Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Классическая проза » Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]
Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе] - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]». Краткое содержание книги:

Раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» – гэта твор пра драматычныя падзеі нашай гісторыі, перадумовы паўстання 1863-64 гг. Пісьменнік стварыў яркі вобраз эпохі, якая дала свету і нашай Айчыне сапраўдных герояў, мужных барацьбітаў за волю. Маштабнасць задумы твора бачна ўжо ў назве твора, што мае сімвалічна-алегарычны сэнс. Галоўны герой рамана Алесь Загорскі разважае: «Бедныя, бедныя людзі! Як каласы, як трава пад сярпом тваім, грубая сіла».
1 ... 81 82 83 84 85 86 87 88 89 ... 192
Перейти на страницу:

Вузкія, зеленаватыя, як у рысі, вочы пільна і весела глядзелі на княжыча. Учэпістыя, прыхавана-нервовыя рукі сціскалі сплюшчанымі на канцах, як долата, пальцамі вузкую шклянку, усю запацела-дымную, у пацерачках кропель.

– Што такое, пане Аляксандр? – спытаў Мусатаў. – Вы не чакалі бачыць мяне тут?

– Чаму не, – сказаў Алесь. – Кожны мужчына можа прыехаць на стайню да пана Раўбіча.

Выйшла падобна на поўху, і Алесь пашкадаваў аб гэтым, убачыўшы Раўбічавы вочы.

– Яны, відаць, таксама не чакалі, – усміхнуўся ружовымі вуснамі жандар.

Алесь азірнуўся і ўбачыў пана Мнішака і Юлляна Раткевіча, таго самага прадстаўніка малодшага роду, які некалі на дваранскай зборні падаў запіску аб неабходнасці вызвалення сялян. Нервовае жаўтаватае аблічча Раткевіча было стрымана-злоснае.

– Я прасіў бы вас не жартаваць так, – спакойна сказаў Раўбіч. – Я, урэшце, сам запрасіў вас да сябе.

– Прабачце, – сказаў Мусатаў. – Я прыехаў не ўчора і не заўтра, як вы мяне запрашалі, а сёння. Самі ведаеце, справы… Але я ад усёй душы ўдзячны вам за лаяльнасць і за пастаянную гатоўнасць памагаць уладам.

– Не варта падзякі. Урэшце, каму як не нам клапаціцца аб парадку ў наваколлі.

Алесь ужо нічога не слухаў. Бо за спінамі Мнішака і Раткевіча ён раптам убачыў маладжавы і наіўны твар… пана Выбіцкага, загоршчынскага аконама. Выбіцкі хаваў вінаватыя вочы і выглядаў ніякава, нібы спайманы на чымсьці. І гэта было зразумела, таму што яму не належала тут быць, таму што ніхто – ад пана Юрыя і Алеся і да апошняга мужыка – не думаў, што ён тут. Таму што яшчэ ўчора пан Адам Выбіцкі на дзень адпрасіўся ў пана Юрыя, каб з’ездзіць па пакупкі ў Сухадол.

Недалёка ж ён ад’ехаў ад Загоршчыны.

Варта было б здзівіцца гэтаму, але, урэшце, гэта была ягоная справа…

Да таго ж тут сядзеў халуй, сышчык, якога нельга было дапускаць у справы сваіх людзей. Дзеля нейкай мэты Раўбіч запрасіў яго сюды, вызваліўшы для сябе адзін дзень. “Учора” або “заўтра”. Дрэнна ж Раўбіч яго ведаў. Такі заўсёды з’явіцца тады, калі яго не чакаюць, менавіта “сёння”. “Сёння”, а не “ўчора” ці “заўтра”.

Алеся не абыходзілі справы пана Раўбіча. Але ён бачыў, што Мусатаў з цікавасцю назірае за сустрэчай аконама і маладога гаспадара. Пільныя зеленаватыя вочы глядзелі з іранічнай дапытлівасцю.

Загорскі дастаў з кішэні пулярэс і пачаў корпацца ў ім.

