Беларусь пад нямецкай акупацыяй
- Автор: Туронок Юрий
- Язык: белорусский
- Жанр: История
Электронная книга - «Беларусь пад нямецкай акупацыяй». Краткое содержание книги:
Увосень 1915 г. на частцы занятых паўночна-ўсходніх земляў быў створаны вайсковы адміністрацыйны абшар Обэр Ост, які ўзначаліў шэф генэральнага штабу генэрал Эрых Людэндорф пад агульным кіраўніцтвам камандуючага Ўсходнім фронтам фэльдмаршала Паўля фон Гіндэнбурга. Абшар гэты, плошчаю 109 тыс. кв. км, пасьля неаднаразовых зьменаў унутранай адміністрацыйнай структуры вясной 1917 г. падзяляўся на тры адзінкі: Літву, Курляндыю і Беластоцка-Гарадзенскую акругу, якой прызначалася роля сувязнога зьвяна паміж Прыбалтыкай і Польшчай. У межах гэтай акругі апынулася трэцяя частка акупаваных беларускіх земляў плошчаю каля 17 тыс. кв. км. На адрэзку ад ваколіц Ліды да Браслава ўсходняя мяжа Обэр Осту супадала, зь невялікімі адхіленьнямі, з сучаснай граніцай Літвы і Беларусі.[18]
Усходняя мяжа Обэр Осту супадала з засягам нямецкіх тэрытарыяльных дамаганьняў у Расеі. Разам з усходняй граніцай запраектаванай польскай дзяржавы яна павінна была разьдзяліць тэрыторыі панаваньня Расеі і Нямеччыны. Рэштка акупаваных беларускіх земляў плошчаю каля 33 тыс. кв. км уваходзіла ў склад апэрацыйнай паласы войска паміж граніцай Обэр Осту і лініяй нямецка-расейскіх акопаў. Да гэтых земляў урадавыя колы Райху ня мелі анэксійных намераў. Яны павінны былі адыграць ролю разьменнай пазыцыі ў будучых мірных перамовах і вярнуцца да Расеі пасьля адмаўленьня апошняй ад прэтэнзій на землі, далучаныя да Обэр Осту.[19]
Урадавая пазыцыя Райху ў гэтай справе заставалася нязьменнай прыкладна да капца 1916 г. Аб гэтым сьведчыць выказваньне канцлера Тэабальда фон Бэтман Гольвэга ад 23.11.1916 г., у якім ён акрэсьліў ваенныя задачы Нямеччыны наступным чынам:
Прызнаньне новага Каралеўства польскага, саступка земляў Курляндыі і Літвы і ўсталяваньне з стратэгічных меркаваньняў супольнай мяжы нямецкіх (г. зн. Обэр Осту. — Ю. Т.) і польскіх тэрыторый з Расеяй.
Гэтая пазыцыя часткова зьмянілася пасьля Лютаўскай рэвалюцыі ў Расеі. Як паказвае пратакол парады Бэтмана Гольвэга зь вярхоўным вайсковым камандаваньнем, якая адбылася 23.4.1917 г. у Бад-Кройцнаху, у гэты час разглядалася магчымасьць пашырэньня тэрытарыяльных набыткаў Нямеччыны ў Прыбалтыцы (Латвія, Эстонія), але не прадбачылася зьмены ўсходняй мяжы Обэр Осту. У зьмене гэтай мяжы Нямеччына не была зацікаўлена і на берасьцейскіх перамовах. Такім чынам, апроч далучаных да Обэр Осту земляў, што месьціліся ў трыкутніку Горадня — Ліда — Берасьце і складалі каля 8 % цяперашняй тэрыторыі Беларусі, акупацыю беларускіх земляў немцы ўважалі за часовую зьяву.
