Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Прочая поэзия » Маўчанне травы: Паэма лёсу
Маўчанне травы: Паэма лёсу - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Маўчанне травы: Паэма лёсу

Электронная книга - «Маўчанне травы: Паэма лёсу». Краткое содержание книги:

 Гэты твор пра лёс чалавека, селяніна, які праз усё жыццё нясе праўду сваёй мірнай працы, праўду хлеба. Нялёгкі і няпросты шлях героя, як нялёгкая і няпростая сама гісторыя, на скрыжаваннях якой — часцінкай народа — жыве невялікая беларуская вёсачка Ўзбор'е.
1 ... 4 5 6 7 8 9 10 11 12 ... 51
Перейти на страницу:
7 Касьба
— Hу, я ж яго, нягодніка, падсмажу! — Аж холад браў раённага дарадцу.— Не для таго сюды я ўпаўнаважан, Каб хлапчуком за старшынёй ганяцца! Калі ўжо ты кіраўніком прызначан, Дык на пасту трымайся, каля пульта. Тым болей — час цяпер такі гарачы!.. У зводку — знай — куды паставіць нуль той? Ці ў вас «нуль цэлых» ці ў вас «нуль дзесятых»? Пад кіпцікам усё ў маленькай коскі: Пасунь яе направа — і дахаты! I сто працэнтаў! I спраўляй дакоскі! А тут яшчэ і гонар, і пашана. «Вось гэта ўпаўнаважаны!» — сказалі б. Скакаў дарадца па куп'і імшаным, Ляцелі скараходамі сандалі. І ад разваг салодкіх астывала І бралася мітрэнга на запоры, Што зводку ўраз не вывернуў з правала, Бо не застаў віноўніка ў канторы.
А старшыня тым часам, забарсаўшы Яшчэ з начы адмочаныя лапці, Замест прамоў на рукі папляваўшы, Сваю касу мянташкаю крылаціў. Каб лётала ў руках, нібы пушынка, І пяткавала і наском галіла У кожнага: хто мацаваўся шынкай І хто нішчымнай бульбай клікаў сілу. З касой — яно фацэція такая: Калі не ў лад мянташкаю памажаш, Дык самаго пад корань падсякае — За дзень прыб'ешся і ў пракосе ляжаш. Ты на яе не насядай мядзведзем — Не дугі гнеш, каб жыліцца ўсім целам: На касаўі далёка не заедзеш — Касу тачы, каб брала і хацела! А перад гэтым адкляпаць на бабцы Яе прыладзь, каб лопавак на джала — На валасок ляза — праз хапцам-лапцам З-пад малатка твайго не наскакала...
Той надвячорак ходзіць пагалоскай, Што ў лузе свята будзе на дасвецці: Сталёвы звон вяселіцца над вёскай I ластавак лякае з-пад павецяў. Паслухаеш — і нібы ўсе суседзі Раскажуць — цераз хаты і парканы, Хто заўтра з чым на сенажаць паедзе, З якой абновай у пракосы стануць. Вунь Сілівею і шасцёркі хопіць, Якім — заядлы: ён мятроўку клепе, А там — акосак б'е Яўсееў хлопец: Адзін пруток, а джгае — нельга лепей! Нібы знаёмцаў даўніх павітанні, З канца ў канец — над вёскай перазвоны. I раптам нетутэйшым сакатаннем Ускочыў нехта ў гутарку з разгону. Усе, як па камандзе, пазмаўкалі, У сто пытанняў цішыня трубіла. І толькі «Хто такая?», «Хто такая?» Гугнявіў дзесьці малаток-дзяўбіла. Нібы з сяла далёкага нявестка — Людзям нязвычна і самой няёмка — Не ў меру бойка і злякана-рэзка Наўспешкі гаманіла незнаёмка. Ды ўжо і тут лавіліся на вуха Адзнакі чысціні і загартоўкі. Адкуль жа ты ўзялася, сакатуха? Па голасу — дык пэўна што літоўка. Зрэдчас такія з Вільні дападалі — Каму Абром, а хто і сам прывозіў: Як быццам не старэлі — і з гадамі Яшчэ ямчэй рабіліся ў пракосе. Каса ўжо дык каса!.. Ды годзе слухаць! Дазнаем заўтра, што там за літоўка: Пабачым у рабоце маладуху — Вось там няхай усё і скажа толкам. І зноўку малаткі загаманілі, Бо ўжо расой запахла ў агародзе І ноч паціху развінае крылле,— А выспацца перад касьбой не шкодзіць!..
Яшчэ і птушкі не прыспалі вока, І дым начлежны не паспеў асесці, A ўжо ў чырвоным ложку светлабока Дзень павярнуўся там, за лесам дзесьці. І ўжо на хмарцы страпянуўся сонна Не, не праменьчык — толькі прадчуванне, І ўскочыў певень: «Не праспаць бы сонца!», Ды зноў прыціх пад жонак чартыханне. І ўжо святлеюць зорныя валокны, I ціха размываецца трымценне, I ўжо ca сцен прабельваюцца вокны, І з палісадаў адступае цемень. Кусты бяруцца просінню на ўзвалах, Ірвуцца з чарнаты, як з путаў вязні, А на сырых балоцістых прагалах Туман таўчэцца, быццам пара ў лазні. Праз гарлавіны вузкіх расцяробаў Паціху выпаўзае да выжарын, Нясе перадсвітальную аздобу — Расы мільёнасонцую цяжарнасць. Пластуецца туман і асядае. Вось-вось зайграе буйна-золкі россып, I ў перамешку з небам — маладая — Трава жахнецца зелена пад косы. Смялей, смялей, крутога дня хаўруснік, Смялей, праменьчык, сонечная птушка! Пад дзюбкай шкарлупіна ночы хрусне, I на разломе ўсход успыхне стужкай.
1 ... 4 5 6 7 8 9 10 11 12 ... 51
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)