Беларусь пад нямецкай акупацыяй
- Автор: Туронок Юрий
- Язык: белорусский
- Жанр: История
Электронная книга - «Беларусь пад нямецкай акупацыяй». Краткое содержание книги:
Палітычная сытуацыя ў Менску мянялася хутка, таму, калі нямецкія войскі ўваходзілі ў горад (25.2.1918 г.), ні бэрлінскія ўлады, ні камандаваньне 10-й арміі ня ведалі яе дакладна. Палітычнай асновай іх паводзінаў мог быць толькі Берасьцейскі трактат, у якім, аднак, беларускае пытаньне не было ўлічана. Займаючы Беларусь аж да Дняпра, немцы па-ранейшаму трактавалі яе як расейскую тэрыторыю, своеасаблівы заклад пад кантрыбуцыю памерам 6 млрд. рублёў, выплочваць якія абавязвалася савецкая Расея. Але ў Менску яны нечакана сутыкнуліся з палітычным цэнтрам, які менаваў сябе беларускім урадам. Увайшоўшы ў горад, нямецкія атрады абышліся зь ім, як з урадам варожай дзяржавы: з будынку Народнага сакратарыяту скінулі беларускі нацыянальны штандар і на яго месцы ўсталявалі нямецкі, канфіскавалі касу, такім чынам зрабіўшы немагчымай далейшую дзейнасьць гэтага органа. Неўзабаве пасьля інцыдэнту Народны сакратарыят адаслаў вышэйшым акупацыйным уладам мэмарыял, у якім, між іншым, дамагаўся тлумачэнняў іх стаўленьня да пабудовы беларускай дзяржаўнасьці.
І хоць зьмест нямецкага адказу невядомы, далейшае разьвіцьцё падзеяў сьведчыць аб тым, што стараньні беларускага Народнага сакратарыяту не былі дарэмныя. Афіцыйна не прызнаны, ён тым часам распачынае ажыўленую нарматыўную дзейнасьць. 9.3.1918 г. Выканаўчы камітэт Рады зьезду выдае ўстаўную грамату, у якой абвяшчае ўтварэньне Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР), па-ранейшаму трактаванай як частка аіульнарасейскай фэдэрацыі, і акрэсьлівае асновы яе канстытуцыі, у т. л. адмену прыватнага ўладаньня зямлёй і перадачу яе тым, хто на ёй працуе. 18 сакавіка Рада Усебеларускага зьезду абвяшчае сябе Радай БНР, куды ўваходзяць таксама прадстаўнікі нацыянальных меншасьцяў — палякаў, габрэяў, расейцаў, украінцаў, літоўцаў. Нарэшце 25 сакавіка Рада БНР выдае чарговую ўстаўную грамату, у якой праклямуе незалежнасьць Беларусі і разрыў дзяржаўных сувязяў з Расеяй, абвяшчае пры гэтым неправамоцным Берасьцейскі трактат, паводле якога беларускія землі былі падзелены на некалькі частак.
Акт незалежнасьці ад 25 сакавіка адлюстроўваў надзеі на прызнаньне Беларускай Народнай Рэспублікі нямецкім урадам і іншымі краінамі. Аднак гэты крок не прывёў да зьменаў у пазыцыі немцаў. У адказ на ноту Народнага сакратарыяту новы канцлер Райху Георг Герлінг паведаміў, што Бэрлін трактуе Беларусь як частку савецкай Расеі і, паводле Берасьцейскага трактату, ня мае права бяз згоды ленінскага ўраду прызнаць новаствораную беларускую дзяржаву. У канцы красавіка 1918 г. Рада БНР выслала кайзэру Вільгельму ІІ тэлеграму[35] з падзякай за «вызваленьне Беларусі ад чужацкага ўціску і анархіі» і просьбу «абараніць імкненьні Рады да ўмацаваньня дзяржаўнай незалежнасьці і непадзельнасьці краю ў саюзе зь нямецкім Райхам». Адказу не было. Не далі выніку і іншыя намаганьні Рады БНР у гэтай справе.
