Беларусь пад нямецкай акупацыяй
- Автор: Туронок Юрий
- Язык: белорусский
- Жанр: История
Электронная книга - «Беларусь пад нямецкай акупацыяй». Краткое содержание книги:
Узьнікненьне беларускага нацыянальнага руху выклікала шматлікія і разнастайныя водгукі польскіх, расейскіх, украінскіх і літоўскіх публіцыстаў, беспасярэдне зацікаўленых яго пэрспэктывай і вынікамі. Але для Нямеччыны гэтае пытаньне было занадта далёкае і нязначнае, таму перад Першай сусьветнай вайной там не зьявілася аніводнай кнігі ці якой-небудзь саліднай публікацыі, прысьвечанай Беларусі і яе праблемам.[14] У нямецкіх навуковых і палітычных колах гэты край звычайна трактавалі як гаспадарна і культурна адсталую частку Расеі, якая вылучалася толькі сваёй этнічнай спэцыфікай.
Выбух сусьветнай вайны значна павялічыў цікавасьць нямецкіх гісторыкаў і публіцыстаў да праблем нерасейскіх народаў Расеі. У 1915–1916 г. у Нямеччыне заявіўся шэраг працаў, дзе аўтары разглядалі разнастайныя канцэпцыі выкарыстаньня Райхам вызваленчых імкненьняў палякаў, літоўцаў, латышоў, эстонцаў, фінаў і нават украінцаў. Аднак усьцяж яны не выказвалі зацікаўленьня беларусамі. У 1915 г. Экегард Остман акрэсьліў іх як люд сялянскі і работніцкі, бяз годнай увагі інтэлігенцыі, наймацней сярод усіх астатніх народаў параднёны з расейцамі, у сувязі з чым ня бачыў рэальных магчымасьцяў узьнікненьня сярод іх сэпаратысцкіх тэндэнцыяў.
Шырэй за немцаў займаліся беларускай праблематыкай у Нямеччыне і Аўстрыі польскія і ўкраінскія публіцысты, спрабуючы аказаць уплыў на грамадзкую думку і ўрадавыя колы цэнтральных дзяржаў[15] у напрамку сваіх палітычных інтарэсаў. І калі Леан Васілеўскі прадстаўляў беларусаў як «бясформенную этнаграфічную масу», а беларускі рух — як зьяву, што ня мае ніякага палітычнага значэньня, зьвязваючы пры гэтым вырашэньне лёсу Беларусі з апорай на польскае насельніцтва і прыхільнае да польскасьці беларускае каталіцкае жыхарства, дык украінскі публіцыст Стэфан Руднянскі падкрэсьліваў дадатныя рысы гэтага руху, вылучаючы на першы плян разьвіцьцё літаратуры і абуджэньне беларускіх сялянскіх масаў да самастойнага нацыянальнага жыцьця. Крыніцай зьвестак пра Беларусь былі таксама бэрлінская «Polnische Blatter» і венскі тыднёвік «Роlеn».
Аднак найважнейшым фактарам, якім тлумачылася невялікае зацікаўленьне нямецкіх аўтараў беларускім пытаньнем, была пазыцыя ўрадавых колаў Райху, што грунтавалася на іх стасунках з Расеяй і вызначаных ваенных мэтах. Імкнучыся стварыць новыя суадносіны сілаў і дасягнуць палітычнага і эканамічнага дамінаваньня ўва Усходняй Эўропе, нямецкі імпэрыялізм не выпускаў з поля зроку сваіх эканамічных інтарэсаў у Расеі і ня траціў надзеі на пашырэньне гаспадарчых стасункаў з гэтай краінай пасьля вайны. Гэтая акалічнасьць мела вялікае значэньне, асабліва для нямецкай прамысловасьці, для якой расейскі рынак збыту ўяўляў шматабяцальны шанец разьвіцьця. У выніку, эканамічны фактар супрацьдзейнічаў імкненьням да празьмернага аслабленьня і разьдзяленьня Расеі і ўплываў на зацікаўленасьць ураду Райху ў як мага хуткім дасягненьні зь ёю мірнага пагадненьня.