– Добры дзень, пан Адам, – неахвотна, нібы злуючыся на аконама, сказаў ён і дастаў з пулярэса сто рублёў.

– Дзень добры, пане Алесь, – адказаў Выбіцкі.

– Бацька вельмі нездаволены вамі, – сказаў Алесь і ўбачыў, як спалохана здрыгануліся веі аконама.- Ён лічыць, што вы маглі б правесці справу хутчэй… Вазьміце вось.

Рука Выбіцкага непаразумела ўзяла грошы.

– Вы затрымаліся на лішні дзень і за гэты дзень не маглі дабіцца нават дробязнай скідкі. Вы ведалі, што без Шаха нашаму заводу – зарэз, і нічога не дамагліся. З вашай літасці мы пераплачваем пану Раўбічу сто рублёў на гэтым жарабцы.

Выбіцкі, нарэшце, зразумеў. Настолькі зразумеў, што нават “абурыўся”.

– Вы яшчэ малады, князь, каб чытаць мне натацыі.

– Малады я або не – не вам меркаваць. Я – гаспадар і разам з бацькам плачу вам грошы… Мяркую, дарэмна плачу.

– Прабачце, княжа, – спалохана сказаў аконам.

Мусатаў адвярнуўся, відавочна страціўшы ўсякую цікавасць да зборні.

– Вось так, – сказаў Алесь.

Ён зірнуў на Раўбіча і вырашыў ушпіліць трохі і яму за тое, што вось даводзіцца ехаць вярхі ў блізкі свет.

– А вы, пан Яраш, дзейнічаеце зусім не па-суседску. Карыстаецеся нашай пільнай патрэбай і таргуецеся, нібы мы чужыя людзі. Не скінуць нейкай там сотні!

– Сабе даражэй, – зніякавеў Раўбіч.

– Справа тут у прынцыпе. Адносіны не могуць быць добрасуседскія, калі сусед не саступае суседу.

Раўбічавы вочы няўлоўна смяяліся.

– Ну до ўжо, до, – сказаў ён. – Мы тут без вас паразумеліся з панам Выбіцкім. Шах адправіцца ў Загоршчыну адразу ж. Я адмовіўся ад прыбаўкі. І… ведаеце што, даруйце яму.

– Ды я і сам не хацеў бы, – сказаў Алесь. – Я ж ведаю яго непадкупную сумленнасць. Ведаю, што ён не стане займацца нічым, акрамя спраў гаспадара. Проста крыўдна было.

Жандар цяпер ужо зусім не слухаў. Наадварот, сам завёў спрэчку з Раткевічам. Ён вёрз нешта такое, што можна было прачытаць у кожнай правай газеце.

Алесь адчуваў, што самая прысутнасць гэтага чалавека тут, у Раўбіча, абражае веліч ягонага пачуцця да Майкі і самае паветра любага дома.

– Я прасіў пана Мусатава аб дапамозе, – сказаў Раўбіч. – Проста чорт ведае што. У маёй Хаданоўскай пушчы нейкія падазроныя людзі. Ёсць высечкі. Днямі аб’ездчык бачыў ля вогнішча ўзброеных людзей.

– Зробім, – сказаў Мусатаў. – Трэба звязацца з земскай паліцыяй. Ну і, канечне, вы самі павінны памагчы людзьмі.

Ён канчаткова супакоіўся. А Загорскі глядзеў на Раўбіча і, сам не ведаючы чаму, адчуваў, што той гаворыць няпраўду.

“Проста запрасіў гэтага блакітнага сышчыка, – думаў Алесь, – запрасіў, адцягваючы ўвагу ад чагосьці. Не чакаў, што прыедзе менавіта сёння. Перастараўся, пане Яраш. Гэтак гуляючы, можна і галаву зламіць”.

І раптам гарэзлівая думка прыйшла яму ў галаву. Уласна кажучы, нічога не каштавала вытурыць адсюль Мусатава, прычым так, што ён і не здагадаецца. “Не выпендзам, але бардзо проша”. Хай сабе пабегае. А між тым паветра ў Раўбічах адразу стане чысцейшае.