У чаканьні памыснага павароту ў вялікай палітыцы Нямеччыны і ў сьвеце не прызнаная ў Бэрліне, Рада БНР прыступіла ў паразуменьні з камандуючым 10-й арміі генэралам Эрыхам фон Фалькенгайнам да арганізацыі мясцовага апарату ўлады. Ужо 27 сакавіка была апублікавана пастанова аб перадачы пад яе кампэтэнцыю ўсіх краёвых дзяржаўных устаноў. 20 красавіка Рада выдала «часовы загад мясцовым беларускім радам», у якім акрэсьліваліся прынцыпы выбараў па вёсках, валасьцях, гарадох і мястэчках, паветах і губэрнях органаў Беларускай Народнай Рэспублікі і прыняцьця імі на сябе ўлады ад акупантаў у асобных адміністрацыйных галінах. Паводле сьцьверджаньня Круталевіча, немцы перадалі ў кампэтэнцыю Рады БНР ведамствы гандлю, прамысловасьці, асьветы, сацыяльнага забесьпячэньня і інш., якімі кіраваў Народны сакратарыят пад наглядам нямецкіх уладаў.
27.5.1918 г. Фалькенгайн прыняў прадстаўнікоў Рады БНР і Народнага сакратарыяту і выказаў ім «сымпатыі нямецкіх уладаў», паведаміў, што «акупацыйныя ўлады хацелі б бачыць у Радзе пасярэдніка паміж нямецкай адміністрацыяй і беларускім народам дзеля ўлагоджваньня — паводле магчымасьці — жыцьцёвых цяжкасьцяў, выкліканых вайной». Фалькенгайн дадаў, што дзейнасьць Рады і Сакратарыяту ў гэтым кірунку «прынясе для Беларусі ў недалёкай будучыні пазытыўныя вынікі». Гэта магло расцэньвацца як абяцаньне прызнаць БНР. У выніку 21.6.1918 г. нямецкае камандаваньне пагадзілася на стварэньне дарадчых устаноў пры павятовых камандзірах для рэгуляваньня стасункаў паміж насельніцтвам і нямецкімі войскамі.
Важнай сфэрай дзейнасьці Народнага сакратарыяту было школьніцтва. Пры Народным сакратарыяце асьветы было створана бюро па справах распрацоўкі школьных падручнікаў і таварыства «Прасьвета», якое й занялося іх выданьнем. Былі арганізаваны настаўніцкія курсы і школьная інспэкцыя, пашырылася сетка пачатковых і сярэдніх школаў. У Менску быў створаны Беларускі пэдагагічны інстытут,[36] выкладчыкамі якога былі В. Іваноўскі, Я. Карскі, Б. Тарашкевіч, У. Ігнатоўскі і інш. Рыхтавалася адкрыцьцё ўнівэрсытэту. Працавалі ў Менску Беларускі тэатар, Таварыства драмы і камэдыі ды іншыя культурныя ўстановы. Пад кантролем Народнага сакратарыяту выходзіла больш дзясятка газэт і часопісаў на беларускай мове.
35
Тэлеграму кайзэру выслала ня Рада БНР, а яе дзеячы: старшыня Рады Я. Серада, старшыня Народнага сакратарыяту Я. Варонка, сябры Рады Р. Скірмунт, А. Аўсянік, П. Аляксюк, П. Крачэўскі і Я. Лёсік. Пасьля таго, як тэлеграма была пасланая ў Бэрлін, у Радзе і Народным сакратарыяце вынік крызіс. Калі б пытаньне аб пасылцы тэлеграмы абмяркоўвалася на пленарным паседжаньні Рады, гэтая ідэя наўрад ці была б ухваленая. — А. С.
36
У верасьні 1918 г. зь Яраслаўля вярнуўся Менскі настаўніцкі інстытут. Яго далейшую дзейнасьць фінансавалі ўрад БНР і акупацыйныя ўлады. Вялася падрыхтоўка да пераўтварэньня яго ў вышэйшую навучальную ўстанову, аднак адкрыцьцё Менскага беларускага пэдагагічнага інстытуту адбылося ўжо пры бальшавіках — у канцы 1918 г. — А. С.