Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Ад сяўбы да жніва - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Ад сяўбы да жніва

Электронная книга - «Ад сяўбы да жніва». Краткое содержание книги:

Народны пісьменнік Беларусі Янка Брыль даўно, яшчэ сваімі першымі апавяданнямі пакарыў сэрцы чуйных да роднага слова чытачоў. Янка Брыль — сапраўдны паэт у прозе, адзін з глыбокіх нашых псіхолагаў, майстар лепкі ў слове вобразаў, якія за вонкавай прастатой нясуць у сабе глыбокі падтэкст, мастацка-філасофскае асэнсаванне жыцця. У кнігу ўвайшло лепшае у жанры апавядання, створанае аўтарам за паўвека плённага творчага жыцця.
1 ... 83 84 85 86 87 88 89 90 91 ... 238
Перейти на страницу:

Галя ціха пайшла.

Дзверы — і ў сенцах, і ў кухні, і ў хаце — старыя, скрыпучыя. Як ты ні асцерагайся, усё роўна скрабянуць па сэрцы. У хаце змрочна. Стаіць-то яна вокнамі на поўдзень і на ўсход, але акенцы гэтыя глядзяць з-пад нізкіх капяжоў, нібы пануры чалавек, толькі пад ногі. Галя ідзе ў той куток, дзе ложак, наўздагад, на хаду ўжо расшпільваючы сукенку. Распрануўшыся, яна асцярожна абмацвае край ложка і асцярожна лажыцца. Ды ўся гэтая асцярога — дарэмная. Сонечка яшчэ ўсё не спіць.

Шчака на падушцы, рука пад шчакой, а вочы глядзяць у паўцемру. Галя знайшла рукой яе цёплыя плечыкі і прыгарнула малую — усю за раз, з усімі яе думкамі.

— Мамка, а дзе наш тата?

— Спі, дачушка, ён хутка прыедзе.

— Прыедзе, прыедзе… Я малая была — ты ўсё казала і цяпер усё кажаш. Мамка, а тата харошы?

— Харошы, харошы…

— А Лёнька, дурань, гаворыць, што тата не ў горадзе, што ён у астрозе сядзіць, што ён… Як гэта, мамка?

— Што?

— Ну, як гэта?.. Ой, я забылася.

— Ты вось спі. Заўтра зноў не захочаш уставаць.

— А Лёнька кажа…

— Сціхні! — крыкнула Галя. Нават і для самой сябе нечакана злосна, а што ўжо казаць пра малую. Сонечка ўздрыганулася і заціхла. Цяпер бы ёй якраз і заплакаць ад крыўды, але яна памаўчала хвілінку, а потым цёплая тонкая ручка яе працягнулася да Галінай шыі, трошкі напружылася, абняла і нібы самай моцнай сілай зноў прыцягнула маці да сябе.

— Я, мамка, буду спаць. І ты спі. Добра?

— Добра. Ты толькі адвярніся да сцяны. На гэты вось бачок…

Нялёгка Галі вымавіць адразу столькі слоў. Ды вось малая заціхла. І добра. Гэтак будзе лепш і ёй, і маці.

«Не трэба ёй пакуль што бачыць маіх слёз, не трэба ведаць, што думаю я пра таго, хто стаў на гора наша бацькам яе, а маім мужам… Давай, дачушка, лепш заснём…»

За нізкай столлю, за страхой — высока над хатай стаіць у небе поўны ціхі месяц. За пшаніцай, за пахам ільну спыніўся недзе ў полі трактар. Спі, маладзіца, не паспееш адпачыць, пакуль паблекне месяц. Спі, спяшайся заснуць, пакуль трактарыст і прычэпшчык закурваюць… Ды яна не паспела, вядома. І не старалася, відаць. І трактар зноў гудзе, зноў над палямі коціцца, як хвалі на вялікім возеры, яго бадзёрае грукатанне.

— Мамка, а я ўжо ведаю, — тата наш спекулянт… А што гэта, мамка? Ты спіш?

Галя маўчыць.

«Не ўсё гэта, не ўсё, што ён, твой бацька, спекулянт. Ды я пакуль што памаўчу. А ты лепш спі, не забівай галоўку думкамі. Няхай ужо маці — ёй варта, яна заслужыла — няхай лепш маці падумае…»

…Гарманіст Юрачка больш не прыйшоў у Гаросіцу — ні шыць кажухі, ні цалаваць сваю Галю, ні ўпотай ад яе хадзіць у Качаны. Нешта хутка пасля іх першага развітання камсамольца Сяргея паны пасадзілі за краты. Не аднаго, вядома, — узялі з ім разам і іншых, з Гаросіцы і з Качаноў. Другі раз пайшоў у турму і Іван Чарнагрэбень. У верасні трыццаць дзевятага года, вярнуўшыся ў родную вёску, Сяргей адразу ж пачуў, што дзяўчына яго — за другім.

Як гэта сталася, што малады Хамёнак, Данькаў сын, узяў дачку Марылі Парабчанкі?

Гледзячы збоку, для многіх гэта было ясна. Ён — закахаўся, відаць, так, што пайшоў супраць волі бацькоў. Ну, а на месцы Галі пайшла б за яго не адна. Такі, людцы мае, хутар, ды і хлопец — нічога не скажаш. А што свёкар ліхі чалавек, дык жа не з ім, не з Данькам слінявым жыць. Прыйдзе час і на Даньку.

Сама Галя ведала больш. Мікола лазіў за ёю даўно, яшчэ да Юрачкі. Гаворка пра арышт Сяргея і Галіны горкія слёзы былі днямі ягонай радасці. Спачатку яна, вядома, і гаварыць не давалася, а потым смутак патроху заглух. А Мікола налазіў — штовечар, то больш. Нават плакаў і страшыў, што кончыць, зарэжа і яе, і сябе… Заступіцца не было каму. Пра гэты замуж шчаслівы трубілі не толькі чужыя — і сваякі, і маці была на яго, Міколавым, баку… Першы раз ён узяў яе ледзь што не сілай. Адразу свет завязаў, заставалася толькі плакаць і моўчкі ісці за ім, у ім шукаць паратунку ад ганьбы. На Данькаў хутар яна прыйшла яшчэ з дзявочым выглядам. Калі ж маладзіцы ўжо нельга было больш схаваць таго, што стала прыкметным раней, чым у хаце чакалі, — у свёкравым вечным зудзенні толькі і чуваць было: «Байстручка, жабрачка, няўдаліца…»

Апошняе слова ён разумеў па-свойму. Яна была і спраўная, і працавітая, ды гэта ўсё — не тое. І жыць, і працаваць трэба толькі таму, каб быць багатым. Хамёнак жыў для гумна. Галава пад старым каўпаком і старасвецкая хатка патрэбны былі менш, чым гэтае гумно. Гумно павінна заўсёды быць поўнае. Дзеля гэтага трэба мець поле. Больш поля — большае гумно. Менш паспіш — болей зробіш. Не з'ясі, не зносіш — больш застанецца. Збіраючыся жаніць сына, Данька перасыпаў гумно, растачыў яго для тых снапоў, што прыйдуць сюды з пасажнага поля. А сын узяў ды звар'яцеў… Галя была для Данькі не сямейнік, яна толькі замяніла наймічку. Колькі яна ні працуй — усё гэта будзе не тое. Ніколі ёй не адрабіць за крыўду, за абразу, за ўрон, нанесены Данькавай гаспадарцы.

1 ... 83 84 85 86 87 88 89 90 91 ... 238
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)