БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ
- Автор: Найдзюк Язэп, Касяк Іван
- Год: 1993
- Язык: белорусский
- Год: Навука і тэхніка
- ISBN: 5343014585
- Жанр: История
Электронная книга - «БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ». Краткое содержание книги:
Рознымі перашкодамі, забаронамі на арганізацыйныя сходы затрымлівалася і ліквідавалася разьвіцьцё беларускае каапэрацыі, якая да 1922 г. даволі шырока разраслася. Ня мелі магчымасьцяў разьвівацца і беларускія каапэрацыйныя банкі і беларускі прыватны гандаль, рамясло і промысел. Беларускія землі і беларусаў эксплёатавалі, а ў замен нічога не давалі і не будавалі. Тыя фабрыкі, што раней працавалі, станавіліся. Той гандаль і промысел, што існаваў, дык ён быў або ў польскіх, або жыдоўскіх руках.
Ня лепшымі былі дачыненьні польскіх уладаў да беларусаў і ў галіне рэлігійнай. Польскае каталіцкае духавенства на беларускіх землях на працягу многіх вякоў пад рознымі прыкрыўкамі выкарыстоўвала і выкарыстоўвае сваё становішча і каталіцкі касьцёл для палёнізацыі беларусаў.Калі Заходняя Беларусь апынулася пад Польшчай і як толькі там умацавалася польская ўлада, хутка пачалі варочацца ўсе тыя ксяндзы, палякі, якія яшчэ нядаўна пад націскам бальшавікоў, ідучых у 1920 годзе на захад, адсюль уцякалі, і пачалі нанова сваю палёнізатарскую работу. Яны, маючы большасьць у кіраўнічых кругох каталіцкага касьцёлу ў нашым краі, а таксама помач фізычнае паліцыйнае сілы, акцыю сваю павялі хуткім тэмпам. Палёнізатарская акцыя найбольш, аднак, завастрылася ў віленскай дыэцэзіі, калі на яе чале стаў арцыбіскуп Р. Ялбжыкоўскі. Узяўшы ўладу над Віленскай дыэцэзіяй, ён бязьлітасна вынішчаў беларускасьць ва ўсіх касьцёлах, дзе яна была ўведзеная перад ягоным прыездам у Вільню з дазволу арцыбіскупаў Эдварда Роппа і Юрага Матулевіча. Ён скасаваў беларускую мову ў касьцёлах у Жодзішках, Барадзенічах, Друі, Задарожжы і інш. Усіх ксяндзоў-беларусаў, што працавалі сярод беларускага народу, высяліў у парахвіі небеларускія (гэтак было з ксяндзамі: Рэшацям, Шутовічам, Семашкевічам, Кулаком, Чарняўскім, Левошам і другімі). Гэткім чынам палякі разрывалі лучнасьць беларускага духавенства з сваім народам.
Не бяз помачы арц. Ялбжыкоўскага былі выселены з мястэчка Друі і з Беларусі ў 1937 годзе ведамыя беларускія законьнікі айцы Мар'яне, якіх прымусілі эміграваць і працаваць на чужыне. Арц. Ялбжыкоўскі ўзмоцніў польскасьць у Віленскай Духоўнай Сэмінарыі, узгадоўваючы маладых ксяндзоў у польскім шовіністычным духу. Ён, як ужо гаварылася, з матываў палітычных забараніў належаць беларусам-каталіком да Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі і чытаць «Беларускую Крыніцу», а сам адкрыта і сыстэматычна праводзіў палёнізацыю беларусаў пры помачы псэўдакаталіцкіх арганізацыяў і часапісаў на чале з «Стоважышэньнем Млодзежы Польскей» і «Нашым Пшыяцелем».
Пры кажнай бадай парахвіі па загадзе арц. Ялбжыкоўскага існавалі гурткі каталіцкае акцыі і «Стоважышэньня Млодзежы Польскей», хоць гэтае моладзі на Беларусі ня было і хоць гурткі і часапіс «Наш Пшыяцель» ня мелі нічога супольнага з рэлігійным жыцьцём беларускага каталіцкага народу і служылі выключна польскім шовіністычным імкненьням.
Ня лепш было і ў другой беларускай дыэцэзіі Пінскай, дзе таксама над каталіцкасьцяй мела верх польшчына і дзе беларускае духавенства біскуп Букраба назначаў на парахвіі небеларускія Так было з ксяндзамі. Татарыновічам, Дулінцам, Бакшоўскім і іншымі. Прасьледавалася беларушчына і ў духоўнай сэмінарыі ў Пінску, дзе яе дапусьціў папярэднік Букрабы арц. Лазінскі.
Праз касьцёл праводзілася палітыка варожая для беларускага народу. Беларускія казаньні асталіся толькі ў касьцеле сьв. Мікалая ў Вільні, дзе адбываліся набажэнствы для каталікоў — летувісаў і беларусаў. Беларусы-каталікі многа разоў прасілі польскія духоўныя ўлады даць ім асобны касьцёл, аднак усе просьбы былі дарэмныя. Беларусы -каталікі ў Вільні, ня гледзячы на такія дачыненьні да іх польскае каталіцкае духоўнае ўлады, моцна трымаліся свайго. Яны ладзілі беларускія рэлігійныя пілігрымкі ў Кальварыю каля Вільні, на якія прыходзілі і прыяжджалі беларусы з розных старой Заходняй Беларусі, каб пачуць у часе іх казаньні ў роднай беларускай мове, публічна прапяяць беларускія рэлігійныя песьні і гэткім спосабам задэманстраваць і паказаць свае беларускае аблічча, выдавалі беларускую рэлігійную літаратуру, усьведамлялі народ належна разумець і шанаваць рэлігію ды не мяшаць з паняцьцем нацыі.