не спяшаўся. Ён пасадзіў Майку ў чацвёртыя сані, захутаў яе ногі мядзведжай апонай і працягнуў лейцы на вольнае месца побач з ёй: збіраўся ехаць без вазніцы. І тут, здалёк, ён убачыў, што ў Ядвінькі і Франса адбылося нешта непрыемнае. Франс падышоў да яе санак, дзе сядзеў на козлах далёкі госць Усяслаў Грыма, асабліва нязграбны ў ваўчыным футры, і сказаў нешта. Вусны лялечнага наіўнага роціка Ядвіні сціснуліся. Яна адмоўна паківала галавой.

Франс рэзка крутнуўся і пайшоў уздоўж ланцуга саней.

– Братка, да нас, – сказаў яму Алесь.

Франс не адказаў, нават не зірнуў на іх невідушчымі вачыма. Прайшоў, топчучы снег, да санак у хвасце. І хоць ён трымаўся годна і роўна, як заўсёды, яго матавае аблічча яшчэ больш збялела.

Зазвінелі званочкі. Майка сядзела пад апонаю, адчуваючы плячом Алесева плячо. Заплюшчыла вочы. Напярэдадні яна з Тэкляю варажыла ў начной лазні. Тэкля глядзела ў місу з вадой, шаптала нешта. Дзве свечкі адбіваліся ў вадзе і цьмяным люстэрку. Пахла венікамі і прывялай мятай.

…А зараз побач сядзіць ён, пра якога яна думала ўчора.

Зірнула праз прыплюшчаныя павекі. Сядзіць. Моцна трымае лейцы. Пасма пушыстых каштанавых валасоў выбілася з-пад шапкі і паспела ўжо заінець, нібы юнак пасівеў. Шэрыя строгія вочы глядзяць на дарогу. Вось павярнуў галаву, глядзіць на яе. Трэба заплюшчыцца яшчэ больш, але не зусім, а толькі каб не бачыць яго.

Паплылі, спляліся ў вачах вясёлкавыя ніці. А з ніцей яго голас:

– Ну не прыкідвайся, калі ласка. Унь, веі трапечуць. Не смей заплюшчваць вачэй. Глядзі на мяне.

Засмяялася. І, нібы ў адказ, смех званочкаў, бо коні рванулі.

А ўчора Тэкля шаптала такое дзівоснае і, здаецца, нібы забароненае. Ліўся, застываў у вадзе перакручаны, перавіты воск. Нібы ў місе ўставалі гарады і дзівосныя звяры.

А ў люстэрку, між двух агнёў, яна бачыла бясконца паўтораныя, нібы ў доўгім, загнутым налева калідоры, сваё бледнае аблічча і ўзбуджаныя трывожныя вочы.

– Толькі ён такі, той, аб кім думаеш, – шаптала Тэкля. – Толькі з ім. Не адмаўляйся, усё адно не атрымаецца. А век до-оўгі…

– Гадамі доўгі? – шэптам пытала яна.

– Не ведаю. Але на сто жыццяў, ясачка, хопіць. Усё тут, і гора са шчасцейкам поўны мех, і лапцявая пошта ды звады, і ўсё-ўсё.

– А хто раней памрэ?

– Хто? – голас Тэклі трохі сеў. – Гэта ўсё адно. Усё адно адзін без другога не здолее.

Спявалі бомы. Плыла перад напаўзаплюшчанымі вачыма раўніна.

Мсцілаў гнаў пярэднюю тройку і ўспамінаў, як напярэдадні ездзілі да Кагутоў у Азярышча, як у прасторнай новай хаце “жанілі Цярэшку” і Янька надзела на яго, насуперак усім звычаям, бацькаву шапку. Заўважыла, чарцяня, што ён не мае намеру надзець ёй на галаву сваю. І выбрала яго сама.

А перад хатай, на вуліцы, зырка палаў смалісты бадняк, корч вялізнай сасны, абкладзены дрывамі. І карагоды звіваліся каля агню, які шугаў у чорнае неба. У барвяным зарыве здаваліся ружовымі белыя світкі, вайлакі і магеркі хлопцаў. Наміткі жанчын, калі карагод звужаўся, раптам наліваліся трапяткой чырванню.

