Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Классическая проза » Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]
Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе] - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]». Краткое содержание книги:

Раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» – гэта твор пра драматычныя падзеі нашай гісторыі, перадумовы паўстання 1863-64 гг. Пісьменнік стварыў яркі вобраз эпохі, якая дала свету і нашай Айчыне сапраўдных герояў, мужных барацьбітаў за волю. Маштабнасць задумы твора бачна ўжо ў назве твора, што мае сімвалічна-алегарычны сэнс. Галоўны герой рамана Алесь Загорскі разважае: «Бедныя, бедныя людзі! Як каласы, як трава пад сярпом тваім, грубая сіла».
1 ... 83 84 85 86 87 88 89 90 91 ... 192
Перейти на страницу:

Прафесары “доупражнялись”. Цяпер узнялі голас выхаванцы. Вось яно як!

Пасля напішу аб усім. Перадавай прывітанне бацькам, дзеду, Мсціславу. І, вядома, Майцы. Я люблю яе. Перадай.

Залатыя прыножкі, Дзе яна сядзела,

Дзе стаяць яе ножкі, Там лаўка залацела”.

Майка паружавела. Варухнула вуснамі.

– Во гэта кавалер! Не тое, што ты.

Алесь, нібы не слухаючы, чытаў далей:

– ”Яна сапраўдная беларуская дзяўчына. І таму, прабач, браце, я не хацеў бы для цябе небяспекі”.

Майчыны шчокі сталі чырвоныя.

– Што ты напісаў?

– Напісаў, што мне дарагі свет і ты. Але радзіма мне даражей за ўсё. І калі радзіме маёй дрэнна – мне таксама няміла нічога, акрамя радзімы. Не баліць нічыя бяда, акрамя яе бяды. Я тут не на тое, каб дыгнуць нагою ды сказаць je suis de passaga[78]. Я тут нарадзіўся і тут спадзяюся памерці.

Яна зірнула на яго з павагай.

Урга і Касюнька імчалі па свеце. Снежна-белы і мышастая. А свет вакол быў жоўты ад іржышчаў і хрустальна-сіні ад неба. Сям-там на апошніх лапіках поля жанчыны яшчэ ваявалі з каласамі. Жоўтыя бароды жменяў здрыгаліся і бязвольна клаліся пад сярпом. І тонка-тонка, высока, далё-ока дрыжалі, плакалі ў чыстым паветры празрыстыя крынічкі галасоў.

Перапёлка, пераляці поле і сіняе мора, перапёлка. Нясі звесьці ад ліхой свякроўкі ды да роднай маткі, нясi звесьцi. Пра што, за што свякроў мяне біла асінавым кіем, пра што, за што? А ці я ёй пасцелькі не слала, ці не разувала, а ці я ёй? Пасцель слала: кулачок пад бачок, камень пад галоўку, пасцель слала. Пазувала ў цёмным куточку альхавым пруточкам, разувала.

– Бедная мая, – глухім голасам сказаў Алесь. – Бедная мая зямля!

Жаль ахапіў Майчына сэрца. Яна прыстоіла Касюньку да Ургавай рысі і пяшчотна пагладзіла каштанавыя валасы хлопца.

Яна ніколі не ведала, чаго, калі ад яго чакаць. “Нечаканы, як прадзед Акім”, – казаў Вежа. Сапраўды, нечаканы, як удар маланкі. І таму страшэнна прывабны.

– Я цяпер ведаю, – сказаў ён. – Ты думаеш, ты дарэмна была барвянай у тым белым пакоі? Не, ты такая і ёсць.

Ён глядзеў на яе дзіўнымі, зусім новымі, вялізнымі шэрымі вачыма. І ёй раптоўна стала страшна.

– І валасы ліловыя… Усё ў свеце такое складанае. А мы нічога не ведаем. У ружы, напрыклад, блакітны вячэрні пах. Ён гучыць, як струна віяланчэлі, калі яе кранеш у глухім пакоі. А ў бадзяка, у чартапалоха, пах пярэсты,чмяліны, і ён зусім як басовае “до”.

Незразумелыя вочы, здаецца, бачылі яе да самага дна.

