Слова сапраўднага лад
- Автор: Сямёнава Ала
- Год: 1986
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Прочее научное
Электронная книга - «Слова сапраўднага лад». Краткое содержание книги:
Вось генерал едзе на баявыя пазіцыі і ўсё раздумвае: «Самае паганае ў любой справе..., калі няма да чаго імкнуцца». Ну, што ж... Ён сын свайго класа. Аднак... магчыма, талковы і таленавіты военачальнік.
Пpa яго ўменне праводзіць вайсковыя аперацыі мы так і не даведаемся, але даведваемся пра нешта большае. Трапіўшы на перадавыя пазіцыі, генерал лезе на бруствер пад варожыя кулі.
Сэнсу ў гэтым аніякага няма. Ён проста вырашыў паглядзець на поле абстрэлу. Пустая бравада. І па сутнасці правакацыя. Генерал як патомны пан лічыць натуральным пагарджаць ротным адной з батарэй: «з тых, што ядуць з нажа...», можна ўявіць сабе яго псеўдавысакародныя, абураныя погляды, якія ён кідае на беднага прапаршчыка,— сядзіш у траншэі, а я, генерал, пад кулі выйшаў. Прапаршчык, разумеючы, што начальства сапраўды непамысна храбрае, яшчэ больш ясна разумее, што пустое гэта фланіраванне нікому не патрэбна. Але што ж ты зробіш? — ускоквае на бруствер. І куля тут жа даганяе яго.
А Гарэцкі дадае апошні штрых да партрэта. Генерал яшчэ як шчыры пазёр дэкляруе: «Слава загінуўшым сынам бацькаўшчыны!» Кідае гэтыя словы, як яно і павінна быць, ціха, прыгожа, як вымагае ў такіх выпадках этыкет. Але ў глыбіні душы яму, відаць, усё ж няёмка, што вось так выпадкова, непатрэбна загінуў чалавек, і Гарэцкі па-майстэрску дае нам гэта зразумець адной фразай: «...ён... доўга няўмела надзяваў шапку».
Партрэт закончаны — гэты сівы ўжо фанфарон, які не хоча ведаць цаны чалавечаму жыццю, камандуе людзьмі, вырашае лёс многіх.
Гарэцкі выкрывае свайго героя, паказваючы яго ўнутраны свет, але робіць гэта ў манеры скупой, стрыманай, лаканічнай. Тут ён бліжэй за ўсё па стылі пісьма амерыканскай навеле, магчыма, перш за ўсё Хемінгуэю, калі не мае значэння антураж, не даецца біяграфія героя, а выпадак дае магчымасць паказаць жыццё яго і ўнутраны свет. Дарэчы, калі было напісана апавяданне, у 1918 годзе, у друку яшчэ не з'явілася ніводнай навелы Хемінгуэя, і гаворка толькі пра блізкасць творчых манер (калі весці гаворку пра гэтае апавяданне), блізкасць, канкрэтнымі ведамі не абумоўленую, але паказальную як асаблівасць, якую стварыў час і матэрыял мастацкага даследавання.
Мабыць, толькі «франтавыя» навелы В. Быкава, М. Лупсякова, А. Карпюка («Наводчык Кунцэвіч») напісаны ў стылі, блізкім да гэтага. А звычайна беларуская проза, і апавяданне ў прыватнасці,— гэта выкладанне падрабязнае, грунтоўнае, свет беларускай прозы арэчаўлены, у ім столькі канкрэтных прыкмет, дэталяў, рэалій быту, апісанняў прыроды. У навеле Гарэцкага нават не зусім зразумела, якая пара года, мы знаем толькі, што часам сеецца дождж.
Было сказана — «франтавыя», вызначэнне, мабыць, не вельмі дакладнае, але апавяданні, якія так ці інакш датычаць Вялікай Айчыннай вайны, складаюць амаль трэцюю частку зборніка. І аб прычынах гэтага ў межах дадзенага артыкула не варта гаварыць, усім вядома, як адпакутаваў беларускі народ падчас вайны, як мужна адстаяў ён сваю чалавечую годнасць.
Апавяданні ж названых пісьменнікаў менавіта пра фронт. Гэта апавяданне ранняга Быкава «Эстафета», пра тое, як нашы салдаты бяруць чарговы пункт абароны фашыстаў, пра будзённую трагедыю вайны: адзін за адным гінуць тыя, хто камандуе ўзводам, гіне адзін — эстафету прымае другі. Не яны, дык нехта прыйдзе да перамогі.
Блізкае па зместу да апавядання В. Быкава апавяданне «Пераправа» М. Лупсякова. Таксама пра трагічную эстафету вайны, пра тое, як месца смяртэльна параненага маёра Плешчавені займае камсорг, што толькі што прыбыў у часць.
Пра вайну, пра яе страшныя вынікі — многія апавяданні кнігі. «Немко» А. Кулакоўскага — пра высокі духоўны патэнцыял савецкіх людзей, самых, здавалася б, непрыкметных, патэнцыял, які так ярка выявіўся падчас вайны. Пра балючае, заўсёды памятнае рэха вайны апавяданні А. Васілевіч «Пані старшыніха прыехала» і А. Марціновіча «Вайна вярнулася». Гэта і апавяданні М. Стральцова, Я. Сіпакова, А. Масарэнкі. Гэта «Глядзіце на траву» Янкі Брыля, апавяданне, высокае па свайму філасофска-маральнаму зместу, бездакорнае па майстэрству. І так жыва, ярка ў ім адчуванне быцця — чысты, сонечны снег, вясёлы аблавухі шчанюк на ім, апошняя радасць дзядзькі Петруся, усіх блізкіх якога забрала вайна. І такі бессэнсоўны стрэл паліцая, спроба пачынаючага «практыкаваць» забойцы, які ўжо зрабіў першы крок здрадніка — уздзеў на сябе форму паліцая. І гэта не даруецца за даўнасцю тэрміну. Не даруецца людзьмі, не даруецца сумленнай памяццю пісьменніка.