Пры такім становішчы ў першай фазе вайны, асабліва пасьля наступленьня расейскіх войскаў ува Усходняй Прусіі ў 1914 г., урадавыя колы нямецкага Райху хоць і спадзяваліся адсунуць Расею ад сваіх усходніх межаў і стварыць для гэтага буфэрную польскую дзяржаву, а таксама анэксаваць Літву і Курляндыю, аднак далей гэтых захопніцкіх плянаў ня ішлі. Такія намеры меліся быць, як прынята лічыць, досыць памяркоўныя і прымальныя для расейскага боку ў часе мірных перамоў.[16] Такім чынам, Беларусь, як, зрэшты, Украіна, Латгалія і Эстонія, заставалася па-за абсягам нямецкіх тэрытарыяльных дамаганьняў, таму не бралася пад увагу канцэпцыя беларускіх адраджэнцаў аб стварэньні залежнай ад Нямеччыны буфэрнай беларускай дзяржавы і выкарыстаньні для гэтай мэты беларускага нацыянальнага руху.[17] Такім чынам, слабасьць гэтага руху была важным, але не вызначальным фактарам, што прычынілася ў недастатковай зацікаўленасьці нямецкага Райху беларускім пытаньнем. Адначасова Нямеччына не зьбіралася выкарыстоўваць сэпаратысцкіх тэндэнцыяў літоўцаў, мацнейшых за тыя, што дзейнічалі сярод беларусаў, бо гэта вынікала з вышэйшых мэтаў нямецкай палітыкі, якой у дадзеным выпадку была анэксія Літвы. Згодна з такімі палітычнымі меркаваньнямі разьвіваўся наступ нямецкіх войскаў на Усходнім фронце. Летам 1915 г. яны занялі Каралеўства польскае, Літву і Курляндыю, дасягнуўшы пад канец верасьня лініі Дзьвінск — Браслаў — Паставы — Смургоні — Баранавічы — Пінск — Луцак, пасьля чаго наступіла спыненьне ваенных апэрацыяў, якое працягвалася на ўсходзе аж да 18.2.1918 г. Такім чынам, на працягу двух год і пяці месяцаў нямецка-расейскі фронт падзяляў Беларусь на дзьве часткі. Паводле беларускага гісторыка Вадзіма Круталевіча пад нямецкай акупацыяй заставаліся яе заходнія землі плошчаю 50 тыс. кв. км, што складала прыкладна 25 % сучаснай тэрыторыі Беларусі.
14
Першая кніжка, прысьвечаная Беларусі, — «Weissruthenien Land — Bewohner — Geschichte — Volkswirtschaft — Kultur — Dichtung» пад рэдакцыяй Вальтэра Егера (Walter Jager), — зьявілася ў Бэрліне толькі ў 1919 г. і практычна амаль цалкам абапіралася на матэрыялы, атрыманыя ў часе акупацыі.
15
Гаворка пра Нямеччыну і Аўстра-Вугоршчыну. — А. С.
16
Варта адзначыць, што ў жніўні — верасьні 1914 г. канцлер Райху Тэабальд фон Бэтман Гольвэг прызнаваў неабходнасьць ліквідацыі панаваньня Расеі над нерасейскімі народамі і лічыў, што мэтазгодна стварыць паміж Нямеччынай і Расеяй шэраг буфэрных дзяржаваў. Аднак гэтыя погляды не распаўсюджваліся на Беларусь.
17
На жаль, аўтар не пацьвярджае дакумэнтальна, хто зь беларускіх адраджэнцаў і калі распрацаваў канцэпцыю стварэньня залежнай ад Нямеччыны буфэрнай беларускай дзяржавы. — А. С.