Такая пазыцыя нямецкага ўраду выключала існаваньне якіх-небудзь маштабных палітычных канцэпцыяў, як, напрыклад, стварэньне незалежнай беларускай дзяржавы, канфэдэрацыю Літвы і Беларусі ці улучэньне або фэдэралізацыю беларускіх земляў з Польшчай. Таму большасьць занятых немцамі беларускіх земляў павінна была вярнуцца да Расеі; стасоўна ж той часткі, што далучылася да Обэр Осту, існавалі разнастайныя праекты. Спачатку яна павінна была далучыцца да Райху, у 1917 г. — да Літвы, у 1918 г. — да Украіны (частка Беластоцка-Гарадзейскай акругі), і, нарэшце, вясною 1919 г. яе аддалі Польшчы. У такім становішчы, апрача імкненьняў да максымальнай эксплуатацыі гаспадаркі, характэрнай, дарэчы, для ўсіх акупаваных тэрыторый, паводзіны нямецкіх акупацыйных уладаў абмяжоўваліся фактычна рэалізацыяй вышэй акрэсьленай нацыянальнай палітыкі.
З гэтага гледзішча па тэрыторыі Обэр Осту панавалі вельмі адрозныя ўмовы. Паводле дадзеных перапісу 1897 г., якімі карысталася нямецкая адміністрацыя, 34,4 % жыхароў гэтага абшару складалі літоўцы, 20,8 % — беларусы, 13,5 % — габрэі, 11,8 % — палякі, 10,5 % — латышы, 6,2 % — расейцы і 2,5 % — немцы (гл. табл. 1). Каля 2/3 ад усяго беларускага насельніцтва Обэр Осту прыпадала на Беластоцка-Гарадзенскую акругу, дзе яно складала абсалютную большасьць (56,0 %). Аднак дадзеныя перапісу ў часе вайны не адлюстроўвалі фактычнага стану галоўным чынам таму, што ня ўлічвалі істотных дэмаграфічных зрухаў, якія адбыліся за гэты пэрыяд. А між тым з 1897 па 1914 г. агульная колькасьць жыхароў краю ўзрасла на 30 % — да 5,8 млн.,[20] пасьля чаго, у выніку эвакуацыі ў глыб Расеі ў 1915 г., паменшала напалову і ў 1916 г. складала 2,9 млн. У яшчэ большай ступені зьменшылася колькасьць праваслаўнага насельніцтва, і працэнт беларусаў ад агульнай лічбы жыхароў Обэр Осту ў выніку быў, напэўна, ніжэйшы, чым у 1897 г.
18
Выкарыстаны ў тэксьце тэрмін «беларускія землі» датычыць толькі тэрыторыі сучаснай Беларусі і не ўлучае ў сябе земляў, што ўваходзяць цяпер у склад Польшчы (паветы Беластоцкі, Бельскі, Сакольскі, а таксама частка Ваўкавыскага і Гарадзенскага). У такім самым значэньні ўжывае яго і В. Круталевіч. Тым ня менш мы разумеем усю яго ўмоўнасьць: улучаныя ў склад Польшчы землі належаць да зоны кампактнага пражываньня беларусаў. Паводле падлікаў аўтара, з агульнай плошчы Беластоцка-Гарадзенскай акругі, улучанай у склад Обэр Осту (2664 тыс. км кв.), на тэрыторыю Польшчы прыпадала каля 9,2 тыс. км кв., а на Беларусь — каля 17,2 тыс. км кв.
19
Паводле арт. 4 Берасьцейскага трактату, акупаваныя беларускія землі, разьмешчаныя на ўсход ад Обэр Осту, павінны былі далучыцца да Расеі пасьля заключэньня ўсеагульнага міру і дэмабілізацыі расейскай арміі, аднак у дадатковай умове нямецка-расейскай дамовы ад 27.8.1918 г. прадугледжваўся больш раньні зварот тэрыторый на ўсход ад Бярэзіны — па меры таго як Расея будзе выконваць фінансавыя забавязаньні перад Нямеччынай.
20
Аўтарскія разьлікі зроблены на падставе статыстыкі насельніцтва Гарадзенскай, Ковенскай, Курляндзкай і Віленскай губэрняў 1896 і 1914 г.