Маўчанне травы: Паэма лёсу
- Автор: Зуёнак Васіль
- Год: 1980
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Прочая поэзия
Электронная книга - «Маўчанне травы: Паэма лёсу». Краткое содержание книги:
Гэты твор пра лёс чалавека, селяніна, які праз усё жыццё нясе праўду сваёй мірнай працы, праўду хлеба. Нялёгкі і няпросты шлях героя, як нялёгкая і няпростая сама гісторыя, на скрыжаваннях якой — часцінкай народа — жыве невялікая беларуская вёсачка Ўзбор'е.
Перейти на страницу:
Бяроза, бярэзінка,
Белая сярэдзінка,
Ветрам нахілёная,
Сонцам зелянёная.
Дарога, дарожанька,
Лятуць самі ножанькі,
Лятуць не спыняюцца,
Нясуць не стамляюцца.
Водзіць Веснагорка карагод,
Толькі песня сёння як чужая...
«Што ж ён, дзе збіраецца народ,
Што ж мяне зусім не заўважае?..»
Бяроза крылатая
З дарогаю сватала.
Бяроза-патайніца,
Ці станеш вяртальніцай?
Дзяўчына, дзяўчыначка,
Куліна, Куліначка,
Хлопцы заглядаюцца,
Сэрца захлынаецца...
«Ці мне людзі, ці мне цэлы свет
Сталіся б зламоўнай перашкодай?..
Страшна як, што з'едлівы твой смех
Абарве надзею назаўсёды...»
На Кулінку пазіраў тайком,
Праклінаў пакутную нясмеласць.
Быццам зноў рабіўся юнаком
I не ўсё згарэла-адбалела.
Веснагорка... Салаўіны чад...
Ці ты знала-ведала, Кулінка,
Як няўзнак адстанеш ад дзяўчат
Усяго на нейкую хвілінку,
На той самы момант, каб Васіль
Да рукі рукою дакрануўся
I знямелы — раптам, назусім,
Назаўсёды — свет перавярнуўся!..
— Аддэхнеш, як здэхнеш! —
Крычаў палячок.—
Не ў келіху грэх наш,—
I ладзіў смычок.
Пан Цяцерскі лад у скоках знаў,
Бо на ўсю акругу быў маэстра.
У маёнтку, пры двары, іграў,
Аж пакуль той двор ушчэнт не трэснуў.
Адгуляў сваё, адсмакаваў
Свет стары пад скрыдлам маткі боскай.
Адыходны марш адсмыкаваў
Пан Цяцерскі і пайшоў па вёсках.
Дзе вяселле, хрэсьбіны, кірмаш —
Не з апошніх там яго пасада:
Чарку выстаў ды смычок падмаж —
І скачыце, госцейкі, да ўпаду!
Рэжа, бо стамляцца не прывык,
«Юрачку», «Лявоніху», «Трасуху».
A ў самога вусы — хоць на смык —
Рыжай шчэццю падпіраюць вуха.
Пан Цяцерскі!.. Так сябе любіў
Велічаць маэстра пры народзе.
I хоць корань прашчурскі згубіў,
А з-пад Вільні,— значыць, пан, і годзе!
Ды не лез вышэй за мужыка
І не дужа тлусты меў кавалак...
… Лётае над струнамі рука,
Каб тры дні вяселле шыкавала.
А з маэстрам побачкі сядзіць —
У жалейку жаліцца Аніска —
І відушча ўпоцемку глядзіць
На прыскокі з гэпаннем і віскам.
Жанішок, вясёлы зух,
Каго садзіш на кажух?
Міла з прыгажэйшаю,
А мілей з дужэйшаю.
Прыгажэйшая збяжыць —
Зух на печы ляжыць,
А з дужэйшай прыпячэ —
Дык і зух уцячэ!
Так вірыла хата і гула,
Быў не скуп Васіль на частаванні:
Пяць разоў сядалі да стала —
Прамачыць задуху ад гуляння.
Пяць разоў па пяць браціна ўкруг
Завітала да гасцей з паклонам.
Хто стараўся — ды яшчэ за двух —
Быў травой пад тынам паланёны.
Хто да конца келіх прыгубляў —
Той і ў скоках быў і ў песнях здораў!
Хто ашчадзіў — той, лічы, губляў,
Хто не піў — той сам сабе быў вораг.
Любаваўся ціхенька Васіль
На Кулінку і не мог паверыць,
Што вясна і шчасце назусім
З ім вось тут, і не ўцячэ за дзверы.
А вясна хінулася шчакой
Да пляча і позірк не ўзнімала,
Калі ўсё застолле талакой
«Горка!», «горка!» маладым гукала...
Саладзей жа, чара, саладзей!
Налівайся сокам спелых вішняў,
Закрывай туманам ад людзей
Свет, дзе толькі Ён адзін не лішні.
А з вяселля раненька
Заіграла сонейка,
У чыстых росах памылася,
У густых лозах сушылася.
Заіграла весела
Ды над нашай песняю,
Ды над вашай ніваю,
Каб была ўрадлівая,
Ды над вашай доляю,
Каб цвіла шчаслівая!
Ах, сонца, сонца світальнае,
Ах, чарачка развітальная...
Выйшла з хаты песня на сяло:
«А дадому, госцейкі, дадому...»
І хоць ногі не туды вяло —
Галасы яшчэ не зналі стомы.
...Паваліў на мяжу,
А што потым — не скажу...
...За траву, траву
Трымалася,
А трава, трава
Ірвалася...
За лясамі ранак прамянеў,
Залачаў у аблачыннай гронцы...
I было далека да мяне,
Як далека мне да зор і сонца...
Перейти на страницу: