Слова сапраўднага лад
- Автор: Сямёнава Ала
- Год: 1986
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Прочее научное
Электронная книга - «Слова сапраўднага лад». Краткое содержание книги:
«І СПАДЗЯВАННЕ СВЕТЛАЕ ТАКОЕ...»
Без асаблівага імпэту раздумваў паэт пра лёс сваіх вершаў: «Так мала чытачоў, і тыя ўсе паэты...» Але — такая, відаць, натура чалавечая, і спадзяваўся — «што хоць душа адна на слова адзавецца» («Шукаю чытача...»). А душ гэтых набралася не так і мала. І, безумоўна, у большасці сваёй не належалі яны да цэха паэтаў. Тыраж кнігі вершаў Леаніда Галубовіча «Таемнасць агню» (1984) разышоўся імгненна. І гэта не дзіва — сярод зборнікаў, што выйшлі апошнім часам пад грыфам «Першая кніга паэта», дзе ёсць цікавыя выступленні, менавіта ў кнізе Леаніда Галубовіча адчуваецца творчая акрэсленасць пісьма, гэта ўжо не мройныя контуры, што абяцаюць і прапануюць меркаваць — што ж будзе, але шмат у чым сцверджанне асобы паэта, які шмат у чым адбыўся, а не толькі мае такое на мэце. Паэта, якога заўважылі па публікацыях у перыёдыцы. З розных грамадскіх трыбун пра яго вялі гаворку Алена Васілевіч і Вера Палтаран, Васіль Вітка і Таіса Бондар.
Можа падацца — пястун лёсу. Не паспеў з'явіцца — поспех. Аднак... Пачаў паэт пісаць у шаснаццаць гадоў. А дата нараджэння — 1950-ты. Палічыце. Колькі гадоў працы. А першая публікацыя з'явілася не так даўно. Так, безумоўна, талент выспяваў. Паэт шукаў сябе. Знаходзіў. Але і, мабыць, захоўваў. Нездарма ж прарываюцца радкі горычы ў вершах: «Прыедзе брат, і той, глядзі,/ Мне пальцам торкае у грудзі:/ —Ты па рэдакцыях хадзі.../ У горад едзь... Праб'ешся ў людзі...» Або вось гэта, не дзеля акрасы слова моўленае, невыпадковае, з упартасцю сялянскага сына перажытае:
А доўжылася ўсё гэта не год, не два. Пасля школы ГПТВ, армія, работа электрыкам у Слуцку, Жабінцы, Клецку, у роднай вёсцы Вароніна. Няма гаворкі — канечне, напружаная праца душы, школа жыцця — тое, без чаго няма паэта. Фундамент, аснова, корань. Але ж фундамент, падмурак — яшчэ не пабудова, адзін корань — не дрэва. А ў яго паэзіі прысутнічаюць культура мыслення, культура верша, асэнсаванасць пачуцця, якія сведчаць не толькі пра добрую зямную аснову працы паэта, але пра пэўны круг чытання, усведамлення сутнасных заканамернасцяў — не з пазіцый фармальнай логікі, але шляхам вобразнага асэнсавання. Магчыма, часцей за ўсё стыхійна. Магчыма. Аднак да гэтага стыхійнага ён прыходзіць з пэўным багажом ведаў, і не толькі пачуццёвага, а і розумам спасцігнутага вопыту. І чалавек дайшоў да ўсяго сам, без праграм ВНУ, без выкладчыцкіх арыентацый, без літаратурных спрэчак, што свежаць і абвастраюць думку. Толькі з тым творчым інвентарыем, што дае наша шчодрая сацыяльная рэчаіснасць і эпоха НТР: бібліятэка, кіно, тэлебачанне. І людзі, канечне. Хто верачы, хто не верачы ў яго як у паэта.
Трэба меркаваць, усім нам, чытачам Леаніда Галубовіча, вельмі пашанцавала: ён выстаяў, прабіўся. Не мітусіўся, не заглядваў у вочы чытачам і выдаўцам, не прыцэньваўся словам: як, падыдзе? ці не надта? І, як дакладна заўважыла ў прадмове да яго кнігі Вера Палтаран, ён моцны жывым, сакавітым малюнкам жыцця, «жыццёвае назіранне імкнецца стаць думкай пра жыццё, і калі гэта ажыццяўляецца..., дык думка гэтая надзіва здаровая, глыбокая». Так, ад гэтых людзей, якіх ён у сваіх сюжэтных вершах прадстаўляе нам, ад «бабулі мілай», ад мясцовых палітыкаў-мужыкоў, ад песняроў і жней, ад усіх, хто потам і мазалём пазнае сутнасць жыцця зямнога,— і яго, паэта, сіла: «З жыта мы прарастаем...» Пра іх — яго вершы. Але не толькі пра іх.
Паэт разумее сэнс жыцця хлебароба, прымае ўсе яго жыццёвыя клопаты і ўмее шанаваць іх і жыць імі, імкнецца выйсці і за межы звычайнага ўсведамлення. «Усё павінна мець мяжу!» — пэўна ведае талковы, працавіты дзед. Але паэт хоча кінуць на шалі не толькі гэту, суцэльна канкрэтную рэалію — мяжу ў гародзе: «А як жа, дзед, душа, скажы?» І дзед, безумоўна, у сваім разуменні меры рэчаў мае рацыю: «А месца хопіць для душы, там, дзе хапае чалавеку». Паэту ж неабходна адчуць рэальнасць і па-за сферай штодзённых, звычаёвых вымярэнняў: «Я па бязмернасці тужу...» («Мяжа»).