Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара
Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара

Электронная книга - «Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара». Краткое содержание книги:

Гэта пятая кніга рамана, у якой працягваюцца неверагодныя прыгоды герояў і адкрываюцца невядомыя старонкі беларускай гісторыі. Гады пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай. Лёднік — чалец усемагутнай Адукацыйнай камісіі, якая дзейнічае пад патранажам караля… Але гэта не выратуе ад непрыемнасцей. I вось ужо сябры зноў уцягнутыя ў інтрыгі магнатаў. Да Пранціша і Баўтрамея далучаецца падрослы сын Лёдніка Алесь, якому ад бацькі перадаліся незвычайныя здольнасці. Бандзе Чорнага Доктара неабходна разгадаць таямніцу знікнення асістэнткі доктара Лёдніка панны Праксэды. Герояў чакаюць сутарэнні Ашмянскага замка, палёт на паветраным цмоку над карнавальнай Венецыяй, снежная лавіна ў Татрах, гасцяванне ў Пацучынага Караля і жалезная клетка ў замку акрутнай Тэрэзы Радзівіл…
1 ... 81 82 83 84 85 86 87 88 89 ... 101
Перейти на страницу:

Пранціш згодна кіўнуў.

— Лепш за ўсё ўсчаць інкурсію, калі ў лес заедзем.

І прывычна пачаў рыхтаваць адабраны ў паненкі пісталет да магчымай сутычкі ды насвістваць страшнаватую песню пра лёс мазуровай кабылы.

З зубоў будуць пацеркі, З зубоў будуць, ой лігі-цігі-лігі-рулі, Ой ды з мазурамі пацеркі. З капытоў будуць кубачкі. З капытоў будуць, ой лігі-цігі-лігі-рулі, Ой, ды з мазурамі кубачкі.

— Праксэда, знайдзі якую хустку. Перавяжы вочы і нікому з чужых іначай не паказвайся, — загадаў старэйшы Лёднік, не выпускаючы дзяржальна шаблі. — Хай усе думаюць, што пасланцам пані Тэрэзы ўсё ўдалося, і ты аслепла. Грос сказаў — пані загадала відушчую цябе ў жывых не пакідаць.

Асістэнтка паслухмяна кіўнула і закруцілася, шукаючы прыдатную тканіну.

— Што ж твае вочы такога бачылі, што пані Тэрэза захацела цябе ці са свету прыбраць, ці хоць асляпіць? — задумліва прамовіў Бутрым.

— Каб я ведала, пан доктар...

Паненка засмучана круціла ў руках сінюю шаўковую стужку, непачціва адарваную ад дарагой спадніцы.

— Мне трэба было западозрыць нядобрае ўжо тады, калі пані яшчэ ў Гародні параіла мне ўсё з сябе зняць, пераапрануцца ў новае. Каб не пакінуць нават дробязі, якая стане нагадваць пра... мае мінулыя грахі.

Вось як паненка развіталася з рэчамі, што засведчылі асобу забітай у Менску няшчаснай…

— Паслухайце, панна Брастоўская, — раптам асяніла былога менскага суддзю. — Ці не было ў доме пані Тэрэзы, сярод яе прыслугі, знаёмых ці проста выпадковых гасцей якой-небудзь цяжарнай кабеты? З валасамі такога ж колеру, як вашы. Каб хударлявая, высокая. Не прыпамінаеце?

Асістэнтка прыкусіла губу — вось ужо дарэмна намагаліся пакаёўкі Белакамскага замка бяліць, румяніць яе ды фарбаваць вусны самай моднай памадай, паненка відавочна была абыякавай да моды, вунь ужо і тафцяную мушку, акуратна прыклееную на левую шчаку, пазногцем няўважна здзерла. Зрэшты, пані Дамініка Вырвічава гэткая ж. Перапэцкаецца ў фарбах, аблічча натхнёнае. Муж у вушка цалуе, а яна пэндзлем адмахваецца.

Салодкія ўспаміны перарваў напружаны голас Праксэды.

— А ведаеце, і праўда, прыпамінаю. Калі я некалькі дзён хавалася ў гродзенскім доме хроснай, бачыла — бегала па двары прыслуга. — Праксэда прыкрыла вочы, каб дакладней апісаць. — Ніжэй за мяне на чатыры вяршкі, астэнічнага целаскладу. Валасы падобныя да маіх. Цяжарнасць ужо заўважная, пяты месяц, хоць прыкрывала фартушком. Нейкая... засмучоная. І цягала ўвесь час цяжкое. Я нават казала хроснай, каб не нагружала так небараку. Пані Тэрэза пахваліла мяне за... як яна казала... «залатое сэрцайка». Бо шкадую нават нявартых грэшніц. Я зразумела, што кабета не замужам.

— І што з той прыслугай далей было? — напяўся Пранціш.

— Апошні дзень я яе не бачыла. Падумала, пані Тэрэза адаслала на лягчэйшую працу.

Вырвіч сустрэўся вачыма са старэйшым Лёднікам. Што ж, вось і з’ясавалася, чый труп знайшлі на Плябанскіх млынах. Хутчэй за ўсё, менавіта заўважанае падабенства прыслугі з пляменніцай і навяло кручаную пані на страшны план.

За акном замільгалі дрэвы. Чорныя лапы ялін у белых шматках снегу. Карэта павярнула ўлева і раптам спынілася. Заіржалі коні, пачуліся злыя крыкі людзей. Калі Пранціш высунуўся, то пабачыў, што якраз за паваротам дарогу перагароджвае перакулены воз. Людзі ў адзежы, па якой не пазнаць, каму служаць — але ясна, што не мужыкі, а жаўнеры — лаяліся з тымі, хто суправаджаў карэту. А вось і да бойкі дайшло. Захутаны да вачэй пан на белым аргамаку ўважліва назіраў за падзеямі здалёк.

Калі перад нядаўнімі гасцямі Белакамскага замка апынуліся асядланыя коні, марудзіць ніхто не стаў. Нават панна Праксэда з завязанымі сіняй стужкай вачыма з дапамогай Алеся ўскараскалася на чорнага гладкага жарэбчыка з выглядам самым рашучым. Хтосьці з варты паспрабаваў кінуцца наўздагон, але ўдар шабляй па галаве — пераканаўчы доказ перагледзець свае намеры.

Пан Ігнацы, аднак, дадумаўся ж засвяціцца на сваім адметным белым коніку. Цяпер з’есць яго езуіт — са сланечнікавым алеем з нагоды посту.

Стаптаны ўчора снег за ноч прыцерушыла, цені ў шматлікіх выёмінах нагадвалі воспіны, што пабілі белы твар. На ўскрайку мястэчка, ля спаленай царквы, у шэрай хатцы, крытай трыснягом, Баўтрамей Лёднік абдымаў сваю Пенелопу. Ля дзвярэй высокая худая дзяўчына, што быццам не ведала, заставацца ці ўцякаць, з завязанымі вачыма, панурыўшы галаву, шаптала малітву. Цемнавокі юнак з сумным і ўжо трохі суровым абліччам стрымана ўсміхаўся.

1 ... 81 82 83 84 85 86 87 88 89 ... 101
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)