– Па-мойму, вы не туды глядзіце, пан Раўбіч, – сказаў Алесь.

– Што-небудзь ведаеце? – спытаў Мусатаў.

– Нічога не ведаю, – сказаў Алесь. – Але страху сёння нацярпеўся. Шчасце, што пісталет быў у хусце, то я недвухсэнсоўна высунуў яго, каб рукаяць тырчала. Мяркую, толькі таму і абышлося. А іначай мог бы і галавою налажыць. Ва ўсякім разе, грошы аддаў бы не Выбіцкаму, а іншаму…

– Хто іншы?

– Еду сюды. Толькі праехаў камень Выдравай грэблі – ну, яшчэ там, дзе лес ля самай дарогі, – перасякае дарогу чалавек на вараным кані. Стаў на ўзбочыне і глядзіць. Ды пільна так, нядобра. Вочы сінія, бязлітасныя. З сакваў пісталеты тырчаць. Пастаяў, усміхнуўся на мой дэрмаш з пісталетам, пасварыўся пальцам і знік у напрамку да Дняпра… Пайшоў, відаць, у Кортаўскі лясны востраў.

– Чаму мяркуеце так?

– А таму. Ля Кортава адзіны на ўсю тую паваротку Дняпра брод. Зручна. Калі перапраўляцца ды ў Янаву пушчу ісці, то толькі там. А калі ўдзень перапраўляцца не рызыкне, то і ў Кортаўскім востраве перасядзець можна.

– Аблічча не запамяталі?

– Чаму ж не, – Алесь біў на тое, што Мусатаў анічога не ведае пра дзве сустрэчы яго з Войнам. – Нос гарбаты. Аблічча загарэлае такое, як гарчыца. Я чаму і падумаў, што падазроны, што нельга звычайнаму чалавеку, які пад дахам сядзіць, ну вось хаця б вам, пане Мусатаў, так загарэць. Адразу відаць, што не сядзіць, а цэлымі днямі пад сонцам гойсае… Што яшчэ? Ага, валасы чорныя і нібы хто ў іх павуціннем сыпануў. Усе сівізною перавітыя…

Мусатаў збялеў.

– Вось якія справы. Калі ўжо шарпаць, то не ў Хаданоўскай пушчы, а ў Янавай. Ды і Кортаўскі востраў памацаць не шкодзіла б.

Устаў і пайшоў з пакояў. Раўбіч, счакаўшы трохі, выйшаў за ім.

– Здорава гэта ў цябе палучаецца, – сказаў ён. – Выручыў… Зарэзаў ты мяне без нажа!… Шаха цяпер адсылай… І брэшаш ты ўсё на сваю карысць.

– А хто на чужую карысць брэша? – сказаў Алесь.

– Т-так.

– Нічога, дзядзька, заплацім.

Вочы пана Яраша з раптоўнай пяшчотай зірнулі на юнака.

– Хочаш – заставайся, – з нечаканым парывам сказаў ён. – Не ездзі.

– Не, – сказаў Алесь, – вярхі ездзіць лепей, чым тут сядзець. З Міхалінай гаварыць лепей, чым з уласным аконамам.

– Горды, – сказаў Раўбіч, – так і не даруеш?

– За што? У вас свае справы, у мяне – свае.

Калі Майка і Алесь выйшлі на конны двор, з-за ягонай брамы даляцеў да іхніх вушэй дзікі пошчак капытоў. Апалон Мусатаў не вытрымаў Алесевай весткі, а на гэта і разлічваў юнак.

Жандар выехаў з двара назнарок павольна, трымаючы гонар, нібы яго аніяк не ўсхвалявала чутка аб з’яўленні Войны. Але на доўгі час вытрымкі ў яго не хапіла, і ён прыўдарыў так, што толькі пыл закурэў пад капытамі каня. Што ўжо што, а ў смеласці жандару нельга было адмовіць.

1 ... 81 82 83 84 85 86 87 88 89 ... 192
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)