У кожных вачах дрыжала полымя, і гэта было незвычайна і страшнавата.

За колам стаялі хлопцы. Вясёлы Кандрат падышоў да Алеся, памарудзіў, а потым, зразумеўшы, што Мсціслаў не збіраецца кідаць сябра, відаць, наважыўся і ціха сказаў Загорскаму:

– Навіну чуў?

– Не.

– Кроер рашыў учыніць згон. Змалаціць усе сцірты леташнія.

– Падумаеш, навіна… Грошай, відаць, на банкетаванне не хапіла…

– От яму і ўчынілі банкетаванне, – сказаў Кандрат.

– Што такое?

– Вы ж ведаеце, хлопцы, – сказаў Кандрат, – мужыкі на Кроера яшчэ з часоў півошчынскай вайнішкі зацяліся. Ну вось. З'явіліся яны на згон, чалавек каля сотні. Працуюць – як мокрае гарыць. Аж раптам з лесу – шусь чалавек. У кажусе касмылямі наверх, сам зарослы. У руцэ мядзведжая фузія. “Працуеце?” – пытае. “Працуем”. – “Памагаеце?” – “Але”. – “Каб людажэр вас зноў татарамі пачаставаў?” Мужыкі маўчаць… Аж тут да купкі прыганяты шыбуе: “Чаго кешкаецеся, мямлі?! Ану за цапы, патаўпешкі!” Убачыў чалавека – і аж збялеў. Чалавек да яго: “Аюц, свіння нясмаленая!” Прыганяты задкаваць. А той яму: “Не дрыжы, забіваць, пакуль тое, не буду. Мне твая душа не трэба, сваю маю. Толькі каб – эч-эч! – нагі тваёй тут не было”. Прыганяты ўцякаць. А чалавек да мужыкоў: “Што, мужыкі? Ворагу памагаеце? А ваш хлеб дзе? А слёзы сірочыя вам на сэрца не пaлі? Улезлі ў сваю квэку дый седзіцё, баязліўцы паршывыя”. Тыя маўчаць. Потым дзед Груша асмеліўся: “Ды здохне ж ён скора. Пра волю чуткі ходзяць. Каму гэта ахвота на бойку натыкацца? Каб зноў жалезным бобам пачаставалі? Лухта, тым часам. Сабе дзешавей. Не ўсёй жа хатай тры дні паншчыну адрабляць. Адной душою”. Гэх, як узвіўся чалавек. “Якой, – пытае, – душою? Тваёй? А ці яна ў цябе, парахня старая, ёсць, ці на паншчыне згніла?!” Мужыкі ў вочы яму не глядзяць. А ён тады: “Баіцёся? Валі ўсё на мяне. Мне траціць няма чаго”. Ды з крэсівам пад сцірты. І тады хлопцы – за ім. Каб ужо адным разам усю паншчыну скончыць.

Кандрат усміхнуўся.

– Так за гадзіну якую і пашабашылі.

Алесь маўчаў. Глядзеў на стракаты ланцуг.

– Табе што, нецікава? – спытаў Кандрат.

– Чаму, цікава.

– А хто чалавек – нават і не пытаеш.

– Я ведаю, – спакойна сказаў Алесь. – Нашто мне пытаць? Корчак уцёк з катаргі. Памятаеце, як я вам расказваў пра Паківачову адрыну? – спытаў Алесь. – Ну, яшчэ дуб сухі амаль над нашай галавою разваліла. От тады і чуў.

– І нікому не сказаў? – здзівіўся Мсціслаў. – Такога страху нацярпеўшыся?

Па Алесевым твары скакала чырвонае зарыва ад бадняку. Загорскі падумаў, уздыхнуў і расказаў хлопцам пра пачутую размову.

– Потым, ужо едучы, я і здагадаўся, якога Будзіміра яны па чыёйсьці страсе пускаць хацелі. Гэты дуб мяне і навёў на думку. Будзімір – той, хто мір, свет будзіць. Певень.

1 ... 87 88 89 90 91 92 93 94 95 ... 192
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)