Слова сапраўднага лад
- Автор: Сямёнава Ала
- Год: 1986
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Прочее научное
Электронная книга - «Слова сапраўднага лад». Краткое содержание книги:
Рэвалюцыя, паслярэвалюцыйныя гады, гады калектывізацыі, Айчынная вайна, экалагічныя праблемы («Чалы» Л. Калодзежнага, «Старая сасна» Г. Далідовіча), маральна-этычныя праблемы («Дзень ранняй восені» В. Адамчыка, «Марута і Зіна» А. Кудраўца, «Соль» Б. Сачанкі), тэма кахання («Каўчэг» У. Караткевіча, на мове арыгінала — «Блакіт і золата дня», «Іван ды Мар'я» І. Навуменкі) — тэматычна зборнік разнастайны. Але не толькі і не столькі разнастайнасцю тэматыкі багата беларускае апавяданне. Яно моцнае сваім яркім, сэнсуалісцкім адчуваннем жыцця, шчодрасцю фарбаў, тонкім псіхалагічным аналізам, уменнем адчуць з'яву, фактурна, ёміста, рэльефна паказаць свет, у якім жывуць героі.
Вось хаця б навела К. Чорнага «Вераснёвыя ночы».
...Сонца верасня, крыху стомленае пасля цяжкой летняй страды, ужо без гарачай яркасці, паспакайнелае, задаволенае. І надае такі ж спакой усяму навокал. Не спяшаючыся сонца залоціць апошнія плады зямлі, ленавата падфарбоўвае зяленіва. Паветра настойваецца яго мяккім святлом і пахам вінёвак і бэраў. Усё гэта неяк няўлоўна мае дачыненне да ранняй жаночай восені Агаты, яшчэ такой прывабнай, але неяк спакойна, стомлена расчараванай і ўсё ж не гатовай выходзіць замуж не па любві. І так тонка перадае выдатны празаік К. Чорны гэтую тугу Агаты па шчасці, тугу, што прыглушана, але не праходзіць, і так супадае яе тужлівае чаканне кахання і боязь так і не дачакацца яго з гэтымі спакойна-развітальнымі вераснёвымі днямі, калі яшчэ не знікла цяпло і зямля такая светлая адыходзячым летам, але ўжо вядома, што гэта ненадоўга, што гэта апошнія цёплыя дні.
Умельства К. Чорнага спасцігнуць псіхалогію герояў, стварыць агульны настрой апавядання, знайсці патрэбную танальнасць і вытрымаць яе, не саслізнуўшы на нудотную аднатоннасць, знайсці адзіна неабходны рытм, адчуць пластыку слова і ладу, адчуць музыку празаічнага пісьма — усё гэта, сплаўленае з Коласавай філасафічнасцю, імкненнем да роздуму, стала добрай традыцыяй, якая прасочваецца ў беларускім апавяданні, і ў прыватнасці ў гэтым зборніку ў апавяданнях Я. Брыля, Я. Скрыгана, І. Мележа, І. Навуменкі, У. Караткевіча, І. Пташнікава, І. Чыгрынава, В. Адамчыка...
Тонкасць і дакладнасць псіхалагічнага малюнка І. Навуменкі і В. Адамчыка, пафас чалавечнасці І. Чыгрынава, Б. Сачанкі, Я. Сіпакова, А. Кудраўца, паэтычнасць у канкрэтнасці назіранняў і шчымлівая чэснасць у адносінах да ўсяго жывога І. Пташнікава («Алені»), мастацкая завершанасць апавядання У. Караткевіча «Каўчэг» («Блакіт і золата дня»).
Складана было, гэта адчуваецца, рэдкалегіі, нават маючы пад рукой папярэднія выданні, выбраць апавяданні, пазначыць склад аўтараў зборніка.
Зразумела, што не ўсё з папярэдніх зборнікаў апавяданняў вытрымала выпрабаванне часам. Зразумела, што з'явіліся новыя празаікі і з імі трэба пазнаёміць саюзнага чытача, але пры гэтым, мне здаецца, месца для Янкі Маўра, Аркадзя Чарнышэвіча, Міколы Ткачова магло б знайсціся. І мастацкі ўзровень ад таго не быў бы ніжэйшы. Як, мабыць, некаторыя апавяданні зборніка маглі б быць і па-за яго межамі. Хаця б «Вясковыя навелы» М. Ракітнага.
А вось, мне здаецца, у М. Стральцова трэба было б змясціць «Смаленне вепрука». Апавяданне, якое не падвярстаеш пад тэматыку ніводнага з апавяданняў зборніка, але тым яно і цікавае: пашырае межы беларускай навелы ва ўсіх адносінах, высокае па сваім мысліцельным узроўні, бездакорнае па стылі і мове. І, дарэчы, яно б зняло некаторую аднатоннасць, якая адчуваецца пад канец у зборніку, побач апавяданні, высокія па майстэрству, але занадта блізкія па стылю пісьма і тэматыцы.
Мабыць, не варта было адыходзіць і ад прынятага ў такіх анталогіях правіла — даваць біяграфічныя даведкі пра аўтараў. Тым больш што ў зборнік уключаны і празаікі маладыя, звесткі пра якіх не прачытаеш ні ў адным з агульнадаступных даведнікаў.
А як жа пераклады? Некаму ўдалося больш, некаму менш. Але — працу зрабілі вялікую, хто некалі даўно (у анталогіі ёсць пераклады людзей, якіх, на жаль, мы ўжо можам ведаць толькі па іх працы), хто цяпер.
І тое, што выданне ў 50 тысяч экземпляраў разышлося імгненна, гаворыць і пра якасць перакладаў таксама.
Хвалюючае і ўмела сказанае слова заўсёды даходзіць.
КЛОПАТ СЁННЯШНЯГА ДНЯ
Павага да факта, дакумента стала адной з вызначальных рыс сучаснай літаратуры. І для мастакоў — таму што апора на факты дапамагае шырэй зразумець сэнс прадмета даследавання, вучыць ісці ў глыбіні мастакоўскага аналізу, шукаючы падтрымкі ў навуцы: сацыялогіі, філасофіі, біялогіі, дакладных навуках і г. д. І для чытачоў — спалучэнне вобразнага мыслення з хранікальнай выверанасцю падзей, навуковай інфармаванасцю, філасофскімі развагамі — падаюцца яму найбольш сугучным сучаснасці адлюстраваннем рэчаіснасці. Глыбінная логіка аўтарскай думкі ў такіх творах пасунула на другі ці нават на трэці план падзейную, бытапісальную літаратуру чыстага вымыслу. І ці не таму, можа, надзённа патрэбнай стала публіцыстыка. З яе дысцыплінай думкі, строгасцю прыёмаў, адсутнасцю летуценнай апрыёрнасці. Нездарма ўжо дзесяцігоддзе крочаць па свеце «Шаги», зборнік лепшых твораў публіцыстыкі на рускай мове, заваёўваюць чытачоў Савецкага Саюза нарысы публіцыстаў сацыялістычных краін «Писатель и современность», выдаюцца кнігі беларускай публіцыстыкі. Перад намі «Сучаснік-1983».