Ланцуг
- Автор: Федарэнка Андрэй
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1361-7
- Жанр: Роман, новелла
Электронная книга - «Ланцуг». Краткое содержание книги:
Як і заўсёды, проза А. Федарэнкі чытаецца лёгка. Але гэта зусім не лёгкае чытво. Аўтар імкнецца спасцігнуць духоўны свет сучасніка, зразумець яго клопаты і трывогі.
Творы пісьменніка вызначаюцца любоўю да чалавека, добрым веданнем жыцця, тонкім псіхалагізмам, шчырасцю.
VІІ
Браў, яшчэ і як браў грыб сваю даніну — нявыспанасцю, здароўем, вольным часам… Адсюль, мабыць, і гэтае дваякае да яго стаўленне: павага, шанаванне, замілаванне з аднаго боку і ледзь не пагарда — з другога… Падспуднае жаданне выбавіцца з-пад улады яго, адносіны да яго, як да неадухоўленага эксплуататара.
Кароценькі паказальны выпадак.
Вяртаюся я аднойчы з грыбоў. І прычапляецца да мяне гарадскі грыбовік. «Прадай хоць дзесятак, самых горшых, даю дваццаць капеек за грыб!» І дастае два рублі. І ўсё гэта вельмі сур’ёзна. А вакол глухі лес. У адной руцэ ў яго нож, у другой грошы, а на зямлі паміж ног пустое вядро. Я не столькі спалохаўся, колькі разгубіўся. Няўжо ён не разумее, што такое не прадаецца? Як не прадаецца ўсмешка, кропля расы, сонечны промень ці кавалачак туману… А галоўнае, навошта яны яму, гэтыя грыбы?! Чужыя, аднолькава бязлікія? Гэта для мяне яны жывыя — вунь той вялізны параслёвік, які ўжо нібыта сябар мне, бо калі я зразаў яго на любімай паляне, дык акурат у той момант думаў, з якім лікам сёння ўвечары згуляюць мінчане з кіяўлянамі… А гэты зграбненькі таўстун, узяты ў верасе пры самай дарозе — сведка маіх патаемных думак-мараў пра начную лаўку з Наташаю… І гэта іх, маіх сяброў, часцінкі сябе — трэба аддаць у абмен на дзве пакамечаныя жоўценькія паперкі?!
Я не разумеў дзядзьку, а ён — мяне. Так і разышліся. Лепш сказаць, я адзін пайшоў, адчуваючы спінаю, што ён стаіць і пазірае мне ўслед.
— Ну і дурны, — рэзюмавала, выслухаўшы, маці. — Куплялі, дык прадаў бы. Яны і сухія мо столькі не каштуюць, колькі ён даваў, дык яшчэ клопату з імі. А сабе б вярнуўся ды зноў набраў.
У школе нас вучылі адным прымаўкам; напрыклад:
«Такі смачненькі грыбок, так і просіцца ў раток», — а ў рэальным жыцці мы чулі іншыя:
«Чаму іх воўк не есьць, калі яны такія смачныя? Дык воўк мяса шукае!»
Тут ужо не проста непрыязнь, а нават нібыта нейкая затоеная помста ім, грыбам — магчыма, і за тое, што, цягаючы іх дзесяткамі кілаграмаў, самі ніколі іх удосталь не паспыталі. Усё на продаж, сабе толькі «горшанькія», чарвівенькія, «жоўценькія», у які суп ці ў боршч укінуць… Я да гэтага часу не ўяўляю, як можна, напрыклад, наварыць у капусным расоле вялікі чыгун адных белых, цалкам, і проста есці іх з хлебам? (Журналіст Алесь Гаўрон расказваў, што менавіта так робяць у іх на Магілёшчыне, а той грыбны адвар — найлепшы сродак ад пахмелля.)
Ну, праўда, парадокс нейкі: з дня ў дзень, з году ў год гэтыя грыбы браць, самаму іх не есці, адчуваць сваю ад іх залежнасць і немагчымасць ад яе пазбавіцца — і адначасова нежаданне ад яе пазбаўляцца, бо прыгожыя ж яны, чэрці, загадкавыя, прыцягваюць да сябе нечым!
І вось падлеткавы (самы залаты) перыяд жыцця канчаецца. Трэба сталець. Рабіцца хлопцам. Забываць на футболы, хакеі, тэлевізары, кнігі… А ў першую чаргу на грыбы. Бо сталенне вызначаецца не толькі па тым, ці гуляеш ты ўжо з дзеўкаю, а і па тым, ці маеш ты свабоду выбару: хадзіць або не хадзіць у лес? Так і казалі старэйшыя хлопцы: «Ану адсюль, ты яшчэ па грыбы бегаеш!»
…Напісаў вось «па грыбы» — і зноў дазваляю сабе невялічкае адступленне, на гэты раз мовазнаўчае. Як усё ж правільна: у грыбы ці па грыбы? Іх збіраюць, ці шукаюць, ці рэжуць, ці падымаюць, ці хапаюць, ці проста бяруць? Вялікая руская літаратура падкінула яшчэ парачку ўвогуле неверагодных дзеясловаў: «зрываць» грыбы і «ламаць» грыбы, і гэта, упэўнены, паспяхова перавандруе і ў беларускія слоўнікі.
Мо таму, што мая Мазыршчына заўсёды была ізаляваная ад вялікага свету, мо з іншае прычыны, але ў нас, бадай, як нідзе на Беларусі арыгінальнае да роднай мовы стаўленне — гаварыць як хочаш, абы «не па кніжнаму». Не пограб, а поргаб, не мухамор, а махамор, на чарвівы, а чарлівы, не скарбонка, а шкарбонка, не веласіпед, а лісапета (дарэчы, калі я купіў аднойчы веласіпед сумеснай беларуска-італьянскай вытворчасці і прачытаў у інструкцыі — bizikletta, дык быў прыемна здзіўлены і жаночым родам гэтай «біцыклеты», і падабенствам гучання.
Фільтрацыя слова ў нас жорсткая, любы адыход ад мясцовых правілаў караецца бязлітасна: асмяяннем, перакрыўляннем, мянушкаю… І не дай вам Бог хоць выпадкова назваць грыб кніжным баравіком, ці сказаць «у грыбы» заместа «па грыбы»!..
Я не апраўдваю гэта, не ідэалізую, проста адзначаю, як факт. Але ў адным выпадку згодны са сваімі землякамі на сто працэнтаў — правільней усё ж казаць не «ў грыбы», а «па грыбы». І не збіраюць іх, як і ягады не збіраюць, а — бяруць. Бо каб збіраць, дык трэба каб было рассыпана. Тады ж іх, да слова, можна і падымаць — калі яны ў адным месцы і ўсе адразу перад вачыма.