Беларусь пад нямецкай акупацыяй
- Автор: Туронок Юрий
- Язык: белорусский
- Жанр: История
Электронная книга - «Беларусь пад нямецкай акупацыяй». Краткое содержание книги:
Такім чынам, улады Обэр Осту апынуліся перад праблемай кіраваньня шматнацыянальным рэгіёнам, дадатковую спэцыфіку якога складала абумоўленая гістарычна дамінацыя польскай культуры на беларуска-літоўскіх землях і нямецкай — у Курляндыі. Маладыя літоўская, латыская і беларуская культуры, якія разьвіваліся ў цені гэтых старых культураў, былі яшчэ слабыя, а іх грамадзкае значэньне — непараўнальнае зь пераважным удзелам гэтых нацыянальнасьцяў у насельніцтве Обэр Осту. Паводле зьвестак дасьледчыка гісторыі школьніцтва за акупацыйны пэрыяд Ганса Дамне, спробы літоўскай інтэлігенцыі па стварэньні сучаснай літаратурнай мовы былі тады яшчэ ў пачатковай стадыі і не знаходзілі водгуку сярод мясцовага сялянства, якое не разумела штучных моўных нэалягізмаў і высьмейвала іх. Гэткія самыя цяжкасьці перажывала ў сваім разьвіцьці і беларуская мова і літаратура.
Імкнучыся вырашыць складаную моўную праблему, акупацыйныя ўлады прынялі за прынцып аднолькавае стаўленьне да ўсіх нацыянальнасьцяў. Гэта было зьвязана, напэўна, з намечанай у першай фазе вайны анэксіяй усёй тэрыторыі Обэр Осту, бо наданьне прывілеяў нейкай адной нацыі зь нямецкага гледзішча было б нявыгадна. У выніку, для ўсіх нацыянальнасьцяў у роўнай меры меў дачыненьне ўказ аб забароне ўсялякай палітычнай дзейнасьці, выдадзены Гіндэнбургам 28.7.1915 г., гэтак жа, як і дазвол уладаў на функцыянаваньне камітэтаў дапамогі ахвярам вайны. Да сярэдзіны 1917 г. яны былі адзінай легальнай формай грамадзкай дзейнасьці мясцовага насельніцтва. Гэтыя камітэты выконвалі таксама ролю нефармальных прадстаўніцтваў паасобных нацыянальнасьцяў і былі ўпаўнаважаныя даваць уладам прапановы ў сацыяльнай, асьветнай і культурнай галінах.
Прынцып аднолькавага стаўленьня да паасобных нацыянальнасьцяў Обэр Осту афіцыйна быў заяўлены ў выдадзеных Гіндэнбургам 22.12.1915 г. асноўных дырэктывах, якія датычылі арганізацыі школьніцтва, а таксама — у інструкцыі ад 16.1.1916 г. У іх забаранялася весьці ў пачатковых школах навучаньне па-расейску і ўводзілася абавязковае выкладаньне на роднай мове. Такі парадак павінен быў захоўвацца і пры вывучэньні рэлігіі. Інструкцыі прадугледжвалі для ўсіх школаў абавязковае вывучэньне нямецкай мовы ў ступені, дастатковай для авалоданьня яе вуснай і пісьмовай формамі. Затое ня ўводзілася абавязковага наведваньня школы, што выключала прымусовае навязваньне дзецям навукі на мове, якую іх бацькі ўважалі за непажаданую. У імя ажыцьцяўленьня прынцыпу раўнапраўя ўсім нацыянальнасьцям Обэр Осту была дазволена культурная дзейнасьць і выданьне газэт на роднай мове. Выдаваліся дзьвюхмоўныя пашпарты: нямецка-латыскія, нямецка-літоўскія, нямецка-польскія і нямецка-беларускія — адпаведна па акругах.
У новай сытуацыі магчымасьці беларускай грамадзка-культурнай працы напачатку былі вельмі абмежаваныя. Прычынай была вайсковая мабілізацыя, а таксама эвакуацыя насельніцтва, якая ахапіла большую частку дзеячаў беларускага руху, у глыб Расеі. Створаны ў сакавіку 1915 г. «Беларускі камітэт дапамогі ахвярам вайны» ў Вільні пасьля эвакуацыі яго старшыні Вацлава Іваноўскага працягваў ува ўмовах нямецкай акупацыі сваю дзейнасьць пад кіраўніцтвам Антона Луцкевіча. Увосень 1915 г. ён згуртаваў вакол сябе невялікую груцу застаных дзеячаў, сярод якіх найбольшую ролю адыгрывалі Францішак Аляхновіч, Алёйзія Пашкевіч-Кайрыс, Вацлаў Ластоўскі, Іван Луцкевіч, Вінцэнт Сьвятаполк-Мірскі, Юліяна Мэнке, Баляслаў Пачобка, Язэп Салавей і ксёндз Уладзіслаў Талочка. Асабліва цяжкая кадравая сытуацыя была ў правінцыі.
Яшчэ ў першыя месяцы акупацыі, перад выхадам указаньняў Гіндэнбурга, камітэт арганізаваў у Вільні настаўніцкія курсы, потым, у канцы 1915 г., адкрыў першую ў гісторыі і адзіную ў той час беларускую народную школу.[21] У гэты пэрыяд стараньнямі польскага Камітэту адукацыі ў Вільні былі адчынены 4 польскія гімназіі, 8 прагімназій 30 пачатковых школаў, а таксама сотні школаў у правінцыі,[22] створаных, між іншым, для беларускіх дзяцей. Гэтае параўнаньне яскрава адлюстроўвала розьніцу інтэлектуальнага і матэрыяльнага патэнцыялу палякаў і беларусаў. Не былі таму перабольшаньнем словы Людэндорфа, які пісаў:
Беларус не ўваходзіў у разьлік. Палякі пазбавілі яго нацыянальнасьці, не даючы нічога ўзамен. Восеньню 1915 г. я хацеў зарыентавацца ў расьсяленьні беларусаў. Але напачатку знайсьці іх было літаральна немагчыма. І толькі пазьней высьветлілася, што гэта вельмі пашыраны народ, зьнешне, аднак, спаланізаваны і такі адсталы культурна, што дапамагчы яму можна толькі доўгатрывалай дзейнасьцю.
21
Першая беларуская народная школа была заснаваная ў Вільні на Лукішках 13 лістапада 1915 г. 15 сьнежня пачала працаваць школа на Антокалі. У стадыі падрыхтоўкі да працы знаходзілася па стане на 15 сьнежня школа на Сьніпішках. 15 сьнежня пачалі працаваць 6-тыднёвыя настаўніцкія курсы на Лукішках (у тым памяшканьні, дзе і першая школа). — А. С.
22
Паводле Цэмке, толькі ў адной Беластоцкай акрузе існавала 417 польскіх пачатковых школаў, створаных без папярэдняга ўзгадненьня зь нямецкімі ўладамі.