– Я твае валасы пахнуць дурманам і таму, вядома, ліловыя.

Коні глыталі шырокі, добры і страшны абшар.

Натоўп дваран ішоў падземным ходам да Раўбічавай камяніцы. Пан Яраш крочыў паперадзе з кандэлябрам у руцэ. Крокі глуха гучалі пад шэрымі, нібы запыленымі, скляпеннямі. Вычварныя чорныя цені кідаліся ва ўсе бакі на кожнай паваротцы.

Ішлі ў маўчанні, якое нават прыгнечвала. Пятнаццаць чалавек не хацелі абмовіцца і словам.

Урэшце пан Яраш сказаў глухім голасам:

– Прыступкі, панове.

Пачалі падымацца. Потым Раўбіч адчыніў жалезныя дзверы, і гурма выйшла на дзённае святло, што падала праз закратаванае акно ў вялізнае сутарэнне з каменнай падлогай і скляпенчатай столлю. Востра шыбнула ў твары саладкаватым серным смуродам. На сталах стаялі колбы, рэторты, палаў у саганах агонь. Лёгкі дымок цягнуўся пад выцяжны каўпак.

Чатыры чалавекі ўзняліся са сваіх месцаў, калі натоўп уцягнуўся ў сутарэнне. Глядзелі, нібы чакаючы, насцярожана і нядобра. Суконныя плашчы. Бледныя, нібы фарфоравыя, абліччы людзей, якія рэдка бачаць сонца. Бледныя, як парасткі бульбы ў склепе.

– Спакойна, панове, – сказаў ім Раўбіч. – Гэта свае.

Звярнуўся да гасцей:

– Спадзяюся, прозвішчаў вы не спытаеце. Але яны таксама свае. І ім аніяк нельга выйсці адсюль. Усе ўжо дзесяць год думаюць, што яны за мяжой. А яны туды не могуць. Нянавісць не дазваляе. І таму свядома ахвяруюць сабой.

– Група Зянкевіча? – спытаў Мнішак.

– Але[79]. Гэтыя два сябры – хемікі. Біліся столькі год – і ўсё ж вынайшлі такі гарт сталі, што яна больш надзейная, чым златавустаўская. Не ломіцца ад удару молатам. Сячэ хусцінку. Маем такіх шабляў ужо трыста сорак і дзве.

– Малавата, – сказаў Раткевіч.

– Адразу нічога не бывае, – Раўбіч адчыніў нізкія дзверцы. – Там яшчэ ход. У другое сутарэнне. І ў ім нешта каля пяцісот пудоў пораху. Самаробнага, але не горшага за фабрычны.

– Прах і агонь? – спытаў Мнішак.

– Нічога, гэта надзейна. Ход цягнецца на трыццаць сажняў. А ўрэшце, у жыцці і смерці наш гаспадар – бог. Я паклікаў вас дзеля таго, што ўсё гэта трымаць у камяніцы стала небяспечна. На мяне могуць склеіць і другі данос. Блакітныя актывізаваліся… Вам давядзецца добра папрацаваць у гэтую ноч, панове. Гарбом.

– Яны не могуць, – усміхнуўся аксамітнымі вачыма з’едлівы Януш Біскуповіч, той самы паэт, Мацееў бацька, з якім Алесь і пан Юры ездзілі да Кроера. – Яны на панства хворыя. Як гэта гарбом? У іх няма гарба.

Пасмяяліся. Янушу ўсё даравалі. Баяліся языка.

Раўбіч звярнуўся да “хемікаў”:

– Адразу ж ж старанна згасіце агонь. Жалезныя рэчы загарніце ў тканіны і пакладзіце ў кладоўцы. Падлогу засцяліце кілімамі.

Адзін з бледнатварых схіліў галаву.

– А вы бліжэй пад вечар скінеце чаравікі (я тут нарыхтаваў для вас мяккія такія боцікі з аўчыны, накшталт індзейскіх макасінаў), выцягнеце і здасцё мне ўсё металічнае: партабакі, ключы, крэсівы, калі хто не давярае сярнічкам, кашалькі з срэбнымі грашыма.

– Пакуль той закалат, дык ужо кашалькі адбіраюць, – сказаў Біскуповіч.

