Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0122-2
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5». Краткое содержание книги:
У пяты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Круглянскі мост» (1968 г.), «Дажыць да світання» (1972 г.), «Воўчая зграя» (1974 г.), «Яго батальён» (1974 г.).
Задыхаючыся ад налётаў парывістага ветру, Іваноўскі хвіліну счакаў, услухаўся ў глухую ціш ночы. Ні стрэлаў, ні крокаў, ні крыку — нічога не было больш чуваць. Тады, не зачыніўшы дзвярэй, ён апусціўся каля парога, прыхіліўся плячом да сцяны і сядзеў так гадзіну, а можа, і больш. Ён увесь быў ва ўладзе шчымлівага, хваравіта-напружанага чакання, выразна ўсведамляючы, што калі Півавараў у бліжэйшыя хвіліны не прыйдзе, то ён не прыйдзе ніколі.
Але ён не прыйшоў ні ў бліжэйшыя хвіліны, ні ў наступныя затым гадзіны. Калі ўжо чакаць не стала цярпення, Іваноўскі, не ўстаючы, на кукішках дапяўся да кубіка свайго гадзіннічка за парогам — было без дзесяці хвілін дзесяць. Адсутнасць байца на працягу гэткага часу не абяцала нічога добрага.
«Нашто я паслаў яго? Нашто паслаў? — дакараў сябе лейтэнант. — Якія тут лыжы? Які штаб? Толькі загубіў яго ды і сябе таксама…»
Безумоўна, без Піваварава ён нічога ўжо не мог, але калі ён сам быў асуджаны на пагібель, дык трэба было падумаць, каб выратаваць хоць байца. А ён паслаў яго на такую справу, дзе на ўдачу прыпадае адзін шанец з тысячы. Немцы маглі зрабіць засаду, пасадзіць у полі сакрэты і напэўна ўзмацнілі ахову ў вёсцы — не так проста было пралезці да штаба. Калі гэта не ўдалося яму мінулаю ноччу, калі штабісты былі яшчэ не палоханыя, дык як магло ўдасца цяпер.
«Ну а што ж далей? Што?» — тысячны раз пытаўся ў сябе Іваноўскі, седзячы ля дзвярэй лазні.
Зрэшты, ён ужо ведаў што — ён толькі марудзіў, да апошняй магчымасці спадзеючыся, што Півавараў, можа, яшчэ вернецца. Але калі стала ўжо відавочна, што чакаць далей марна, лейтэнант, хапаючыся за сцены, устаў на ногі.
Ён выпрабоўваў сябе, каб ведаць, на што яшчэ здольны або, можа, не здольны ўжо ні на што. Хаця і з цяжкасцю, але трымацца на нагах яму яшчэ ўдаецца, асабліва калі мець пад рукамі нейкую апору. Цяпер апораю яму былі сцены, а ў полі ён будзе абапірацца на прыклад вінтоўкі. Ногі сяк-так падпарадкоўваліся яму, горш было з дыханнем і з галавой таксама. Але ён падумаў, што галава, можа, адыдзе ў полі, а з дыханнем ён ужо неяк справіцца. Калі не спяшацца, памаленьку, з частымі супынкамі, эканомна выдаткоўваючы сілу…
Яго намер цалкам завалодаў ім, і лейтэнант вярнуўся ў лазню, распіхаў у кішэні абоймы з падсумкаў. Рэчмяшок ён не асіліў падняць і пакінуў на лаўцы, затое ён узяў з сабою гранату. Далей ён ужо не мог заставацца тут ні хвіліны і, перабіраючы па сценах рукамі, выйшаў на двор.
Хістка, ледзьве не падаючы, але з упартай, цяжка зразумелай рашучасцю ён прайшоў крокаў дваццаць па глыбокіх слядах Піваварава і спыніўся. Вінтоўка аказалася куды больш цяжкой, чым яму здалося спачатку, але ён абапіраўся на яе, калі гатовы быў ужо ўпасці і асабліва калі спыняўся. Сам бы ён ужо не ўтрымаўся на дрыготкіх ад слабасці сваіх нагах. Аддыхаўшыся, нейкім дзіўным, загнаным позіркам паглядзеў назад. Там сіратліва цямнела на снезе іх лазня, дзе яны ўдачліва перабылі суткі і куды, мяркуючы па ўсім, ужо не вернуцца.
У другі раз ён не адолеў, напэўна, і дзесятка крокаў, як, пахіснуўшыся, спыніўся ад кашлю. Кашаль мог наклікаць самае горшае ў яго становішчы — глыбінным нутраным болем ён працінаў лейтэнанта да сляпучай цемры ў вачах. Але Півавараў быццам някепска перавязаў яму грудзі, ад прысохлых да ран бінтоў хоць і было балюча, але яны не давалі спаўзці перавязцы, кроў з ран болей не ішла. Калі б толькі не гэта д’ябальская пякотка ўнутры…
Ён імкнуўся ісці як мага хутчэй, і цяпер паказчыкам ягонай хуткасці была лазня. Ледзьве стоячы на нагах, ён зрабіў ужо чатыры або пяць прыпынкаў, кожны раз азіраючыся, але лазня, бы знарок, усё чарнела і чарнела ў прыцемку, з вялікім нежаданнем аддаляючыся ў ноч. Мінула, напэўна, не менш за гадзіну, перш чым шэры паўзмрок канчаткова праглынуў яе.
Навокал быў снег, вецер і поле — і тады ён зразумеў, што быццам бы дасягнуў сярэдзіны шляху, цяпер вярнуцца ён бы ўжо і не здолеў, на гэта ў яго проста не было сілы. Болей ён не азіраўся, ззаду ўжо нічога для яго не было, — усё добрае ці благое чакала яго наперадзе.
Потым ён два разы запар упаў, проста не ўтрымаўся на сваіх аслабелых нагах, уставаў не адразу — спярша аддыхваўся на снезе, трываючы боль у павярэджаных ранах. Другі раз яму не пашчасціла і яшчэ болей — упаў дужа нязручна, спіной; балявы ўдар быў такі моцны, што на нядоўгі час, здаецца, лейтэнант страціў прытомнасць. Пасля ён ачнуўся, але доўга ляжаў на снезе, увесь час адчуваючы пад сабой мулкі кругляк гранаты. Але ўсё ж ён намогся яшчэ, каб падняцца, сесці, пасля, хістаючыся, стаць на ногі і зрабіць некалькі першых, самых няўпэўненых крокаў.