Беларусь пад нямецкай акупацыяй
- Автор: Туронок Юрий
- Язык: белорусский
- Жанр: История
Электронная книга - «Беларусь пад нямецкай акупацыяй». Краткое содержание книги:
Мясцовыя нямецкія ўлады былі слаба зарыентаваныя ў нацыянальнай спэцыфіцы літоўска-беларускіх земляў. У першыя месяцы акупацыі гэтая акалічнасьць тармазіла пачынаньні «Беларускага камітэту дапамогі ахвярам вайны». Як сьведчыць дзяячка гэтага камітэту Юліяна Мэнке (пасьля вайны — Дубейкаўская, псэўданім — Кветка Вітал), нямецкія вайсковыя ўлады ў Вільні
…ведалі палякаў, расейцаў, габрэяў, часткаю — літоўцаў, але беларусы былі для іх нечым новым. Колькі мэмарыялаў з гістарычнымі тлумачэннямі трэба было апрацаваць, каб абгрунтаваць жаданьні і патрэбы беларусаў!
Прызнаньне немцамі нацыянальнай адметнасьці беларусаў і раўнапраўнага існаваньня беларускай мовы побач зь іншымі мовамі Обэр Осту мела істотнае значэньне для абуджэньня культурна-асьветнай працы. 15.2.1916 г. у Вільні пад рэдакцыяй В. Ластоўскага (зь лета 1917 г. — пад рэдакцыяй Я. Салаўя) пачала выходзіць беларуская газэта «Гоман», якая друкавалася два разы на тыдзень. Яна прапагандавала ідэю незалежнасьці літоўска-беларускіх земляў у выглядзе новага Вялікага Княства Літоўскага, зьмяшчала распараджэньні акупацыйных уладаў, гістарычныя матэрыялы, літаратурныя творы і інш. Да 1918 г. гэта была адзіная беларуская газэта на землях Обэр Осту.[23] Намаганьнямі камітэту 1.6.1916 г. у Вільні быў адчынены так званы Беларускі клюб, у рамках якога арганізавалі аматарскі тэатар, у лютым 1917 г. ён ужо меў сцэну ўва ўласным распараджэньні. У Вільні да таго ж адкрылася беларуская бібліятэка, кнігарня, каапэратыўнае таварыства «Раніца», дзіцячы прытулак «Золак», паступова разьвівалася выдавецкая дзейнасьць, асабліва ў галіне падручнікаў і школьнай літаратуры. У 1918 г. было выдадзена 28 беларускіх кніжак, супраць 7, што выйшлі ў 1916 г.
Асабліва вялікія цяжкасьці выпалі на долю беларускага школьніцтва, якое не існавала з часоў расейскага панаваньня і цяпер павінна было стварацца спачатку. Найважнейшай праблемай была нястача настаўнікаў, большай часткаю мабілізаваных або эвакуяваных у Расею. Таму ўлады Обэр Осту прынялі рашэньне адкрыць беларускую настаўніцкую семінарыю ў Сьвіслачы, што на Гарадзеншчыне, дзе на колькімесячных курсах[24] павінны былі атрымаць падрыхтоўку новыя кадры. Цяжка аказалася знайсьці выкладчыкаў, таму заняткі ў сэмінарыі пачаліся толькі 15.10.1916 г. і працягваліся да 15.11.1918 г. Дырэктарам яе быў анямечаны сылезец Бэндзеха, а выкладчыкамі, між іншым, Б. Пачобка і Квяцінскі, часова — прафэсар Рудольф Абіхт[25] з Браслаўскага ўнівэрсытэту. У выніку, тут атрымалі падрыхтоўку 144 настаўнікі беларускіх школаў. Пэўная палёгка надышла ў 1918 г., калі вярнулася на радзіму частка мабілізаваных ці эвакуяваных пэдагогаў.
Па меры таго як вырашаліся элемэнтарныя кадравыя праблемы, разьвівалася сетка беларускіх пачатковых школаў. Паводле афіцыйных нямецкіх зьвестак, яшчэ ў кастрычніку 1916 г. на ўсёй тэрыторыі Обэр Осту дзейнічала ўсяго 8 такіх школаў, ужо ў сьнежні 1917 г. іх колькасьць узрасла да 50, а вясною 1918 г. дасягнула 89. У большасьці сваёй яны месьціліся на тэрыторыі Беластоцка-Гарадзенскай акругі, дзе вясной 1918 г. дзейнічала ўжо 79 беларускіх школаў. Іх доля ў агульнай лічбе школаў Обэр Осту (без Курляндыі) складала толькі 6,5 %, а ў Беластоцка-Гарадзенскай акрузе — 21,2 % (гл. табл. 2). Такім чынам, гэты ўдзел быў нашмат ніжэйшы за агульны працэнт беларускага насельніцтва на ўпамянутых землях.
Віною таму быў ня толькі недахоп настаўнікаў, але і пазыцыя польскага каталіцкага духавенства. Яно працівілася адкрыцьцю школаў на роднай мове для беларускіх дзяцей-каталікоў. Спробы нямецкіх уладаў адчыніць беларускія школы былі сустрэты рашучым супрацівам большасьці ксяндзоў, якія выкарыстоўвалі з гэтай мэтай разнастайныя санкцыі: не дапускалі да споведзі і прычасьця бацькоў, што пасылалі сваіх дзяцей у беларускія школы, або і саміх вучняў. Ксяндзы звычайна адмаўляліся выкладаць рэлігію па-беларуску і забаранялі дзецям карыстацца падручнікамі катэхізісу на гэтай мове. Паводзіны кліру ў гэтай справе, з традыцыйным трактаваньнем беларусаў каталіцкага веравызнаньня як палякаў, а праваслаўнага — як расейцаў, мелі выразны палітычны характар, яны выяўлялі імкненьні большасьці палітычных груповак у Польшчы да фэдэралізацыі або анэксіі беларускіх земляў. З прычыны супраціву духавенства да вясны 1918 г. у каталіцкіх асяродках Обэр Осту было створана ўсяго толькі пяць беларускіх школаў, пераважная іх большасьць узьнікла сярод праваслаўнага насельніцтва, якое складала каля 60 % беларускамоўнай масы на гэтай тэрыторыі і ўхваляла школы на роднай мове. Паводле сьведчаньняў Цэмке, нямецкія ўлады ў Беластоцка-Гарадзенскай акрузе часам ішлі насуперак інструкцыям, даючы згоду на адкрыцьцё польскіх школаў для беларусаў-каталікоў пасьля іх настойлівых пісьмовых хадайніцтваў.
23
Газэта «Grodnoer Zeitung», якая выдавалася для жыхароў Беластоцка-Гарадзенскай акругі, у 1916 г. выходзіла на трох мовах: расейскай, польскай і габрэйскай, але не па-беларуску. Урадавы «Befehls-und Verordnungsblatt» зьмяшчаў тэксты на літоўскай, латыскай і польскай мовах, аднак не на беларускай. Напэўна, такая сытуацыя тлумачылася адсутнасьцю перакладчыкаў зь нямецкай на беларускую мову.
24
Для першага набору слухачоў курсы былі трохмесячныя, для наступных — шасьцімесячныя.
25
Абіхт Рудольф (1850–1921) — нямецкі славіст, прафэсар Уроцлаўскага (Брэслаўскага) унівэрсытэту. Дасьледаваў беларускую мову і літаратуру, спрыяў адраджэньню беларускага пісьменства. — А. П.