– Трэба… І за адну ноч, як простыя фурманы, завязем усё гэта ў мой Крыжыцкі лес, у схованку. Там надзейна. Людзі ў леснічоўках адной вяроўкай са мною звязаны. Схаваем – і ўсё.

Паны схілілі галовы на знак згоды.

– Вас пятнаццаць, ды я, ды іх чатыры… Дваццаць чалавек. Па дваццаць пяць пудоў на чалавека і каня. Па адной ездцы.

З ачага, куды ”хемік” выліў вядро вады, ірванула, засычэла пара.

– Нішто сабе лазня, – сказаў Біскуповіч. – А дзе венікі?

– Венікі табе Мусатаў падорыць, – жоўчна ўсміхнуўся Раўбіч.

– Раўбіч кака, – сказаў пан Януш. – Раўбіч чарадзей. У Раўбіча з падполаў серай цягне. Да Раўбіча нячыстая сіла па начах праз комін лётае.

Памаўчаў.

– А і малайчына Раўбіч! Я ведаў, але не думаў, што такі зух!

– Хадзем наверх, – сказаў Раўбіч. – Пагаворым.

Яны падымаліся вінтавымі сходамі даволі доўга, пакуль не далезлі да верхняга паверха камяніцы, вялікага пакоя з камінам, у якім яшчэ асталіся гнёзды ад пожагаў і дзве старажытныя кулеўрыны ля акенца.

Кулеўрыны глядзелі жараламі ў нязмерны парк. На чашападобную лагчыну, на будыначкі маёнтка, на падкову возера, на дзве выцягнутыя званіцы раўбіцкай царквы, на далёкую шэрую пляму лазні ў гушчары.

Пасярэдзіне пакоя стаяў стол, укрыты цяжкім парчовым абрусам, і крэслы. На стале, на крэслах, проста на падлозе ляжалі жаўтаватыя, пергаментныя, і белыя, папяровыя, скруткі карт, стальныя і гусіныя пер’і, чарніліцы з атрамантам.

– Сядайце.

Усе паселі. Януш Біскуповіч, пан Мнішак, Выбіцкі, Юллян Раткевіч.

Жоўчнае, знясіленае неадчэпнай думай аблічча пана Яраша, ягоныя вочы-правалы дабрэюць, калі Раўбіч глядзіць на гэтых. Надзейныя, свае людзі. Нават на эшафоце будуць такія. І той нядрэнны, і яшчэ вось гэты. І той. Восем чалавек, на якіх можна спадзявацца, як на сябе. Шасцёх ведае горш, але ім таксама трэба верыць. Прадстаўнікі далёкіх паветаў. Двох рэкамендаваў Біскуповіч, двох Раткевіч Юллян. Па адным – Мнішак і Выбіцкі. І толькі аднаго з ахвотаю не бачыў бы, хоць гэта і дрэнна – мяшаць у агульную справу асабістыя пачуцці. Сядзіць Мікола Браніборскі. Сквапны, хваткі, як у галаўня, рот усміхаецца. Не, даваць волю ўласнай нелюбові нельга. Прыгнёт ненавідзіць, сялян тады вызваліць сам прапанаваў, абедзвюма рукамі падпісаўся пад Раткевічавай запіскай. З Кроерам тады пабіўся. А ў справу прыйшоў сам. Сам прапанаваў Янушу стварыць змову, сказаў, што, калі дваране сталі баязліўцы – адзін пойдзе, бо немагчыма больш на такі глум глядзець. Трэба прымусіць сябе добра ставіцца да яго. Так, як да даўжэзнага, нібы калядная свечка, Юлляна. Так, як да рэкамендаванага ім Вірскага. Як да малазнаёмага Ваневіча.

вернуться

78

Я тут праездам (франц.).

вернуться

79

У 1846 годзе на Магілёўшчыне выкрылі групу ”карбанарыяў”, якая рыхтавала закалат. Данос Горацкага студэтна Белавуса быў своечасова раскрыты, і група самаліквідавалася. Не арыштавалі нікога. 

1 ... 83 84 85 86 87 88 89 90 91 ... 192
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)